Арганізатары плянавалі пікет на 31 ліпеня і 1 жніўня, каб зьвярнуць увагу грамадзкасьці да праблемы бяздомных жывёлаў і сытуацыі ў дзяржаўным прадпрыемстве “Фаўна гораду”.
Абаронцы жывёл лічаць, што мэтады адлову жывёлаў і іх зьнішчэньня непрымальныя для эўрапейскай краіны.
Штогод у Беларусі ловяць і забіваюць каля 70 000 бяздомных жывёлін, але праблема такім чынам не вырашаецца.
Абаронцы жывёл заклікаюць улады прыняць законы аб абароне жывёлаў, адкрыць муніцыпальныя прытулкі для бяздомных жывёлін, разьвіваць валянтэрскі рух і выхоўваць гуманнае стаўленьне да жывёл.
Чыноўнікі Менгарвыканкаму другі раз забаранілі праводзіць пікет. Першы раз яны спаслаліся на недакладнасьці ў афармленьні заяўкі, а гэтым разам — на тое, што пікет будзе перашкаджаць пешаходам і руху аўтатранспарту.
Арганізатары пікету называюць адмову чыноўнікаў цынічнай, бо пікет плянаваўся на пустцы, дзе няма ніякага транспарту. Яны будуць абскарджваць рашэньне ў судовых інстанцыях аж да ААН.