Але натуральна, што удзельнікі нарады не маглі не адрэагаваць на апошнія выказваньні лідэра ПКБ Сяргея Калякіна
Гэтае пытаньне ўзьняў намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, які адзначыў, што ўсялякія сумневы ў легітымнасьці постсавецкіх межаў ускосна б’юць і па легітымнасьці і незалежнасьці Беларусі. На думку Вячоркі, ідэя аб увядзеньні адзінай валюты “саюзнай дзяржавы” безумоўна цягне пагрозу незалежнасьці Беларусі і наўрад ці знаходзіцца ў згодзе з базавымі прынцыпамі АДС
Вячорка: Увогуле кажучы, я лічу, што такія пасьлядоўныя і дэманстратыўныя заявы Сяргея Калякіна могуць сьведчыць пра некалькі рэчаў. Па-першае, зьвярнуць на сябе ўвагу Расеі – што, на маю думку, безнадзейна, паколькі Масква ўсё роўна будзе падтрымліваць Лукашэнку, не гледзячы на ўсе свары.
Па-другое, гэта выпрабаваньне дэмакратычнай кааліцыі на разрыў, калі яе цягнуць у беспэрспэктыўны геапалітычны бок. Беспэрспэктыўны, бо нават Лукашэнка, які гуляў у гэтыя гульні, цяпер змушаны (прынамсі, на словах) лічыцца з усё больш моцнымі патрыятычнымі настроямі ў беларускім грамадзтве і ня быць такім безаглядна прарасейскім.
Прыкра, што прадпісаная Аляксандрам Мілінкевічам канцэпцыя нішаў, паводле якой ён сам займае нішу празаходнюю і ёсьць яе манапольным прадстаўніком, а ёсьць яшчэ ніша расейская – гэтая канцэпцыя нішаў успрынятая спадаром Калякіным і ён робіць спробы гэтую прарасейскую нішу заняць. Адказныя дэмакратычныя сілы будуць ня “нішы займаць”, а стаяць на прабеларускіх пазыцыях