Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, праспэкт Незалежнасьці. Усходнія могілкі



Шыльда Свабоды

Менск, праспэкт Незалежнасьці. Усходнія могілкі
Тут 30 кастрычніка 1988 году зьбіраліся людзі, каб памянуць памерлых. Адзначэньне Дзядоў вылілася ў адкрытую акцыю пратэсту супраць камуністычнага гвалту, жорстка, з прымяненьнем сьлезацечнага газу, разагнаную міліцыяй.

Тым непагодным восеньскім ранкам 30 кастрычніка 1988 году цягнікі менскага мэтро да канцавой станцыі “Ўсход” не даходзілі. Сотні людзей пехам ішлі на Ўсходнія могілкі, каб на Дзяды памянуць памерлых. А на падыходзе іх чакалі тысячныя сілы міліцыі і ўнутраных войскаў. Людзей хапалі і кідалі ў “варанкі”, труцілі газам.

Стала зразумелым, што плянаваны мітынг тут не адбудзецца. Тады вырашылі ісьці ў Курапаты. Калёна расьцягнулася ці не на кілямэтар. Але міліцыя з дубінкамі ўжо чакала і ў Курапатах, І Зянон Пазьняк, старшыня аргкамітэту БНФ, вырашыў правесьці мітынг-рэквіем проста ў полі.

Каб лепей было бачыць і чуць тых, хто прамаўляў, людзі прыселі — як на малітву.

Пасьпелі выступіць толькі тры чалавекі. Уключым архіўны запіс. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

“Гісторыя дала беларусам, бадай, апошні шанец — застацца народам, які жыве на сваёй зямлі і сам вырашае свой лёс. Ня выкарыстаць гэты шанец — значыць учыніць злачынства і перад памяцьцю продкаў, і перад наступнымі пакаленьнямі. Ушануем нашых герояў, ушануем мужных і сумленных людзей, што спрадвеку жылі на беларускай зямлі. У гэты надзвычай адказны для будучыні Айчыны час яны побач з намі”.

Зянон Пазьняк:

“Сябры, я зачытаю вам дэклярацыю таварыства “Мартыралёг”, створанага для высьвятленьня злачынстваў сталіншчыны і высьвятленьня нашых стратаў, усіх загінулых у 20-я, 30-я, 40-я, 50-я гады ў час сталінскага тэрору. Вы бачыце, што нашая прэса друкуе толькі аднабаковую інфармацыю тых людзей, якія выступаюць супраць перабудовы, і тое, што мы тут вымушаныя сабрацца за горадам у полі, сьведчыць аб іхняй пазыцыі. Яны нам нават месца каля нашых продкаў , каля могільніка не далі, але нічога, мы на сваёй зямлі, і яна нас зразумее...” (Воплескі.)



Яшчэ выступіла маладая паэтка з Барысава Тацяна Зіненка. І тады — успамінае Ўладзімер Арлоў

“…адбылося, напэўна, першае ўзьняцьце нашага нацыянальнага сьцяга за некалькі дзесяцігодзьдзяў, прынамсі, публічнае. Адзін юнак расшпіліў сваё паліто, і высьветлілася, што ён быў абкручаны бел-чырвона-белым сьцягам. І калі гэты сьцяг быў падняты над галовамі, гэта і паслужыла своеасаблівым сыгналам атакі на нас. Мы ўжо даўно былі аточаныя некалькімі шчыльнымі кольцамі міліцыі і ўнутраных войскаў. Прычым мне добра запомнілася, што ў форме ўнутраных войскаў былі людзі неславянскай зьнешнасьці, гэта значыць, што яны наўрад ці разумелі, што адбывалася. Прагучалі каманды з розных бакоў: “Расьсякай”, і на нас кінуліся”.

Сотні зьбітых, атручаных газам людзей — такая перамога ўладаў. Адчуваньне сябе часткай народу, які асьмеліўся на адкрыты пратэст, — такая перамога ўдзельнікаў “Дзядоў” 1988 году.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG