Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 700 тысяч штрафу за бел-чырвона-белыя сьцягі


Тарас Сурган і Сяргея Каваленка
Тарас Сурган і Сяргея Каваленка

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Эдгар Мартырасян аштрафаваў віцебскіх актывістаў Тараса Сургана і Сяргея Каваленку — на 20 базавых велічынь кожнага — за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі з выкарыстаньнем нацыянальных сьцягоў.


У суд Сяргея Каваленку і Тараса Сургана прывезьлі з ізалятара часовага ўтрыманьня. Там яны мусілі правесьці мінулую ноч.

Затрымалі абодвух учора за тое, што выйшлі ў цэнтар Віцебску зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Прычым сьцяг сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі быў заўважны здалёк, бо меў надзвычайныя памеры — прыкладна 2 на 8 мэтраў:

“Гэта было шэсьце да Дзядоў — па цэнтры гораду, каб як мага больш людзей пра Дзяды даведалася. Мы ішлі да плошчы Свабоды, нам сыгналілі машыны, мінакі даганялі, каб сфатаграфаваць на мабільнікі. Людзям падабалася”.

Міліцыя затрымала ўдзельнікаў акцыі, калі яны прайшлі ад амфітэатра да ратушы і вярталіся назад па другім баку вуліцы. Супрацоўнік міліцыі, які выйшаў з машыны, заявіў, што апазыцыянэры замінаюць мінакам хадзіць па ходніках. Пратакол пра адміністратыўнае парушэньне быў складзены паводле артыкула 23.34 — як на парушальнікаў парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Сьцяг, які ўдалося захаваць

Судзьдзя Эдгар Мартырасян асудзіў актывістаў паводле трэцяй часткі гэтага артыкула: абодвух ужо неаднаразова затрымлівалі ды асуджалі за выкарыстаньне бел-чырвона-белых сьцягоў падчас падобных акцый.

У Тараса Сургана, прыкладам, сума штрафаў, накладзеных рознымі судамі, сягнула ўжо за мільён рублёў:

“Першы штраф у мяне быў 175 тысяч, другі 350, а гэты — 20 базавых велічынь, што складае 700 тысяч рублёў. Я буду аспрэчваць гэты штраф у абласным судзе, потым у Вярхоўным. А калі ня ўдасца — што ж, буду плаціць са свайго заробку, хаця гэта дужа вялікая страта будзе для майго бюджэту. Але што зробіш!”

І Сяргей Каваленка, і Тарас Сурган не выключалі, што іхная акцыя можа скончыцца чарговым судом і штрафам, і шлі на гэта сьвядома. Дарэчы, абодва былі дужа ўсьцешаныя, што ў ізалятары часовага ўтрыманьня ім вярнулі той самы вялікі бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім яны выходзілі ў горад учора ўвечары.

Пакараньне штрафамі за акцыі пад нацыянальнымі сьцягамі сталі звычайнай практыкай у судох Віцебшчыны. Якраз сёньня яшчэ адзін моладзевы актывіст Валеры Раманенка, прыйшоўшы ў суд падтрымаць аднадумцаў, паведаміў, што нядаўна такім самым чынам пакаралі і яго. Днямі Валеры Раманенка і Ірына Пятрова атрымалі пастанову Гарадоцкага райсуду пра тое, што ім прысуджаны штраф за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі ў Дзень Незалежнасьці 27-га ліпеня. Спадар Раманенка кажа, што позваў у суд яны не атрымлівалі, працэс у Гарадку быў праведзены безь іхнай прысутнасьці, і пастанову пра судовае рашэньне яны атрымалі толькі днямі — амаль праз 4 месяцы пасьля паездкі ў Гарадок, дзе яны таксама выходзілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на цэнтральную плошчу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG