Эфір 17 сьнежня.
Сяргей Абламейка: У якім стане цяпер, на вашу думку, знаходзіцца беларускае кіно?
Віктар Асьлюк: Наша кіно ў такім стане, у якім яно зараз, знаходзіцца ўжо даўно. Я сёньня думаў, ці магло яно быць іншым? Я нядаўна бачыў падборку беларускіх фільмаў за 85 гадоў. Канечне, гледзячы у гэтых фільмах на добрых актораў, успамінаючы добрых рэжысэраў, можна сказаць, што настолькі яно было зьвязана, фактычна было адным цэлым з савецкім, з расейскім кіно, што можна сказаць, што да сёньняшняга дня беларускага кіно проста яшчэ няма. Проста і не было. Таму казаць, у якім стане яно знаходзіцца, дзіўна...
Абламейка: Ну а зараз бліжэй да вашай сфэры. Ці ёсьць тут розьніца, ці агулам вы падзяляеце тую ж думку і пра дакумэнтальнае кіно?
Гледзячы у гэтых фільмах на добрых актораў, успамінаючы добрых рэжысэраў, можна сказаць, што настолькі яно было зьвязана, фактычна было адным цэлым з савецкім, з расейскім кіно, што можна сказаць, што да сёньняшняга дня беларускага кіно проста яшчэ няма
Можа, таму што дакумэнтальнае кіно, як і кіно наагул зьвязана моцна з праблемамі, а ў нас яно беспраблемнае. Зьвязана з гісторыяй, а яно ў нас без гісторыі, ці проста цураецца гэтай гісторыі. Проста ніякіх зьменаў не адбылося за апошнія гады, каб сказаць, што ў нас стала кіно больш пэрспэктыўным. Я ў гэтым пэсыміст, і сёньня, можна сказаць, чорны пэсыміст.
Абламейка: Віктар, вы сказалі, што беларускага кінэматографа фактычна дагэтуль няма. Значыць, задача цяперашніх кінэматаграфістаў стварыць яго. У гэтай сувязі мне ўспомнілася, як я чытаў газэты 20-х гадоў . І ў 26 годзе газэты пісалі, што “хутка на экраны выходзіць першая беларуская мастацкая фільма "Простытутка". Дык гэта значыць, што 80 гадоў ствараецца, і ўсё яшчэ ніяк не створыцца...
Ці падзяляеце вы тэзу, што цяпер і ў Беларусі, і ў сьвеце назіраецца падзеньне культуры?
Асьлюк: Хутчэй падзяляю, чым не падзяляю. Гэтаму таксама ёсьць канкрэтныя прычыны. Вельмі шмат народу стала. І ўсё больш ідзе зьмяшэньне гэтых народаў, і яно не заўсёды прыносіць лепшае ў культуру. Тады яна проста становіцца маргінальнай, размытай. Дарэчы, маргінальнасьць, размытасьць перашкаджае і беларускаму кіно, і культуры, таму што мы нявызначаная нацыя. Мы – народ, які страціўся і ня мае сілаў, каб знайсьціся. Нашыя сюжэты нецікавыя, таму што яны ня маюць выразнасьці нацыянальнага жыцьця. А ў гэтым таксама ёсьць прычына. Таму што і краіна такая невыразная, нявызначаная. Як мы будзем жыць? У якой краіне будзем жыць? Ведаеце вы стан агульны....
Абламейка: Некалькі тыдняў назад у нашым эфіры кінакрытык Андрэй Расінскі хваліў Уладзімера Замяталіна на пасадзе дырэктара “Беларусьфільму”. Маўляў, і рэжысэраў апальных запрасіў, і гістарычныя беларускія фільмы запусьціў, і студыю адрамантаваў, і з Расеяй пачаў судзіцца за права валоданьня фільмам “Бураціна”... Як вы пракамэнтуеце Расінскага?
Няма там асноўнага -- выразнасьці, якая стварае нацыянальнае мысьленьне, нацыянальнае пачуцьцё, нацыянальную культуру. Там гэта ўсё існуе пакуль у савецка-расейскай каляніяльнай форме
Калі гэта ўсё будзе існаваць і далей, такія будуць фільмы адбывацца невядома ў якой краіне, і людзі будуць размаўляць не на расейскай мове, а не нейкай дзіўнай расейскай мове, і калі не ўзьнікне сапраўднае разуменьне, што толькі мы тым цікавыя, што мы беларусы, ня будзе нічога – ані мастацкага кіно, ані дакумэнтальнага кіно.
Абламейка: І на заканчэньне традыцыйнае пытаньне да творчага чалавека – над чым цяпер працуеце?
Асьлюк: Я заканчваю зараз на студыі фільм, які называецца "Полацак". Гэта проста кароткі фільм пра Полацак, горад, у якім я некалькі гадоў жыў, які я і мае дзеці вельмі любяць.