Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алег Трусаў і Эдуард Акулін


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 17 кастрычніка


КНІГАПІС

АЛЕГ ТРУСАЎ: “ВЕРНЕМ ПАМЯЦЬ – ВЕРНЕМ І МЕЖЫ”


У выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга гісторыка, палітычнага і грамадзкага дзеяча Алега Трусава “Невядомая нам краіна”. У жанры навукова-папулярных нарысаў аўтар распавядае пра Беларусь, межы якой маглі б сягаць ва ўсіх накірунках на сотні кілямэтраў далей ад рэальна існых сёньня. Што на мапе этнаграфічных земляў беларусаў ёсьць навуковай аксыёмай, а што бэлетрыстычнай інтэрпрэтацыяй, – аўтара распытвала Валянціна Аксак

Валянціна Аксак: “Ваша кніга чытаецца як фантастыка: межы Беларусі, аказваецца, сканчаюцца не за мсьціслаўскімі мурамі, а непадалёк ад маскоўскага Крамля, не за Полацкам, а амаль ля балтыйскіх выдмаў, не за пінскімі балотамі, а ледзьве не на чарнаморскіх пляжах. Я ўжо чула такія водгукі, што “Невядомую нам краіну” напісаў не гісторык Трусаў, а літаратар з такім жа прозьвішчам…”

Алег Трусаў:
“Тое, што я напісаў, значна больш моцнае за любую фантастыку, бо гістарычная праўда часам бывае такая, якую не прыдумае ніякі фантаст. У аснове маёй кнігі ляжаць канкрэтныя факты, пра якія, дарэчы, ня я першы пісаў. Першым быў мой зямляк Адам Кіркор, які пра гэта пісаў у трэцім томе “Живописной России”. Другім быў Аркадзь Смоліч. Я пайшоў у некаторых пытаньнях крышачку далей, чым яны, але не намнога”.

Аксак: “Жанр “Невядомай нам краіны” вы пазначылі як кнігу навукова-папулярных нарысаў па гісторыі Беларусі. Ці не выглядае тут дэфініцыя “папулярны” як аўтарскае апраўданьне белетрызацыі навукі? Ну хто, прыкладам, сёньня можа ўсур'ёз успрыняць тое, што Беларусь была калісь захопніцкай краінай і нават мела свае калёніі?”

Трусаў: “Дваццаць гадоў таму наўрад ці хто ўсур'ёз мог успрымаць заяву, што будзе на мапе сьвету незалежная Рэспубліка Беларусь. Яна ёсьць і яе ўсе ведаюць. Так і тут – вернем памяць, вернем і межы”.

Аксак: “Дарэчы, пра тыя калёніі – іх сапраўды захоплівалі нашы продкі, ці яны ў выніку нейкіх іншых акалічнасьцяў зьявіліся?”

Трусаў: “Захоплівалі, вядома, бо тут жа так было. Спачатку мы прыбралі да рук Курляндыю, а Курляндыя прыбрала да рук Гамбію і востраў Табага. Такім чынам, усё яно і належала Вялікаму княству. І нават калі ўтварылася Рэч Паспалітая, то ўсё роўна мы не аддалі палякам Курляндыю. Гэта быў кандамінімум, гэта значыць, што валодала Курляндыяй і Княства, і Карона”.

Аксак: “І народы гэтых паняволеных краінаў змагаліся супраць нашых продкаў за сваё вызваленьне?”

Трусаў: “Змагаліся яны супраць курляндцаў, якія былі ў сваю чаргу залежныя ад нашай дзяржавы”.

Аксак: “Паводле вашай кнігі радзіма этнічных беларусаў – гэта і маскоўскія, і цьвярскія, і пскоўскія землі. Ці вядомая рэакцыя расейскіх навукоўцаў на гэтыя вашы цьверджаньні?

Трусаў: “Збольшага вядомая. Рэч у тым, што я пераважна абапіраўся на крыніцы расейскіх навукоўцаў, і ў некаторых месцах я нават іх цытую. У Расеі шмат розных навуковых гістарычных школаў. Напрыклад, у сталінскім падручніку па архэалёгіі 1949 году сьцьвярджаецца, што крывічы жылі на Волзе”.

Аксак: “Выглядае, што этнічных беларусаў за межамі сучаснай адміністрацыйнай мяжы жыве ня менш, а мо і больш, чым у межах РБ. Што даюць у гістарычнай пэрспэктыве Беларусі такія зьвесткі?”

Трусаў: “А тое, што далі літоўцам. Калі літоўскія гісторыкі стварылі прыгожы міт пра тое, што Вялікае Княства Літоўскае – гэта цалкам іх летувіская дзяржава, яны ня толькі атрымалі незалежнасьць, але атрымалі і Вільню, і Друскенікі, і Клайпеду, і нават палову Курскай касы. Вось што гэта дае”.

Аксак: “Беларусы, здаецца, мітаў яшчэ не стваралі. Прынамсі, я памятаю рэакцыю вядомага гісторыка прафэсара Міхася Ткачова на адным з круглых сталоў пачатку 90-х на прапанову аднаго з маладых навукоўцаў заняцца стварэньнем нацыянальных мітаў. Прафэсар рашуча выступіў супраць. А што вы думаеце наконт гэтага?”

Трусаў: “Я лічу, што гэтыя міты беларусам даўно трэба было стварыць, таму што міт дае народу ідэю. Міты заўжды ідуць наперадзе народу. Гэта – як міраж. Калі чалавек бачыць міраж, то ён да яго імкнецца. Напрыклад – Біблія. Гэта ж міт пра нейкае добрае жыцьцё, і тыя, хто верыць у яго, дасягаюць небывалых вяршыняў”.

Аксак: “У сусьветнай практыцы вядомыя многія прыклады, калі з самых высакародных патрыятычных пачуцьцяў навукоўцы стваралі падробкі гістарычных дакумэнтаў. Кралядворскі летапіс, да прыкладу, прыдуманы чэхам Вацлавам Ганкам у канцы васямнаццатага стагодзьдзя, абудзіў нацыянальную сьвядомасьць ягоных суродзічаў. Ці не зьбіраецеся і вы пайсьці тым жа шляхам і напісаць нешта падобнае, бо праблема нацыянальнай тоеснасьці беларусаў ня зьнікла і ў дваццаць першым стагодзьдзі?”

Трусаў: “Не, я не зьбіраюся гэта пісаць. У маёй кнізе вельмі канкрэтныя факты. Іншая справа, чаму я падаю іх у папулярнай форме. Таму што мне не было часу пераправерыць іх у архівах – на гэта жыцьця ня хопіць. Таму дата можа быць на год сюды, на год туды, можа, націск у нейкім імені ня той. Але гэта – дробязі. Упершыню этнаграфічную Беларусь стварылі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі, я нічога новага не прыдумаў, толькі давёў гэту справу да сёньняшняга дня, бо пасьля Смоліча на гэтую тэму было забаронена гаварыць. І я, мабыць, першы, хто пасьля Смоліча напісаў пра этнаграфічную Беларусь у межах перапісу 1897 году. Тым больш, што ні Смоліч, ні Кіркор пра беларускую Цьвер не пісалі”.

Аксак: “А ці не абвінавацяць беларусаў пасьля гэтага ў тэрытарыяльных прэтэнзіях?”

Трусаў: “Пакуль што нам увесь час прад'яўлялі прэтэнзіі. У маёй кнізе ёсьць цэлы разьдзел пра тое, як дзялілі Беларусь. А чаму дзялілі? Таму што мы нічога не маглі супрацьпаставіць. А цяпер можам, прыкладам, сказаць, што калі вы прад'яўляеце прэтэнзіі на наш Магілёў, то не забывайцеся, што і Мажайск, і Вязьма – беларускія. Пасьля гэтага, мне здаецца, прэтэнзіі спыняцца”.


АЎТАР І ТВОР

ЭДУАРД АКУЛІН: “ПАЭТ НЕ ПАВІНЕН БЫЦЬ КІШЭННЫМ”


Самы кароткі раман у вершах, трыялеты і нават аўтаэпітафія – гэткі жанравы дыяпазон новага зборніка паэта Эдуарда Акуліна пад назвай “Вітражы”, які нядаўна выйшаў у выдавецтве “Галіяфы”. Зь яго аўтарам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Эдуард, твая новая кніга “Вітражы” мае нязвыкла малы фармат, яе нават на звычайную кніжную паліцу не паставіш. Як на маю думку, гэтак можна выдаваць анэкдоты ці рэцэпты для хатніх гаспадыняў, але ж не паэзію. Чаму ты пагадзіўся на гэткія “кішэнныя” ўмовы выдавецтва “Галіяфы”?

Эдуард Акулін
Эдуард Акулін:
“Я пагадзіўся таму, што гэта адзінае выдавецтва, якое зрабіла мне такую прапанову. Апошняяя мая кніга выйшла ў 2003 годзе, а яшчэ перад гэтым, у 2000-м, я меў горкі досьвед выданьня кнігі вершаў “Радно”, якая была зьнішчаная ў выдавецтве “Полібіг”. Таму я не думаў пра фарматы, я проста з радасьцю пагадзіўся на прапанову Зьмітра Вішнёва і Міхася Башуры выдацца ў іхнім выдавецтве ў гэтай мініятурнай сэрыі. Чамусьці і сэрыя гэтая мне вельмі сымпатызуе. Нядаўна мы выступалі ў Мэдыцынскім унівэрсытэце, і будучыя нашыя лекары прыйшлі на сустрэчу ў цудоўных беласьнежных халаціках, і гэтая кніжка акурат кладзецца ў кішэню такога халаціка. Скажу так: лепей выдаваць кнігі кішэннага фармату, чым ператварыцца ў кішэннага паэта”.

Скобла: “Галоўным рэдактарам “Галіяфаў” зьяўляецца Уладзімер Гніламёдаў – адзін з актывістаў прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў. Ці не было з гэтай прычыны нейкіх рэдактарска-цэнзарскіх заўвагаў да тваіх твораў?”

Акулін: “Заўвагі па змесьце кнігі былі. Але толькі ад майго рэдактара Леаніда Дранько-Майсюка. І з усімі ягонымі заўвагамі я пагадзіўся. Галоўнага ж рэдактара выдавецтва Ўладзімера Гніламёдава я ўбачыў толькі падчас прэзэнтацыі “галіяфскага” трохкніжжа ў Палацы мастацтва”.

Скобла: “Кароткія вершы лёгка запамінаюцца, як, напрыклад, гэты твой “Раман”: “Любая – шчасьце маё вогнегубае!” Ляканічнасьць – гэта вымога часу, ці патрэба тваёй душы – імкнуцца да сьцісласьці?”

Акулін: “Ляканічнасьць – гэта было патрабаваньне выдавецтва “Галіяфы”. Зьміцер Вішнёў мне так і сказаў: вершы павінны быць ад аднаго да васьмі радкоў. Насамрэч, “Вітражы” можна назваць выбраным томікам маёй паэзіі, таму што самы першы верш у ім я напісаў яшчэ студэнтам Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а самы апошні – гэта, мяркую, будзе мая пасьмяротная эпітафія”.

Скобла: “Ці не зарана табе думаць пра эпітафію? Як, дарэчы, яна гучыць?”

Акулін: “Думаць пра сьмерць ніколі ня рана і ніколі ня позна. Ад сьмерці не адкупісься, як кажуць. Рана ці позна ўсе мы сустрэнемся ў нябёснай гасподзе, трэба загадзя рыхтавацца і пісаць самаэпітафіі. А гучыць самаэпітафія так: “Калі памру, сябры наўсьлед спытаюць: / “Куды, паэце, крочыцьмеш у скрусе?” / І рад бы ў рай – анёлы не пускаюць, / Мілей, чым рай, мне пекла Беларусі”.

Скобла: “Няхай гэты тэкст яшчэ доўга-доўга застаецца кніжным вершам, хай яго лепш перадрукоўваюць на паперы, чым на мармуры… Ведаю, што ты даўно складаеш аўтарскую анталёгію перакладаў з украінскай паэзіі. Ці завершыў ты яе, ці завершаваў?”

Акулін: “Сапраўды, у нас на Веткаўшчыне кажуць: трэба завершыць стог. Я таксама завяршыў працу над анталёгіяй украінскай паэзіі, якую назваў “Украінскі майдан”. Праца скончаная яшчэ два гады таму, але, на вялікі жаль, пакуль няма магчымасьці пабачыць яе ў кніжным варыянце. У гэтай анталёгіі па-беларуску загаварылі сто, на маю думку, лепшых украінскіх паэтаў, пачынаючы ад Уладзімера Сасюры і заканчваючы маладой таленавітай паэткай з Львову Ярынай Чарняк. Мне вельмі прыемна, што рэдактарам і аўтарам прадмовы да гэтай анталёгіі зьяўляецца адзін з самых найлепшых майстроў беларускага слова, мой старэйшы сябра Ніл Сымонавіч Гілевіч”.

Скобла: “Пацалунак праз шыбу”, “гербарый пачуцьцяў”, “кантрабанда” – вось толькі тры вызначэньні жанру паэтычнага перакладу. А для цябе пераклад паэзіі – што?”

Акулін: “Для мяне пераклад паэзіі – гэта суаўтарства, таму што я перакладаў толькі тых аўтараў, якія закраналі самыя патаемныя струны душы, тых, чыя мэтафара, чый вобраз гучалі ва ўнісон з маім сэрцам”.

Скобла: “Неўзабаве, 26 кастрычніка, споўнілася б 50 гадоў паэту Анатолю Сысу, якога ўжо чатыры гады няма з намі. Якія імпрэзы і дзе будуць адбывацца ў памяць Анатоля?”

Акулін: “Я ведаю, што 26 кастрычніка ў Музэі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца вечарына памяці Анатоля Сыса. Па ўсёй Беларусі, я мяркую, будуць адбывацца нейкія імпрэзы, але самая галоўная адбудзецца 31 кастрычніка на радзіме Анатоля, якая сёлета будзе найбольш прадстаўнічай. Па-першае – юбілейны для Анатоля год, па-другое – у гэтым годзе ў арганізацыі сьвята прыме ўдзел ня толькі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, але і агульнабеларуская кампанія “Будзьма”. У праграме сьвята – ускладаньне кветак да надмагільнага помніка Анатоля, якое адбудзецца а 12-й гадзіне, урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнай дошкі на хаце, у якой паэт нарадзіўся, жыў і тварыў. Пройдуць таксама традыцыйныя ўжо бардаўскі канцэрт і паэтычныя чытаньні. Толькі зь Менску далі згоду паўдзельнічаць у сьвяце такія выдатныя паэты як Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Някляеў, Леанід Дранько-Майсюк. Будуць сьпяваць такія цудоўныя барды, як Кася Камоцкая, Вальжына Цярэшчанка, Алесь Камоцкі, Кастусь Герашчанка”.

ЭДУАРД АКУЛІН. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Вяртаньне

Л. Дранько-Майсюку і У. Някляеву ахвярую


Па дарозе зь Вільні на Менск,
наліваючы ў чаркі крупнік,
я ўявіў, як ў вусьці рэк,
нібы ў сурмы, паэты трубяць.
Па дарозе зь Вільні на Менск,
па шляху з варагаў у грэкі
адбіваўся жмудзінскі лес,
нібы лёс, у крывіцкіх рэках.
Па дарозе зь Вільні дамоў
нас было такіх толькі трое,
тых, хто мёдам разбавіў кроў,
і здалася бяз бою Троя…
Па шляху, што асьлеп ад сьлёз,
нас было такіх крыху болей,
хто журбу кантрабандай вёз
па аднятай у нас Пагоні.
Па дарозе зь Вільні на Менск
мы апокрыф жыцьця тварылі,
што сьвятое паблізу спрэс,
як ад Бога любоў Марыі…
Па дарозе зь Вільні дамоў
мы успомнілі Гедыміна,
і у жылах шалёна кроў
закіпела і задыміла…
Не было на зямлі радней
за начнога таго хаўруса.
Мы пілі, і зялёны Зьмей
спакушаў нас у Беларусы!..

Ной

Сорак раз пасылаў сякеру
у сваты да сырых камлёў
і каўчэг будаваў свой зь веры,
што ўратуе жыцьцё Любоў.
Давяраўся, як брату, зьверу,
з птушкай раіўся, як зь сястрой,
і каўчэг будаваў свой зь веры
у Гасподняе слова Ной.
Моўчкі зносіў людзкія кпіны:
– Дзе ты плаваць сабраўся, Ной?
І ў качэг запрашаў расьліны,
як паломнікаў на пастой.
Перамогшы ў вайне з Патопам,
зьдзейсьніў Госпадаў запавет…
І ужо не з нуля, а з Ноя
нарадзіўся нанова сьвет!

О, Вільня!

“О, Літва…” – нібы малітву,
шапчу сабе ўсю дарогу…
Сягоньня – спатканьне зь Вільняй,
а значыць – спатканьне з Богам…
Праходжу пад Вострай Брамай
і чую, як цяжка б’ецца
у лёхах старога храма
тваё залатое сэрца.
Каб вызваліць нас ад здрады,
Максім тут прысьніў Пагоню.
Сто год, як лятуць атрады
насустрач Крывіцкай волі…
Тут кожны камень – быліна.
Тут кожны уздых – аб страце…
Тут сэрца сваё пакінуў
грэць сын у далонях маці…
А я тут душу пакінуў
у зале пустой вакзала…
“О, Вільня – мая магіла…” –
сказаць не пасьпеў Купала.

Няблізка

Сярод нябёсаў
на пару з Богам
як два п’янтосы,
мы п’ем трывогу.
Бо з Таганрога
да тога Мінска
і ў пары з Богам
ляцець няблізка.

Іранічнае

Убіўшыся ў куст акацый,
адчуў сябе крыху Богам
і ў думках пачаў зьбірацца –
ісьці на сваю Галгофу…
Ды ўспомніў, што куст акацый –
далёка ня Лёс цярновы.
Як мудра сказаў Гарацый:
“Паэзія – гандаль словам…”

Гусьлі

Вусны твае –
Гусьлі мае…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG