СЛУХАЦЬ:
Палітычныя дачыненьні Беларусі з Расеяй і Эўразьвязам, унутраная палітыка краіны і дзейнасьць беларускай апазыцыі — тэмы наступных тэлефанаваньнях слухачоў:
Спадарыня: “Расея і Эўразьвяз просты народ Беларусі, відаць, лічаць недзеяздольным. Адна прызначае прэзыдэнта, іншыя падбіраюць лідэра апазыцыі. Божа мой, ды адчапіцеся ад Беларусі і тыя, і другія і не перашкаджайце беларусам самім выбіраць нармальнага прэзыдэнта і лідэра апазыцыі Аб’яднаных дэмакратычных сіл Беларусі. Тыя антыапазыцыянэры ў дыялёгу з уладай у кактэйльную палачку ператварылі “Ўсходняе партнэрства” і п’юць, атрымліваючы асалоду ад таго, што адбываецца ў Беларусі”.
Ніна Ярмалінская, г. Салігорск: “Было б мэтазгодна, каб сустаршыні АДС кожны месяц давалі інфармацыю аб выкананай імі працы. Тады нашы грамадзяне ведалі б, чым яны канкрэтна займаюцца ўвесь час. Як працуюць над зьменамі ў выбарчае заканадаўства і ці доўга яшчэ будзе працягвацца іх любоў з камуністычнай партыяй”.
Слухачцы адказвае намесьнік старшыні БСДП Анатоль Сідарэвіч:
“Мне вельмі сымпатычнае гэтае пытаньне. Я мяркую, што сустаршыням АДС ня шкодзіла б інфармаваць грамадзянаў Беларусі, чым яны займаюцца. На маю думку, камуністы паводле свайго вызначэньня ня могуць быць залічаныя ў дэмакраты. Калякін, нібыта, публічна ў газэце “Наша Ніва” адмовіўся ад бальшавізму. Як кажуць, дай Бог чутае бачыць”.
Слухачы таксама працягваюць абмяркоўваць памілаваньне Аляксандрам Лукашэнкам двух забойцаў зь вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну. Нагадаю, што Сяргей Аліфяровіч ды Ігар Макарэвіч былі пакараныя судом на 5 і 3 гады пазбаўленьня волі за забойства аднавяскоўца, якога падазравалі ў падпалах:
Спадарыня: “Свабода”, добры дзень! У сувязі з памілаваньнем пухавіцкіх забойцаў было б абсалютна справядлівым вызваліць ад крымінальнай адказнасьці жанчын, якія расправіліся са сваімі звар’яцелымі ад п’янства катамі. Неістотна, ці перавысілі яны меры абароны, ці прадухілілі немінучы гвалт над сабой і дзецьмі. Ахвяры сьледчага экспэрымэнту нашых доблесных праваахоўных органаў таксама маюць права на памілаваньне. Гвалт я выпрабавала на сабе і нікому ня зычу перажыць той жах і роспач”.
Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:
Мельнікаў Мікалай Аляксандравіч, Гародня, музэй Быкава: “Добры дзень, “Свабода”. Мы хочам вам прапанаваць, прасіць вас, каб вы вынесьлі на абмеркаваньне кніжку нашу, якую мы выдалі: “Пасланец мужнасьці: паэтычныя прысьвячэньні Васілю Быкаву”.
Спадар, Барысаў: “Шаноўная радыёстанцыя “Свабода”! У горадзе Барысаве няма дзе адрамантаваць парасон. А калі знойдзеш па-падпольнаму, то ён зь цябе зьдзярэ тры скуры. А насельніцтва сто семдзесят тысяч у горадзе Барысаве. Дзякуй за ўвагу”.
Валер Курневіч, Барысаў: “Грамадзяне Менску зьвярнуліся, каб атрымаць страхоўку наконт дваццаць чацьвёртага ліпеня, затопу іх аўтамабіляў, разбурэньня маёмасьці. Страхоўку, як заўсёды, не атрымалі. Таксама ў ашчадкасах уклады ня далі: нават у старых “грабавыя”, пахавальныя грошы прапалі. Людзі пра свае ўклады і сёньня ўспамінаюць — уладу праклінаюць. Чаго ім чакаць? Трэба ўладу мяняць”.
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.