Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Сітніца: Родная мова ў мяне адна


“Радыё Свабода” зьвярнулася да вядомага мастака, намесьніка старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Рыгора Сітніцы з пытаньнем: “Як Вы адказалі падчас перапісу на пытаньне адносна роднай мовы і ці ёсьць у Вас заўвагі да арганізатараў і выканаўцаў перапісу?”


Рыгор Сітніца пра родную мову на перапісе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:58 0:00


Рыгор Сітніца: “Як перапіс праходзіў? Мы з сям’ёй зрабілі гэтую працэдуру ў бліжэйшай школе, якая літаральна ў двары нашага дома. Па першым запатрабаваньні нам пранесьлі беларускамоўныя блянкі, ніякіх праблемаў не ўзьнікала. Зрэшты, перапісчык таксама стараўся выказвацца па-беларуску. Іншая справа, як гэта ў яго атрымлівалася. Але, прынамсі, ён дэманстраваў сваё шанаваньне да беларускамоўнай сям’і. Усё было спакойна. Мы ўвечары зайшлі і хутка ўсё адказалі.

Што да пытаньня адносна роднай мовы. Я ж не першы раз перапісваюся і ва ўсе часы адказваю адное і тое ж, як яно ёсьць. Родная мова ў мяне адна, беларуская, якую я ведаю змалку. Гэта апроч таго, што я свабодна валодаю і іншай мовай. Але, ці мала якой мовай я магу валодаць? А родная тая, якую я засвоіў ад маці і ад бацькі. На якой размаўлялі уся мая сям’я, сваякі, уся вёска. Я з палескай вёскі, з Петрыкаўскага раёну. Там вельмі чыстая, добрая беларуская мова са сваімі палескімі асаблівасьцямі, што ёй надавала адметнага калярыту. Вельмі люблю той калярыт. “Памоўся”, “вупіў”. Аднак, абсалютна усё па-беларуску. Дарэчы, у дзяцінстве, як не дзіва, я даволі не ўсё разумеў па-расейску, што зразумела, бо не было тэлевізіі на той час. Песьні мы чулі беларускія на вуліцах, гаворка была беларуская, і таму тое-сёе, калі я чуў па-руску, не ўсё мне было зразумела. Дакладна я ужо пачаў разумець усё, калі хадзіў у школу, асабліва, калі прыехаў у Менск.

Таму, натуральна, што ж тут разважаць пра роднасьць мовы. Яна ў мяне адна- беларуская. І мова карыстаньня ў сям’і — таксама беларуская. Таму ўсе, і мая жонка, і мой сын, адказалі аднолькава. У нас у гэтым сэнсе ніякіх развагаў проста не бывае. Так ёсьць у жыцьці. А чаму яно роднае? Таму роднае, што яно сваё, ад нараджэньня, па крыві, па духу роднае, і таму ня можа быць іншых варыянтаў. А колькі Бог дасьць мне і майму сыну засвоіць іншых моваў? Чым болей, тым лепей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG