Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя ў школах


33 карупцыйныя злачынствы выкрытыя ў сфэры адукацыі Магілёўшчыны. Cамыя распаўсюджаныя зь іх – злоўжываньні службовым становішчам. Сума стратаў, нанесеных карупцыянэрамі ад адукацыі, складае мільярды рублёў.

Канкрэтнай лічбы афіцыйныя крыніцы не называюць, аднак прызнаюць, што сёлета ў параўнаньні зь мінулым годам страты вырасьлі ў дзевяць разоў.

Адукацыйнае начальства прысабечвае грошы, завышаючы кошты на рамонтныя працы, нямэтава выкарыстоўваючы сродкі, а таксама выплочваючы неабгрунтаваныя заробкі.

Найбольш карумпаванымі прызнаныя Бабруйшчына, Слаўгарадчына, Кіраўшчына, Чэрыкаўшчына, а таксама Магілёў. Афіцыйныя крыніцы цытуюць намесьніцу начальніка абласной управы адукацыі Сьвятлану Лявонаву, якая агучыла некаторыя факты карупцыі:

“25 жніўня 2009 году заведзеная крымінальная справа супраць намесьніка дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтру фізычнага выхаваньня студэнтаў і моладзі. Ён незаконна пералічваў грашовыя сродкі, больш за 42 мільёны рублёў, на рахунак індывідуальнага прадпрымальніка і імі потым завалодаў. 19 кастрычніка 2009 году сьледчым аддзелам пракуратуры заведзеная крымінальная справа па факце атрыманьня хабару ў суме 400 тысяч дырэктарам Мсьціслаўскай дзіцячай спартовай школы. Ён арганізаваў сыстэму атрыманьня хабару ад падначаленых, якія парушалі працоўную дысцыпліну”.

Названыя карупцыянэры арыштаваныя. Колькі яшчэ карупцыянэраў пазбаўленыя волі або пакараныя іншым чынам, не называецца.

Каб перамагчы карупцыю, чыноўнікі прапануюць узмацніць кантроль за гаспадарчай дзейнасьцю ўстаноў адукацыі. Дзеля гэта стварылі адмысловую камісію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG