Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі эканоміка сёлета ўпадзе да дна, то ў 2010 можа быць і рост”


Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Прэзыдыюм Савета Міністраў у цэлым ухваліў праект бюджэту на 2010 год. Заяўлена, што бюджэт будзе захоўваць сацыяльную накіраванасьць. Наколькі абгрунтаваныя разьлікі ўрадавых адмыслоўцаў, ці выглядае рэальным прагноз росту беларускай эканомікі ў наступным годзе? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Цыганкоў: Міністэрства фінансаў прагназуе даходную частку бюджэту ў 2010 годзе, зыходзячы з росту ВУП краіны на 2 працэнты, што зьяўляецца базавым сцэнаром разьвіцьця эканомікі Беларусі. Наколькі рэалістычны гэты прагноз? Ці азначае гэта, што на думку Мінфіна, Беларусь у 2010 годзе выйдзе з крызісу і пачнецца рост эканомікі?

Злотнікаў: Я мяркую, што сёлета да канца года можа быць падзеньне “да дна”. І калі гэта адбудзецца, то тады ўжо могуць быць хістаньні ў розныя бакі вакол гэтага дна. І тады магчыма, што можа быць адзначаны нават і рост ВУП.

Цыганкоў: Што, па-вашаму, азначае “дно”, у якіх лічбах яно выражаецца?

Злотнікаў: Калісьці я пісаў, што падзеньне сёлета можа скласьці 10-15 працэнтаў. Гэта і будзе “дно”, пасьля яго падзеньня можа і ня быць. На самой справе прагназаваць вельмі цяжка, бо невядома, што адбудзецца па ўсім сьвеце — ці будзе другая фаза крызісу, якую таксама чакаюць некаторыя экспэрты.

Цыганкоў: Мінфін Беларусі спрагназаваў, што ў праекце дэфіцыт кансалідаванага бюджэту будзе 1,5 працэнта. Натуральна, што ў пэрыяд крызісу бюджэт плянуецца з дэфіцытам, — але ці рэальная лічба 1,5 працэнты?

Злотнікаў: Гэта хутчэй пажаданая лічба. Дэфіцыт бюджэту ў пэрыяд крызісу — гэта нармальная зьява ў эканамічнай тэорыі, бо за кошт гэтага дзяржава павялічвае ўнутраны попыт на тавары на сваіх рынках, і гэта добра ўплывае на эканоміку. Напрыклад, сёлета дэфіцыт бюджэту ў ЗША можа быць 7-8 працэнтаў. Гэта нармальная зьява.

Цыганкоў: У паведамленьні пра праект бюджэту сказана, што ён захавае сацыяльную накіраванасьць. Каля 60 працэнтаў бюджэту пойдзе ў сацыяльную сфэру. Многія дзяржавы ў пэрыяд крызісу скарачаюць сацыяльныя выдаткі. У Беларусі гэта не зьбіраюцца рабіць?

Злотнікаў: На самой справе паніжэньне сацыяльных выплат ужо адбываецца. Калі ўзяць, напрыклад, пэнсіі, то яны засталіся тыя самыя, якія былі ў сярэдзіне мінулага году. Але інфляцыя за гэты пэрыяд склала прыблізна 15 працэнтаў. На столькі ж скараціліся і пэнсіі. Таму, калі на наступны год выдаткі на сацыяльныя платы застануцца на цяперашнім узроўні, то з улікам інфляцыі гэта будзе азначаць іхняе рэальнае падзеньне.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG