Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Белфармацыя” замаўляла 50 пакункаў рэлензы на ўсю краіну"


Усясьветная арганізацыя аховы здароўя для прафіляктыкі і лячэньня сьвінога грыпу рэкамэндуе карыстацца двума прэпаратамі: таміфлю і рэлензай, эфэктыўнасьць якіх праверана. Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамэндуе беларусам выкарыстоўваць для барацьбы са сьвіным грыпам не замежныя і дарагія лекі, кшталту таміфлю, а айчынны прэпарат рэмантадзін. Пра гэта заявіў міністар Васіль Жарко. Якія процівірусныя прэпараты ёсьць у аптэках і як да іх ставяцца фармаколягі?

Паводле словаў міністра Жарко, беларускі арпетол дзейнічае ня горш за швайцарскі таміфлю (азельтамівір). Але таміфлю з аптэчных паліцаў беларусы разьмялі, нягледзячы на даволі высокі кошт – 115 тысяч за пакунак. Паводле дасьледаваньняў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, таміфлю дзейнічае на ўсе клінічна значныя штамы грыпу.

Менш дасьледаваны арпетол беларускай вытворчасьці з-за адсутнасьці выбару, а, магчыма, і з-за “піяру” беларускіх чыноўнікаў, таксама актыўна раскупляюць, і зь ім перабоі ў аптэках, хоць лагойскае прадпрыемства “Лекфарм” штодня яго адгружае. Але арпетол адмыслоўцы рэкамэндуюць выкарыстоўваць толькі для лячэньня, а не для прафіляктыкі захворваньня. Фармаколяг Вольга кажа:

“Арпетол, процівірусны прэпарат, выкарыстоўваецца толькі для лячэньня. Калі для прафіляктыкі – гэта вельмі вялікая нагрузка на печань. Дый потым, калі чалавек не дай Бог захварэе, лекары ня будуць ведаць, чым лячыць. Узьнікае ўстойлівасьць да яго. Я, да прыкладу, ня раю”.

З рэмантадзінам, які імгненна зьнікае з аптэк, таксама трэба быць асьцярожным, папярэджвае фармаколяг:

“Рэмантадзін асабліва столькі пабочных эфэктаў можа выклікаць! Вельмі на печань дзейнічае, асабліва наш беларускі. Яшчэ баўгарскай вытворчасьці куды ня йшло. У нашага зусім субстанцыі дрэнныя”.

Калі толькі пачалася пандэмія, нашай дзяржаве быў пададзены запыт на патрэбу гэтага прэпарату. І “Белфармацыя” замовіла колькасьць – я зараз скажу, будзеце сьмяяцца – 50 пакункаў на ўсю краіну на рэлензу, якая супраць сьвінога грыпу
У людзей павінен быць выбар: і танныя айчынныя прэпараты, і больш дарагія замежныя. Швайцарскі таміфлю абяцаюць завезьці ў Беларусь праз два тыдні, запэўніў Алег Стома, генэральны дырэктар кампаніі “Мэдвакс”, дыстрыбутара швайцарскай фірмы "Roche". А вось прэпарату “рэленза” (занамівір) у Беларусі наагул няма. Прадстаўніца адной з замежных фармацэўтычных кампаній распавяла такую гісторыю:

“Калі толькі пачалася пандэмія, нашай дзяржаве быў пададзены запыт на патрэбу гэтага прэпарату. І “Белфармацыя” замовіла колькасьць – я зараз скажу, будзеце сьмяяцца – 50 пакункаў на ўсю краіну на рэлензу, якая супраць сьвінога грыпу. Пасьля гэтага адміністрацыя кампаніі сказала: “Навошта нам зьвязвацца з такой мізэрнай колькасьцю, няма сэнсу вазіць”. Пасьля “Белфармацыя” паспрабавала замовіць 100 пакункаў, але потым адмовілася наагул. Такім чынам, з боку дзяржавы дабро на ўвоз гэтага прэпарату не было дадзена і, адпаведна, вакцыны ў нас няма. А калі ўжо смажаны певень дзюбнуў, на дадзены момант завод, які вырабляе рэлензу, загружаны замовамі на год наперад”.

Такім чынам, з-за адсутнасьці выбару скупляюць беларусы пакуль тое, што ёсьць. Гомельскія аптэкі за тры дні рэалізавалі чатырохмесячны запас лекаў, паведаміў начальнік упраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Мікалай Васількоў. Нават невялікія аптэкі маюць штодзённую выручку па 12 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG