Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карупцыя расьце, а злачыннасьць зьніжаецца?


Віктар Конан
Віктар Конан
Што новага ў справе Мікалая Аўтуховіча? Ці фігуруе ў справе экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра эпізод пра элітную кватэру на вуліцы Ціміразева, пра якую год таму казаў Аляксандр Лукашэнка? Чаму злачыннасьць зьніжаецца, а карупцыя расьце? Намесьнік генэральнага пракурора Віктар Конан адказваў у Нацыянальным прэс-цэнтры на пытаньні журналістаў.

Намесьнік генэральнага пракурора Віктар Конан заявіў 14 кастрычніка, што справа Мікалая Аўтуховіча хутка патрапіць у суд. Я запытаў спадара Конана, ці выставілі Мікалаю Аўтуховічу абвінавачаньне ў падрыхтоўцы тэракту.

“Наколькі мне вядома, ў гэтай справе суцэльны крымінал. Менавіта я гэтую справу не наглядаю, карыстаюся інфармацыяй ад іншых. Але ў гэтай справе пэўны крымінал”, — адказаў Віктар Конан на пытаньне “Свабоды”.

Што да пытаньняў пра ролю у справе Аўтуховіча былога міліцыянта з Горадні Міхаіла Казлова, якога, паводле зьвестак, падазраюць ў неданясеньні пра падрыхтоўку злачынства, якое нібыта рыхтаваў Аўтуховіч, — гэтае пытаньне пракурор Віктар Конан пакінуў без адказу.

На антыкарупцыйнай нарадзе ў лістападзе 2008 году Аляксандр Лукашэнка запытаўся пра грашовыя крыніцы пракурора Менскай вобласьці Міхаіла Сьнегіра, які набыў элітную кватэру на вуліцы Ціміразева. У сувязі з абвінавачваньнямі ў службовых злоўжываньнях на нарадзе прагучалі таксама імёны намесьніка генпракурора Мікалая Купрыянава і судзьдзяў Цэнтральнага суду Менска Алены Ільіной, Валера Есьмана і Тацяны Паўлічук. Яны нібыта аказвалі незаконную дапамогу Міхаілу Сьнегіру. Пазьней Мікалай Купрыянаў быў адпраўлены ў адстаўку, а Міхаіла Сьнегіра ня толькі зьнялі з пасады, але і аддалі пад суд. Зараз экс-пракурора судзяць у Вярхоўным судзе за зачыненымі дзьвярыма. Я спытаў у Віктара Конана, ці фігуруе ў справе Міхаіла Сьнегіра эпізод пра тую элітную кватэру на вуліцы Ціміразева, пра якую запытаўся Аляксандр Лукашэнка, — раней былі зьвесткі, што эпізод з кватэрай са справы зьнік.

Конан: “Нікуды гэты эпізод не падзеўся, ёсьць ён у гэтай справе”

Карэспандэнт: “Паводле маіх зьвестак, эпізоду пра кватэру у справе няма, судзяць толькі за катэдж”.

Конан: “А я вам кажу, што гэты эпізод у справе ёсьць”.

Тое, што працэс над Міхаілам Сьнегіром закрыты, а ў адваката ўзятая падпіска пра неразгалошваньне матэрыялаў справы, не дазваляе праверыць словы Віктара Конана. Вядома дакладана, што ані былы намесьнік генпракурора Мікалай Купрыянаў, ані былая старшыня Цэнтральнага суду Алена Ільіна не прыцягваліся да адказнасьці ў сувязі з кватэрай Міхаіла Сьнегіра.

Паводле намесьніка пракурора Віктара Конана, пры агульным зьніжэньні злачыннасьці назіраецца рост выяўленых карупцыйных злачынстваў. У параўнаньні зь леташнімі паказчыкамі такіх злачынстваў раскрыта на 20% больш. У тым ліку на 12% павялічылася колькасьць хабарніцтва, на 42% больш стала крадзяжоў дзяржаўнай маёмасьці і на 63% — злоўжываньняў службовым становішчам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG