Да найчасьцейшых прычынаў заўчаснай сьмерці Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя залічвае высокі ціск крыві і каранарную хваробу сэрца, ужываньне тытунёвых вырабаў, цукровую хваробу, недахоп фізычнай актыўнасьці, залішнюю вагу і атлусьцеласьць, высокі ўзровень халестэрыну ў крыві, сэкс без прэзэрватыву (заражэньне СНІД-ам), спажываньне алькаголю.
Агулам, даклад апісвае і аналізуе 24 чыньнікі, якія вядуць да заўчаснае сьмерці і падзяляюцца на тры групы рызыкі павышанай сьмяротнасьці, зьвязаныя з асяродзьдзем жыцьця чалавека (прыкладам, забруджаньне паветра), з чалавечымі навыкамі і паводзінамі (прыкладам, курэньне тытуню) і з фізыялёгіяй (прыкладам, недаяданьне і благое харчаваньне).
Паводле экспэртаў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, калі б урады змаглі сур’ёзна абмежаваць толькі пяць чыньнікаў рызыкі сусьветнаму здароўю — недаяданьне ў дзяцінстве, сэкс без прэзэрватыву, спажываньне алькаголю, недахоп здаровай вады і належнай гігіены, высокі ціск крыві — сярэдняя працягласьць жыцьця чалавека на нашай плянэце ўзрасла б на 5 гадоў.
У табліцы паказана, як Усясьветная арганізацыя аховы здароўя бачыць уплыў 10 самых істотных чыньнікаў рызыкі сусьветнаму здароўю на заўчасную сьмяротнасьць людзей. Дадзеныя паходзяць з 2004 году — гэта на сёньня самыя сьвежыя дадзеныя па сьмяротнасьці ў сусьветным маштабе.
фактар рызыкі здароўю | працэнт ад усіх сьмерцяў | колькасьць заўчасных сьмерцяў (у мільёнах) |
высокі ціск | 7,5 | 12,8 |
тытунь | 5,1 | 8,7 |
цукровая хвароба | 3,4 | 5,8 |
недахоп актыўнасьці | 3,2 | 5,5 |
атлусьцеласьць | 2,8 | 4,8 |
высокі халестэрын | 2,6 | 4,5 |
сэкс без прэзэрватыву | 2,4 | 4,0 |
алькаголь | 2,3 | 3,8 |
недаяданьне | 2,2 | 3,8 |
забруджанае паветра | 2,0 | 3,3 |