Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя — там, дзе ўсё вырашае чыноўнік


Беларуская пракуратура распачала сьледства супраць новых асобаў у гучнай справе “Беларуськалію”. Усе абвінавачаньні тычацца паставак на прадпрыемства абсталяваньня, якое не адпавядае патрабаваньням бясьпекі.


СЛУХАЦЬ:


Сьледчыя Генэральнай пракуратуры лічаць, што на “Беларуськаліі” дзейнічала арганізаваная злачынная групоўка. Некалькі службовых асобаў прадпрыемства падазраюцца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, крадзяжы, махлярстве, а таксама хабарніцтве.

У сьпіс падазраваных трапілі намесьнік кіраўніка службы эканамічнай бясьпекі і двое супрацоўнікаў упраўленьня матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.

Паводле сьледчых, службовыя асобы атрымалі хабар у 45 000 даляраў ад кіраўнікоў ТАА “БелРосМаш” за тое, што паспрыялі выйграць тэндэр на пастаўкі электрарухавікоў.

Апроч таго, кіраўнікі расейскага прадпрыемства “Завод “Электрамашына” дамовіліся з кіраўнікамі “Беларуськалію” на тое, каб паставіць танныя трансфарматарныя станцыі, але аформіць іх як дарагія выбуховабясьпечныя для выкарыстоўваньня ў шахтах. Змоўшчыкі плянавалі зарабіць на гэтым каля 4 мільярдаў рублёў.

Усяго ў сьпісе падазраваных на сёньняшні дзень 7 чалавек.

Пракуратурай распачатыя 23 крымінальныя антыкарупцыйныя справы. Яшчэ 45 злачынстваў выявілі ў падведамасных міністэрству недзяржаўных арганізацыях.
Гучная справа салігорскага “Беларуськалію” — адна з шэрагу крымінальных спраў, заведзеных адносна службовых асобаў на пачатку году. Рэзананс у грамадзтве атрымалі крымінальныя справы супраць кіраўнікоў прадпрыемстваў, супрацоўнікаў пракуратуры і кіраўнікоў міліцыі. Іх абвінавачвалі ў злоўжываньнях службовымі паўнамоцтвамі і фінансавых махінацыях.

Днямі Генэральная пракуратура накіравала міністру архітэктуры і будаўніцтва прадстаўленьне, у якім адзначаецца, што ў Менскбудархітэктуры высокі ўзровень карупцыі. Пракуратурай распачатыя 23 крымінальныя антыкарупцыйныя справы. Яшчэ 45 злачынстваў выявілі ў падведамасных міністэрству недзяржаўных арганізацыях.

Колькасьць крымінальных спраў у сфэры карупцыі сёлета стала вышэйшай, чым летась. Але колькасьць асобаў, якія фігуруюць у крымінальных справах, крыху меншая. Гэта можна патлумачыць тым, што ў адной крымінальнай справе могуць быць дзясяткі абвінавачаных, як, напрыклад, у справах берасьцейскіх мытнікаў.

Гаворыць старшы пракурор упраўленьня інфармацыі Генэральнай пракуратуры Лілія Дзенісенка:

“За 7 месяцаў 2009 году зарэгістравана злачынстваў карупцыйнай накіраванасьці 2248. За 7 месяцаў 2008 году — 2019. Сёлета рост на 11,3%. Асобаў прыцягнута ў 2009 годзе 1003, а ў 2008-м — 1013”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што колькасьць крымінальных спраў паводле карупцыі тлумачыцца станам рэчаў у краіне.

“У сытуацыі, калі ўлада не кантралюецца ані народам, ані свабоднай прэсай, калі няма парлямэнтарызму, абсалютна непазьбежна, што любое эканамічнае рашэньне рызыкуе быць карупцыйным. Чалавек слабы, і спакуса атрымаць хабар, калі гэты чалавек бескантрольны, перамагае.

Акрамя таго, фільтар трапляньня ва ўладу ў той мадэлі, якую збудаваў Лукашэнка, даўно дзейнічае не па прынцыпу кампэтэнтнасьці, а паводле прынцыпу найбольшага кампрамату, каб былі кручкі, за якія можна было б трымаць. Вось цяпер пацягнулі за гэтыя кручкі. З шэрагу прычынаў. Адна з асноўных — адцягнуць увагу грамадзтва ад жахлівых наступстваў крызісу, да якога прывяла бяздарная палітыка дзяржавы”.

На тле гучных крымінальных спраў з удзелам чыноўнікаў, якія займаюць высокія службовыя пасады, крымінальныя справы супраць вайсковых афіцэраў, якія здаюць у арэнду плошчы вайсковых частак, не складаючы адпаведных дамоваў, падаюцца дробнымі ў агульнай статыстыцы.

На сёньняшні дзень некалькі дзясяткаў крымінальных спраў супраць службовых асобаў яшчэ не патрапілі ў суды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG