Шыльда Свабоды
Менск, вуліца Савецкая, 15
Менск, вуліца Савецкая, 15
19 кастрычніка 1988 году ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены, дзе тады месьціўся Дом кіно, былі ўтвораныя Беларускае грамадзкае гісторыка-асьветніцкае таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралёг Беларусі” і аргкамітэт Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”.
Драматычныя падзеі, якія разгортваліся ўвечары 19 кастрычніка 1988 году ў Доме кіно Саюзу кінематаграфістаў БССР (раней і цяпер — касьцёле Сьвятых Сымона і Алены), вызначылі цэлы шэраг наступных падзеяў найноўшай гісторыі Беларусі. А мо і ўсю гэту гісторыю.
Праўда пра злачынствы сталінізму, якая пашырылася з адкрыцьцём Курапатаў, выклікала хвалю антыкамунізму, і найперш у літаратурным, мастацкім і навуковым асяродзьдзі. Хісткі стан камуністычнай улады пачалі скарыстоўваць суседзі-прыбалты дзеля свайго вызваленьня, ствараючы народныя франты. Гісторыя давала шанец і беларусам. Пра гэта, адкрываючы ўстаноўчы сход Таварыства памяці ахвяраў сталінізму “Мартыралёг Беларусі”, і казаў пісьменьнік Васіль Быкаў:
“Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элемэнтам гістарычнай памяці і гарантам. Гарантам будучыні народу, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці” .
Васіль Быкаў вылучае Пазьняка на пасаду старшыні "Мартыралёгу". Зьлева — супрацоўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук. У цэнтры -- вядоўца сходу, пісьменьнік Міхась Дубянецкі.
Заля, у якой была і моладзь, і тыя, хто прайшоў сталінскія лягеры, і нацыянальная творчая эліта (Стэфанія Станюта, Максім Танк, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін), выбухнула авацыяй. Адчулася і злавеснае шыпеньне некалькіх дзясяткаў чыноўнікаў, якіх заслалі, каб сарваць сход.
Было зразумелым, што ўтвараецца палітычная арганізацыя для дэмакратызацыі грамадзтва, што яна пойдзе далей за складаньне сьпісу ахвяраў. Таму і кіраўнік Таварыства павінен быць адданы ідэям дэмакратызацыі і нацыянальнага Адраджэньня, пазбаўлены страху — патлумачыў Васіль Быкаў і прапанаваў кандыдатуру Зянона Пазьняка.
Гэта ўжо выклікала страх у чыноўнікаў. Да трыбуны кінуўся прадстаўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук. Вось гістарычны запіс таго эпізоду:
Быкаў: “Наступнае, што павінна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукі! Хто ўстрымаўся? Няма! Усё!” (воплескі)
Бузук: “И это — демократия?”
Галасы з залі: “Так, дэмакратыя!”
Далей сход вёў Зянон Пазьняк, і ён прапанаваў тое, чаго чакалі:
“... я выстаўляю на галасаваньне наступную прапанову: утварыць пры таварыстве “Мартыралёг” арганізацыйны камітэт... арганізацыйны камітэт па стварэньні Беларускага Народнага Фронту за перабудову “Адраджэньне” (воплескі).
І адразу ж пасьля галасаваньня зачытаў папярэдне падрыхтаваны сьпіс тых, хто меўся ўзяцца за стварэньне Народнага Фронту: Васіль Быкаў, Алесь Бяляцкі, Анатоль Варава, Вінцук Вячорка, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, Юры Дракахруст, Міхась Дубянецкі, Вячаслаў Жыбуль, Яўген Кулік, Мікола Купава, Валеры Масьлюк, Пятро Садоўскі, Алесь Суша, Генадзь Тумаш, Сымон Сьвістуновіч, Міхась Ткачоў, Алег Трусаў, Ігар Чарняўскі, Міхась Чарняўскі, Яўген Шунейка, Васіль Якавенка. На просьбу залі дадалі і самога Пазьняка.
Так пачалася новая беларуская палітычная эра.