Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнікі працуюць па прынцыпе «даробіць гаспадар»


Бытоўкі будаўнікоў і новыя дамы ў Саломенцы.
Бытоўкі будаўнікоў і новыя дамы ў Саломенцы.

Беларускія ўлады лічаць будаўніцтва прыярытэтнай галіной, якая дапаможа эканоміцы адолець крызіс. Афіцыйныя крыніцы рапартуюць, што аб’ёмы ўзьведзенага растуць. А разам зь імі — і нараканьні гаспадароў новых кватэраў на якасьць сваіх навюткіх квадратных мэтраў.

У адным з самых вялікіх у Магілёве мікрараёнаў “Саломенка” жыве больш за 20 тысяч чалавек. У васьмідзясятых гадах мінулага стагодзьдзя аднайменную вёску забудавалі панэльнымі шматпавярховікамі. Цяпер тэмпы будаўніцтва куды меншыя, чым у тыя часы, аднак яно ўсё ж працягваецца. За сёлета дзясятак дамоў заселеныя, столькі ж чакаюць яшчэ навасёлаў. Што пакідаюць у спадчыну шчасьлівым гаспадарам будаўнікі?

Спадар: “Шмат нюансаў такіх, што даводзіцца перарабляць. Трубы вады ў туалеце праведзеныя чамусьці бліжэй ні да столі, ні да падлогі, а пасярэдзіне”.

Спадар: “Столь няроўная, падлога няроўная. Даводзіцца выроўніваць. Сантэхніку таксама”.

Малады спадар: “Будавалі дом узімку. Фарбавалася, тынкавалася ўсё на вільгаць. Цяпер у агульных калідорах цьвільлю пакрываюцца столь і сьцены. Вокны: хацелася б, каб яны былі лепшыя. Там шчыліны такія, дзіркі”.

Цагляныя дамы таксама не бяз хібаў, але іх там, цьвердзяць насельнікі, менш:

Спадар: “Няроўная чарнавая сьцяжка. Трэшчыны па тынку. Мы напісалі паперы, і самі будаўнікі будуць выпраўляць недахопы за свае сродкі. Во цяпер праца вядзецца й па электрыцы, і па тынку ды сьценах”.

Колькі трэба ўкласьці сродкаў людзям, каб выправіць хібы будаўнікоў? Адзін з гаспадароў пагадзіўся падсумаваць выдаткі:

“На шпаклёўку толькі разам з матэрыяламі пайшло недзе каля адной тысячы даляраў. Рамы ПВХ у трохпакаёвай кватэры — тры з паловай мільёны. Кватэрныя магілёўскія дзьверы — таксама каля двух мільёнаў. Вось і падлічвайце, у колькі гэта вылазіць”.

Ці ведаюць цану сваёй працы будаўнікі? Ведаюць, цьвердзіць будаўнік са шматгадовым стажам Мікалай Расюк. Дык чаму працуюць нездавальняюча?

“Заробкі нізкія. За дваццаць, дваццаць два працоўныя дні 800-900 тысяч — гэта не для будаўніка. Адсутнічаюць яшчэ тэхналёгіі. Няма стандартаў працы, усё размыта. Тое, у якіх умовах ён працуе, таксама кажа пра якасьць. Няма нават дзе пераапрануцца: там прусакі і ўсё захламленае. Натуральна, што працаўнік у такіх умовах гэтак жа будзе й працаваць”.

Суразмоўца таксама адзначае: работнікі ня грэбуюць алькаголем. Акрамя таго, нізкія культура працы ды ігнараваньне тэхнікі бясьпекі. А яшчэ там верхаводзяць чыноўнікі. Ім найперш патрабуецца ня якасьць, а — вал і выкананьне плянаў.

На будаўнічых пляцоўках пануе “штурмаўшчына”, “аўрал” ды “гераічны націск”.
Афіцыйныя крыніцы прызнаюць: на будаўнічых пляцоўках пануе “штурмаўшчына”, “аўрал” ды “гераічны націск” — бо даведзеныя пляны ня выканаць нельга.

У выніку Магілёў выканаў сямімесячны плян па ўводу жытла, але тэмпы будаўніцтва не задавальняюць. Трэба шукаць рэзэрвы й пераходзіць на трохзьменную працу, патрабуе гарадзкая вэртыкаль, заяўляючы: да 2012 году аб’ёмы павялічацца ў 2,5 раза. Гарвыканкам спадзяецца, што выканаць задачу дапамогуць турэцкія будаўнікі. Яны нібыта гатовыя ўзьвесьці ў Магілёве тры шматпавярховікі:

“Як яны абяцаюць, гэта будзе ў два разы хутчэй. У Турцыі працуюць будаўнікі фактычна з адным выхадным, і то праз тыдзень”.

Пакуль туркі зьбіраюцца ў Магілёў, тутэйшыя працуюць паводле прынцыпу “гаспадар сам даробіць”. Такіх гаспадароў у чарзе на атрыманьне кватэры — 24 тысячы. Старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў абяцае даць ім кватэры цягам 7-8 гадоў. Радасьць пасяліцца ў новым жытле наўрад ці здольная азмрочыць хібы будаўнікоў. Аднак:

“Новай кватэры я радаваўся б гадоў пятнаццаць таму. Але ж 25 гадоў… не, амаль трыццаць адстаяў у чарзе! А цяпер, атрымаўшы, дарабляць гэта ўсё нялёгка”, — кажа адзін з навасёлаў.

Існуе яшчэ адна нагода для людзкога незадавальненьня — няразьвітасьць у спальных раёнах сацыяльнай інфраструктуры. На “Саломенцы” толькі дзьве школы, нестае дзіцячых садкоў. Праўда, ёсьць у горадзе спальныя раёны, дзе й гэтага няма:

“Пакуль там ніводнай крамы, ніводнай майстэрні, ніводнай спартовай пляцоўкі. Што рабіць людзям, як ім жыць…” — бядуе за жыхароў мікрараёну “Спадарожнік” намесьнік старшыні гарвыканкаму Алег Ліцянкоў.

Будуецца спарткомплекс. На пляцоўцы вэрхал.
Як правіла, аб’екты сацыяльнай інфраструктуры ўзводзяцца ў апошнюю чаргу. Сацыяльная неўладкаванасьць — падстава для эмацыйнага высьвятленьня адносінаў. Два гады таму на той жа “Саломенцы” ўсчаўся канфлікт прадпрымальнікаў з гарвыканкамам. Бізнэсоўцы баранілі рынак, на якім зьбіраліся збудаваць спарткомплекс. Як паказалі апытаньні, жыхарам патрабаваўся й рынак, і спарткомплекс. Аднак рынак урэшце ліквідавалі, бо ўлада прытрымлівалася іншай думкі, чым шарагоўцы.

Што да Магілёўшчыны ў цэлым, дык якасьць жытла і сацыяльная неўладкаванасьць тут — як і ў абласным цэнтры. З павелічэньнем аб’ёмаў будаўніцтва ў тры разы павялічылася колькасьць скаргаў на ягоную якасьць. Паўсюль адно і тое ж — сантэхніка, тынкоўка, электрыка… Афіцыйныя крыніцы называюць 920 зваротаў з нараканьнямі на будаўнікоў, якія за сем месяцаў узьвялі 251 тысячу квадратных мэтраў жытла. А да канца году ад іх патрабуюць 580 тысяч. У 2010 годзе — мільён квадратных мэтраў. Цяжка і ўявіць сабе мора скаргаў, якія чакаюць наперадзе…

Дадамо: у чарзе на паляпшэньне жытла ў рэгіёне — 56 тысяч чалавек. Штогод яна павялічваецца прыкладна на тысячу.57
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG