Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Астаповіч прыпыніў дзейнасьць сэкцыі Сіўчыка


Антон Астаповіч (крайні зьлева), Вячаслаў Сіўчык (крайні справа). Круглы стол “Камунізм як антычалавечая ідэалёгія. Лічбы і факты”. Лістапад 2008 году.
Антон Астаповіч (крайні зьлева), Вячаслаў Сіўчык (крайні справа). Круглы стол “Камунізм як антычалавечая ідэалёгія. Лічбы і факты”. Лістапад 2008 году.
Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры прыпыняе дзейнасьць сваёй мэмарыяльнай сэкцыі. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня таварыства Антон Астаповіч.

Паводле яго слоў, шматлікія актывісты мэмарыяльнай сэкцыі сталі аддаваць прыярытэт актыўнай палітычнай дзейнасьці, што не магло не паўплываць на яе працу. “У той час, калі таварыства не зьяўляецца палітычнай арганізацыяй і мае акрэсьленыя статутам мэты і задачы, сэкцыя стала палітызавацца, накіроўваць сваю дзейнасьць у не прадугледжанае статутам рэчышча, шматлікія крокі сяброў сэкцыі нават не ўзгадняліся з кіраўнічымі органамі арганізацыі”, — сказаў Астаповіч.

Уваходжаньне сяброў сэкцыі ад яе імя ў так званы антыкамуністычны фронт, які ствараецца пад эгідай незарэгістраванай партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“, зьяўляецца не толькі грубейшым парушэньнем нашага статута, але ж крокам па-за межамі элемэнтарнай этыкі..
“Найперш, у нашым статуце запісана, што таварыства супрацоўнічае з зарэгістраванымі грамадзкімі арганізацыямі і партыямі. Уваходжаньне сяброў сэкцыі ад яе імя, пра што было задэкларавана ў СМІ, у так званы антыкамуністычны фронт, які ствараецца пад эгідай незарэгістраванай партыі „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя“, зьяўляецца не толькі грубейшым парушэньнем нашага статута, але ж крокам па-за межамі элемэнтарнай этыкі. Гэты крок быў зроблены бязь ведама кіраўніцтва аб’яднаньня, якое пра гэтую падзею даведалася з інфармацыйных блёкаў навін”, — паведаміў Астаповіч.

Ён адзначыў, што пазастатутная дзейнасьць сэкцыі прывяла да пісьмовага папярэджаньня з боку Міністэрства культуры Беларусі ў красавіку 2009 года.

“Таму распараджэньнем, якое я прыняў, праца мэмарыяльнай сэкцыі таварыства прыпынена да разгляду пытаньня на чарговым прэзыдыюме ў верасьні 2009 года”, — адзначыў Астаповіч.

Кіраўнік мэмарыяльнай сэкцыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык сказаў, што з гэтай нагоды ён не будзе даваць камэнтарыяў, бо распараджэньне Астаповіча ён лічыць “унутранай перапіскай арганізацыі”. Пры гэтым ён дадаў, што гэтае распараджэньне ў хуткім часе будзе разгледжана на пасяджэньні мэмарыяльнай сэкцыі.

Намесьнік кіраўніка мэмарыяльнай сэкцыі таварыства Ўладзімер Раманоўскі адзначыў, што такое рашэньне выклікана “ўнутранымі праблемамі” ў арганізацыі. “Трэба разумець, што ўшанаваньне памяці — гэта значна большая сфэра дзейнасьці за ахову помнікаў. Таму і ўзьніклі статутныя праблемы, арганізацыйныя праблемы. Я лічу, што нам патрэбна асобная структура, асобная арганізацыя, якая б займалася ўшанаваньнем памяці ахвяраў рэпрэсіяў, праводзіла б дасьледчую дзейнасьць, апытаньні і гэтак далей. Зараз жа мы абмежаваны статутам Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Таму трэба вырашыць гэтае пытаньне”, — лічыць Раманоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG