Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выйсьці з крызісу: варыянт апазыцыі


Кожны дзясяты жыхар Беларусі ўжо ведае пра Антыкрызісную плятформу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі. Такая лічба прагучала на сёньняшнім паседжаньні Нацыянальнага камітэту (ценевага ўраду) Беларусі. Сябры Камітэту лічаць, што знаёмства грамадзтва з праграмай, якую прапануе апазыцыя, павінна быць больш шырокім.

Паводле апытаньня, праведзенага ў сярэдзіне ліпеня службай Гэлапа, кожны дзесяты жыхар краіны ведае пра дакумэнт, падрыхтаваны экспэртамі Аб’яднаных дэмсілаў, -- сьцьвярджае Анатоль Лябедзька. Тэма крызісу — самая балючая для беларусаў, цьвердзяць сацыёлягі. Толькі 9% апытаных сказалі, што, на іхную думку, эканамічная сытуацыя ў краіне паляпшаецца.

Старшыня Нацкаму Анатоль Лябедзька адзначае: амаль 700 тысяч дарослага насельніцтва краіны ведае пра плятформу. Ён назыавае чыньнікі гэтага:

Анатоль Лябедзька
“Па-першае, гэта вельмі цеснае супрацоўніцтва з незалежнымі мэдыямі. Мы ўключылі ў гэту працу ўсе выданьні. І “Народная воля”, і “Intex-press”, і “Брестский курьер”, і “Борисовские новості”, і “Свободные новости”… Не гаворачы ўжо пра інтэрнэт-выданьні. Многія зь іх рабілі па тры-чатыры інфармацыйныя хвалі.

Па-другое, гэта актывісты, валянтэры, якія ішлі з газэтамі і ўлёткамі на заводзкія прахадныя, на вуліцы гарадоў, раскідвалі матэрыялы ў паштовыя скрынкі”.

Сярод самых актыўных распаўсюднікаў антыкрызіснай плятформы намесьнік старшыні “Маладых дэмакратаў” Аляксандар Сяргеенка. Апошнім часам ён раздаваў матэрыялы на МАЗе, у Стоўбцах на філіяле Менскага маторнага заводу, на вуліцах Менску. Аляксандар кажа, што людзі вельмі ахвотна цікавяцца такой інфармацыяй:

“На заводах працоўныя вельмі цікавяцца матэрыяламі пра крызіс. Толькі адзінкавыя людзі з офісных ці ідэалягічных установаў, што бачна па іхнай вопратцы, могуць адмовіцца ад такой прадукцыі. Працоўным робіцца цяжэй жыць. Напрыклад, на МАЗе мне сказаў рабочы, што да крызісу ён атрымліваў 1мільён 600 тысячаў рублёў на месяц, а цяпер толькі 800 тысячаў”.

Аляксандар Сяргеенка і ягоныя таварышы рыхтуюцца да любых размоваў. Яны былі навучэнцамі спэцыяльных сэмінараў, якія ўжо прайшлі ў Менску і Менскай вобласьці. А як раз сёньня першы такі сэмінар праходзіць для актывістаў Гомельскай вобласьці.

Леў Марголін
У Нацыянальным камітэце гэту справу каардынуе эканаміст Леў Марголін. Ён гаворыць “Свабодзе” пра асноўнае, што павінен ведаць распаўсюднік антыкрызіснай плятформы:

“Чаму наш урад лічыць, што гэта міжнародны крызіс, а не беларускі? Чаму насамрэч гэты крызіс наш родны, беларускі? Чаму ўрад ня мае ніякай антыкрызіснай праграмы, а мы яе прапаноўваем? І якія яе асноўныя накірункі?”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG