Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі ўвайшлі ў Беларусь


Сёньня ў Беларусь прыбыў першы чыгуначны эшалён з расейскімі войскамі для ўдзелу ў стратэгічна-апэратыўных вучэньнях “Захад-2009”. Вучэньні працягнуцца да 29 верасьня.

Правядзеньне вучэньняў доўгі час заставалася пад пытаньнем. Аднак пасьля заканчэньня беларуска-расейскай малочнай вайны і нядаўняй сустрэчы ў Сочы з прэзыдэнтам Расеі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што сумесныя вучэньні пройдуць і стануць самымі маштабнымі. У Міністэрстве абароны не паведамляюць, колькі грошай яны пацягнуць зь бюджэту ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу. Прэсавы сакратар Міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык патлумачыў толькі мэты манэўраў:

“Выконваюцца сумесныя задачы разам з узброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў па гарантаваньні ваеннай бясьпекі саюзнай дзяржавы. Паводле задач, якія выконваюцца, паводле тых сродкаў і сіл, якія прыцягваюцца, гэта самыя маштабныя вучэньні ў гісторыі Беларусі. Вучэньнямі кіруе міністар абароны Рэспублікі Беларусь”.

Спадар Раменьчык назваў глупствам распаўсюджаную ў інтэрнэце вэрсію, што на вучэньнях будзе адпрацавана імітацыя канфлікту з войскамі НАТО.

“На вучэньнях не вызначаецца праціўнік. Мы вывучаем сучасныя канфлікты, якія праходзяць па ўсёй плянэце”.

Паводле Вячаслава Раменьчыка, у вучэньнях, якія пройдуць на ўсёй тэрыторыі Беларусі, возьмуць удзел больш за 6 тысячаў расейскіх вайскоўцаў. Сёньня прыбыў расейскі ваенны эшалён з інжынэрным падразьдзяленьнем для адмысловай падрыхтоўкі. Падчас манэўраў будзе апрабавана створаная ў гэтым годзе адзіная рэгіянальная сыстэма супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі.

Адмыслова празь беларускія ваенкаматы на вучэньні прызвана таксама каля дзьвюх тысяч вайскоўцаў запасу. А ўсяго ў вучэньнях возьмуць удзел

  • больш за 12 з паловай тысяч вайскоўцаў,
  • больш за 200 баявых танкаў,
  • 470 баявых бронемашын, больш за сто лятальных апаратаў,
  • больш за 200 самаходных і буксаваных артылерыйскіх гарматаў, мінамётаў і ракетных сыстэм залпавага агню.

Бандарэнка: Уваходзяць расейскія дэсантныя часткі, якія ніколі ў прынцыпе ня могуць займацца абаронай.
Дзеяньні войскаў адбудуцца на пяці палігонах. Асноўным месцам стане Абуз-Лясноўскі палігон у Берасьцейскай вобласьці. Асобна на Барысаўскім палігоне пройдзе вучэньне паводле пляну генштабу ўзброеных сілаў Расеі. 29 верасьня адбудзецца фарсаваньне Беразіны беларуска-расейскімі сіламі.Таксама плянуецца высадка паветранага дэсанту ў раёне Ліды колькасьцю да 600 чалавек з узбраеньнем і вайсковай тэхнікай.

Прадстаўнікі апазыцыі выказваюць пратэст супраць гэтых манэўраў з удзелам расейскіх войскаў. Былы вайсковец Зьміцер Бандарэнка адзначыў:

Зьміцер Бандарэнка
“Упершыню такая велізарная расейская групоўка ўвайшла на тэрыторыю нашай краіны. Гэта незвычайнае вучэньне. Гэтае вучэньне адбываецца падчас крызісу, калі ні ў Беларусі, ні ў Расеі не павінна быць залішніх сродкаў. Уваходзяць расейскія часткі, дэсантныя часткі таксама ўваходзяць, якія ніколі ў прынцыпе ня могуць займацца абаронай. Гэтыя вучэньні — гэта другі этап у вучэньнях сілаў КСАР. Штабныя вучэньні былі ў Маскве, другая тут, а трэцяя частка ў Казахстане. Гэта ўсё вельмі небясьпечна для незалежнасьці нашай краіны і пачаткаў дэмакратычнасьці ў нашай краіне. І таму людзі павінны пратэставаць. Калі ў Грузію ўваходзяць расейскія танкі, усе лічаць, што гэта вайна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG