Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заняткаў ня будзе: столь абвалілася


Адзін з клясных пакояў віцебскай СШ № 2 тэрмінова зачынілі, а заняткі ў ім забаранілі. Толькі шчасьлівы выпадак уратаваў вучаніцу, якой 19-га кастрычніка настаўніца параіла адысьціся далей ад небясьпечнага месца, калі са столі раптам пасыпалася тынкоўка. Праз імгненьне са столі абрынуўся цэлы кавалак тынку.

Столь у СШ № 2 абвальваецца ўжо ня першы раз: паўгода таму падобны выпадак здарыўся і ў спартовай залі. Тады таксама ніхто не пацярпеў, бо здарэньне адбылося ў суботу, калі ўрокаў не было.

Школа, якая месьціцца на вуліцы генэрала Белабародава, — адна з найстарэйшых у горадзе. Яе пабудавалі ў 1954 годзе на месцы ранейшага, зруйнаванага падчас вайны, будынка. Рэпутацыя ў навучальнай установы добрая, школа мае нават уласны інтэрнэт-сайт, але вось капітальнага рамонту тут не было даўнавата.

Фасад школы адрамантавалі, калі паводле загаду старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца пачалася грунтоўная рэстаўрацыя плошчы Перамогі. СШ № 2 стаіць якраз узбоч плошчы, таму там памянялі старыя вокны і зладзілі электрычнае падсьвятленьне. Абяцалі таксама зрабіць рамонт усярэдзіне і памяняць трубы каналізацыі і ацяпленьня, але так і не зрабілі.

Рэканструкцыя плошчы Перамогі працягваецца, бо кіраўнік вобласьці загадаў дарабіць яе да пачатку лістапада. А ў школе па-ранейшаму няма ні будаўнікоў, ні рамонтнікаў.
XS
SM
MD
LG