У Віцебскай сярэдняй школе № 10 нядаўна абрынуўся кавалак сьцяны пад самым дахам. Небясьпечнае месца абгарадзілі папераджальнай стужкай, і цяпер, кажа завуч, чакаюць сродкаў на рамонт ад гарадзкіх уладаў:
“Школа сапраўды ня новая — існуе з 1937 году. Калі казаць пра бясьпеку дзяцей — то гэта месца не прахадное, мы насамрэч яго абгарадзілі, каб там ніхто не хадзіў. Ну, а рамонт школа сама зрабіць ня ў стане, вы ж ведаеце. Пра тое, што адбылося, гарадзкія ўлады ведаюць і па меры магчымасьці рамонт зробяць”.
Капітальнага рамонту ў сярэдняй школе № 10 не было ўжо 10 гадоў. А цэгла з паддашша валіцца якраз на пляцоўку для гульняў ва ўнутраным дворыку. Настаўнікі і бацькі пішуць скаргі, аднак сродкаў, каб грунтоўна аднавіць будынак, дагэтуль няма.
У сярэдняй школе № 2, пабудаванай у 1954-м годзе, сьцены і столь разбураюцца ня звонку, а зь сярэдзіны. Апошняе такое здарэньне адбылося тут у верасьні: са столі зваліўся кавалак ляпніны даўжынёй каля мэтру.
Ніхто не пацярпеў, але толькі праз шчасьлівы выпадак: літаральна за імгненьне настаўніца папрасіла вучаніцу перайсьці на іншае месца.
Бацька вучня-трэцяклясьніка распавёў, што пазьней гэтае месца проста затынкавалі. Але падобнае ў школе здараецца ўжо не ўпершыню, і тым ня менш пра рамонт будынка гаворкі пакуль няма:
“У сталоўцы таксама асыпалася столь. Дробнай трухой сыпалася. Калі бацькі спыталіся, што школа зрабіла, нехта з настаўнікаў сказаў: “Ежу вашым дзецям замянілі”. Так што — ня дай Бог, нешта зноў пачне руйнавацца. Настаўнікі баяцца, што школу зачыняць”.
У школе № 2 столь асыпалася і ў спартовай залі, і ў падсобных памяшканьнях. Тым ня менш на капітальны рамонт унутры будынка спадзявацца не выпадае, кажа прадстаўніца школьнай адміністрацыі:
“Столь у спартовай залі абвалілася — адрамантавалі. У клясе, дзе адваліўся кавалак тынкоўкі — дзяцей адразу перавялі і таксама адрамантавалі. Што яшчэ будзе рабіцца? Вось адрамантавалі фасад, памянялі вокны, дзьверы, цяпер плот новы паставяць і заасфальтуюць. Але ўнутры — наўрад ці што будзе рабіцца. Вы ж ведаеце, як нас фінансуюць…”
Дарэчы, вокны, якія выходзяць ва ўнутраны двор школы, так і засталіся старыя. Новыя плястыкавыя канструкцыі паставілі толькі там, дзе іх відаць з плошчы Перамогі — самага вядомага ў Віцебску будаўнічага праекту.
Кожны жыхар гораду ведае, што рэканструкцыя плошчы адбываецца з асабістай ініцыятывы старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца. Грошай на яе не шкадуюць: толькі на першым этапе рэканструкцыі ўжо асвоена 16 мільярдаў рублёў. Увесну тут зьнішчылі каштоўныя дрэвы, каб усьцяж закласьці ўсю тэрыторыю тратуарнай пліткай. Нядаўна на плошчы зьявіліся ліхтары і фантаны, пасярэдзіне ўжо ставяць навагоднюю ёлку, а ўсе будынкі навокал аздоблены каляровым падсьвятленьнем.
Усталявалі падсьвятленьне і на школьным будынку, панарабіўшы адтулін у старых мурах. Цяпер туды зацякае дажджавая вада, і гэта можа справакаваць наступныя разбурэньні.