a)
Што для вас свабода?
Займацца любімай справай і за гэта яшчэ і грошы атрымліваць.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Усялякая бязглузьдзіца беларускай рэчаіснасьці.
Што для вас шчасьце?
Глядзець у вочы каханай і ў яе вачах таксама бачыць любоў.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што сучасны дурдом – надоўга...
Які талент вы хацелі б мець?
Рабіць усё, што ўмею цяпер, але на больш якасным узроўні.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Давялося б пералічваць шмат імёнаў сучасьнікаў, якія працуюць таленавіта, натхнёна, самааддана.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Музыка, праца ў гародзе, рыбалка.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Значна раней пачаў бы займацца тым, чым займаюся цяпер.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Калісьці ў цягніку на Піцер у часе гарачай дыскусіі аб здароўі зь верхняй паліцы нехта прабурчэў: “Не дурыце галавы, чытайце лепш Г. П. Малахава”.
Які ваш улюбёны дэвіз?
Вучыцца чаму-небудзь усё жыцьцё.
b)
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Толькі не ў сыстэме, дзе амаль усё залежыць ад аднаго чалавека...
У якой краіне вы хацелі б жыць?
Беларусь – цудоўны край! Пляную перабрацца на Віцебшчыну.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Была б машына часу, то, можа, дзе і спадабалася б... А так – тут і цяпер!
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
На адказныя пасады падшукваў бы высокаадукаваных, разумных людзей.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Нам трэба кіравацца здаровым сэнсам у адносінах з усімі краінамі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Нам ня варта глядзець толькі ў адзін бок, бо можна і шыю скрывіць...
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?
Калі толькі – дыктатура розуму, гонару і сумленьня...
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Калі заслужым таго...
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі б у свой час не задушылі беларусізацыю, то ўжо гаварылі б.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Будзем “разгаварываць на нармальнам чалавечаскім езыку”, толькі ня трэба тады беларусамі звацца...