Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусізацыя: зьмяніліся ня погляды, а загады


Першы нацыянальны канал распачаў перавод выпускаў навін, а таксама іншых праграмаў на беларускую мову. Беларусізацыя праграмаў адбываецца таксама ва ўсіх абласных тэлерадыёаб’яднаньнях. У кіраўніцтве кампаній заяўляюць пра адмысловае распараджэньне ўладаў.



МЕНСК


Да навінаў па-беларуску гледачы ставяцца добра

На Першым нацыянальным канале неўзабаве на беларускую мову будзе
На Агульнанацыянальным тэлебачаньні зьменаў на карысьць беларускай мовы амаль няма/
пераведзены выпуск а 19-й гадзіне вечара. Беларускамоўным стаў прагноз надвор’я, а таксама некаторыя іншыя праграмы. Вось як гэта тлумачыць намесьнік кіраўніка кампаніі Аляксандар Мартыненка:

“Спрабуем паглядзець, наколькі беларускамоўныя навіны, беларускамоўныя праграмы запатрабаваныя ў нашых гледачоў. Калі так, то мы іх будзем рабіць больш”.

“Ці ёсьць ужо нейкія водгукі?”

“Часткова”.

“І як людзі ставяцца?”

“Добра”.

Як паведаміў Аляксандар Мартыненка, такое рашэньне Першы нацыянальны канал прыняў самастойна. Кіраўніцтва Сталічнага тэлебачаньня пра моўную палітыку свайго канала паведаміць адмовілася. На Агульнанацыянальным тэлебачаньні зьменаў на карысьць беларускай мовы амаль няма, паведаміў намесьнік кіраўніка Андрэй Бас:

“Штосьці будзе ў нас у ранішніх праграмах на беларускай мове. Асноўныя навіны — пакуль не. Наўрад ці. Ён жа першапачаткова і ствараўся як расейскамоўны канал”.

ГОРАДНЯ


“Гэта адлюстроўвае і нашу сілу на шляху да беларускасьці”

На гарадзенскім тэлебачаньні навіны зноў загучалі на беларускай мове. Чаму і як адбылося вяртаньне да яе?

Кіраўнік тэлерадыёкампаніі “Гродна” Мікалай Мельячэнка патлумачыў:

“Абмеркавалі, паглядзелі, што няма ніводнай праграмы на беларускай мове, вырашылі вярнуцца зноў да яе. Таму што, як вядома, у краіне двухмоўе, так, таму зрабілі — на беларускай. Добра ўсе ўспрынялі”.
Паглядзелі, што няма ніводнай праграмы на беларускай мове, вырашылі вярнуцца зноў да яе.


Зараз тэлевізійныя навіны з Горадні будуць на беларускай мове кожны дзень, патлумачыў Мікалай Мельячэнка. Я пацікавіўся: ці былі нейкія складанасьці, ці ўсе журналісты валодаюць мовай? Бо некаторыя сюжэты па-ранейшаму гучаць на расейскай мове.

Мельячэнка: “Не, гэта мы толькі спрабавалі — адны сюжэты былі на беларускай, іншыя на расейскай. Зараз усе будуць на беларускай мове, за выключэньнем камэрцыйных сюжэтаў, таму што — хто плаціць, той заказвае, на якой мове. Хаця некаторыя цяжкасьці ёсьць, канечне, бо прызвычаіліся на расейскай мове, але — тыдзень-другі, і ўсё будзе добра”.

Гарадзенскі гісторык, пісьменьнік Алесь Краўцэвіч гаворыць пра тое, як ён успрымае вяртаньне беларускай мовы ў выпускі рэгіянальных тэленавінаў:

“Я лічу, што трэба вітаць любую праяву павароту да беларускай мовы, да беларускай культуры. Канечне, гэта выглядае ўсё як гульня, можа быць, загад прыйшоў такі аднекуль… З другога боку, я лічу, што гэта паказвае і нашую сілу, паколькі незалежная, інтэлектуальная частка грамадзтва патрабуе, каб краіна была беларускай, таму што гэта Беларусь. Увогуле, як сабе ўявіць сытуацыю, калі краінай кіруюць людзі, якія ня могуць размаўляць на мове гэтай краіны?! І яны самі пачынаюць разумець, можа быць: не прайшло, як кажуць, і дваццаці
Прызвычаіліся на расейскай мове, але — тыдзень-другі, і ўсё будзе добра.
гадоў ад пачатку ўлады Лукашэнкі, як пачалі разумець, што ўсё-ткі незалежная краіна павінна мець сваю мову”.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На тэлестудыях у Слоніме, Лідзе і Смаргоні беларуская мова гучыць ня часта

Цяпер на Гарадзеншчыне ў шэрагу райцэнтраў зьявілася мясцовае тэлебачаньне, якое бывае ў эфіры па некалькі гадзінаў. Ці шануюць тут беларускую мову?

У Слоніме тэлебачаньне паўстала нядаўна і ў эфіры пакуль толькі дзьве гадзіны на дзень. Пераважна, як кажа журналіст Сяргей Васільеў, трансьлююць навіны і сацыяльную рэкляму. Пра беларускую мову суразмоўца кажа:

“Пакуль нічога няма. Праўда, мы хацелі рабіць на беларускай мове перадачу кшталту “Падарожжы дылетанта”. Але пакуль у нас няма каму гэтага рабіць, у нас толькі 3 журналісты”.

У Лідзе студыя тэлебачаньня, як адзначае адказны выпускаючы Аляксей Авадэйка, працуе ўжо пяць гадоў:

“У нас у навінах гучыць беларуская мова ў асобных сюжэтах. А вось перадачаў як такіх у нас няма, толькі блёкі навінаў”.

У Смаргоні на мясцовым тэлебачаньні навіны рыхтуюцца па панядзелках і чацьвяргах, а ў аўторак і пятніцу праграмы паўтараюцца. Апэратар, спадар Аляксандар, якога я засьпеў на працы, кажа, што беларускай мовы ў іхніх навінах няшмат.

“Беларуская мова гучыць толькі ў некаторых сюжэтах, але гэта бывае нячаста”.

ВІЦЕБШЧЫНА


Галоўны рэдактар: “Для нас зручней працаваць на беларускай мове”

Віцебскае тэлебачаньне асвойвае беларускую мову: беларускамоўнымі сталі штодзённыя выпускі навінаў “Віцебскі весьнік”. Аднак замовіць аб’яву або віншаваньне па-беларуску на віцебскім тэлебачаньні, як і раней, праблематычна.

Беларускую мову на віцебскім тэлебачаньні апошнім часам пачалі ўводзіць паводле загаду “зьверху”: так распарадзілася кіраўніцтва
Цяпер некаторым супрацоўнікам даводзіцца вучыць беларускую, бо інакш не выпускаюць у прамы эфір.
мясцовай тэлерадыёкампаніі, спасылаючыся на пажаданьні менскага начальства.

Спачатку беларускамоўнымі сталі толькі суботнія выпускі навінаў інфармацыйнай праграмы віцебскага абласнога тэлебачаньня “Віцебскі весьнік”. У астатнія дні яны выпускаліся па-расейску. Але ўжо больш за тыдзень па-беларуску выходзяць усе выпускі навін, кажа галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі Юры Давідоўскі:

“З 12 кастрычніка мы перайшлі на беларускую мову. І інфармацыйныя выпускі, і “Навіны рэгіёну” цяпер па-беларуску, уся рэдакцыя інфармацыі працуе па-беларуску. Для нас гэта зручней, бо наша радыё працуе на беларускай мове, і цяпер няма праблем, каб абмяняцца нейкай інфармацыяй паміж рэдакцыямі безь перакладу”.

Юры Давідоўскі распавёў, што гады тры таму навіны ўжо былі беларускамоўныя, і таму пры адборы вядучых абавязковым патрабаваньнем было добрае валоданьне роднай мовай. Потым адбылася русыфікацыя тэлекампаніі: усе перадачы сталі весьціся на расейскай мове. Цяпер некаторым супрацоўнікам даводзіцца вучыць беларускую, бо інакш не выпускаюць у прамы эфір.

Але выпускі навінаў — пакуль адзіная тут адзнака беларускамоўнасьці. Іншыя праграмы віцебскага тэлебачаньня, у тым ліку “Область решений”, прысьвечаная дзейнасьці аблвыканкаму ды іншых дзяржаўных структур, па-ранейшаму расейскамоўная. Расейскамоўным застаецца і сайт Віцебскай тэлерадыёкампаніі: зь яго нават не відаць, што нейкія перадачы ўсё ж выходзяць на роднай мове.

Па-ранейшаму на тэлебачаньні ёсьць праблемы і зь віншаваньнямі ў адмысловых праграмах, і з аб’явамі на беларускай мове. З гэтай нагоды віцебская абласная Рада ТБМ на чале зь Ёсіфам Навумчыкам неаднаразова пісала лісты ў рэдакцыю, але ў адказ ім паведамлялі, што расейскамоўныя вядучыя ня могуць прачытаць віншаваньне або іншыя супрацоўнікі ня могуць запісаць па-беларуску тэкст аб’явы.

У гэтым сэнсе сытуацыя аднолькавая і на дзяржаўным тэлебачаньні, і на недзяржаўным тэлебачаньні “Скіф”, якое трансьлюецца ў Віцебску і Воршы.

Сябар аршанскай суполкі КХП БНФ Юры Конышка нават судзіўся з тэлекампаніяй “Скіф”, якая адмовілася трансьляваць “бягучым радком” беларускамоўнае запрашэньне на грамадзкую паніхіду да “Дзядоў”:

“Гэта было запрашэньне на “Дзяды”. Мы замовілі аб’яву, а тэлебачаньне не зьмясьціла. Я падаў на іх у суд, але суд вырашыў, каб мне проста вярнулі грошы. І мне даслалі назад тыя 8 тысяч, ці колькі”.

Гісторыя з аб’явай пра “Дзяды” адбылася некалькі год таму. Але актывіст Юры Конышка адзначае, што і сёлета са “Скіфам” былі непрыемныя сытуацыі — да прыкладу, ягоныя пытаньні на беларускай мове да ўдзельнікаў перадачы “Диалог в прямом эфире” не змаглі запісаць расейскамоўныя асыстэнткі.

На думку старшыні абласной суполкі Партыі БНФ Кастуся Смолікава, зьяўленьне навін на беларускай мове можна лічыць крокам наперад, але пры гэтым ня варта забываць, што гэта ўсяго толькі выкананьне загаду, а ня ўласная пазыцыя віцебскіх дзяржаўных журналістаў. Бо калі год таму сябры апазыцыі зьвярнуліся ў рэдакцыю з пажаданьнем, каб праграм па-беларуску было болей, ім казалі, што беларускай мовы ў эфіры і так дастаткова. Так што сёлета на тэлебачаньні памяняліся ня погляды, а загады.

БЕРАСЬЦЕ


Намесьнік кіраўніка: “Пакуль па суботах, а пасьля ўжо…”

У абласных дзяржаўных тэлерадыёаб’яднаньнях трымаюцца беларускамоўных ініцыятываў. У прыватнасьці, пра гэта паведаміў намесьнік кіраўніка тэлерадыёкампаніі ў Берасьці Дзьмітры Бушуеў:

“Пераходзім пакрысе. Павінны былі ўжо ў гэтую суботу выходзіць навіны на беларускай мове. Пакуль па суботах, а пасьля ўжо...”

Паводле спадара Бушуева, такое рашэньне кіраўніцтва кампаніі таксама прыняло самастойна.

Беларусізацыя адбываецца таксама і ў Гомельскай тэлерадыёкампаніі. Аднак рашэньне пра перавод навінаў і праграмаў на родную мову кіраўніцтва прымала самастойна толькі часткова, паведаміла намесьніца кіраўніка Сьвятлана Яўрасава:

ГОМЕЛЬ



Намесьніца кіраўніка: “Гэтая тэндэнцыя, на мой погляд, яна будзе працягвацца”.


“Канчатковае рашэньне было нашае, мы самастойна яго прымалі. Але мне падаецца, што зараз ёсьць такая тэндэнцыя і яна тычыцца і дзяржаўных, і недзяржаўных тэлерадыёкампаній. Родную мову неабходна разьвіваць. Гэтая тэндэнцыя, на мой погляд, яна будзе працягвацца”.

************************************

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў сёлета меў адмысловую сустрэчу з кіраўніком Першага нацыянальнага каналу ў
Алег Трусаў
справе большай прысутнасьці беларускай мовы ў эфіры БТ. Зьмены ў кірунку беларусізацыі спадар Трусаў называе часткова вынікам і гэтых намаганьняў. Вось як спадар Трусаў камэнтуе падзеі:

“Невыпадкова, што падчас перапісу гэта пачалося. Бо сытуацыя ў краіне складваецца так, што беларуская мова і культура — той стратэгічны тавар, які зараз заменіць трактары, якія ніхто не купляе, і самазвалы”.

Былы кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін ухваляе кірунак на беларусізацыю тэлеэфіру, але мяркуе, што толькі гэтыя захады
Генадзь Бураўкін
— надзвычай мізэрныя для адраджэньня роднай мовы:

“Трэба больш сур’ёзныя меры прымаць. Я маю на ўвазе і тое, што робіцца ў школе, у СМІ, ва ўжытку ва ўсялякіх дзяржаўных інстытуцыях. З гэтага трэба пачынаць, і пачынаць з таго, што калі гэта — зразумела ж — прымаецца ня без удзелу кіроўных структур, то каб гэта самі кіроўныя структуры паказалі”.



БТ загаворыць па-беларуску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG