У сябе на радзіме ў Прэторыі колішні адвакат абвінавачваецца ў сэксуальных злачынствах супраць дзяцей. Ад 2006 году Прынсло, якому ўдалося ўцячы з краіны, знаходзіўся ў міжнародным вышуку.
Як падае выданьне News24, апошнія месяцы паўднёваафрыканскі грамадзянін жыў разам са сваёй сяброўкай Тацьцянай у Баранавічах на вуліцы Паркавай. На гэтай жа вуліцы, дарэчы, знаходзіўся і банк, які ён спрабаваў абрабаваць. Ад гэтай жанчыны Прынсло мае 1-гадовую дачку. Яшчэ ў Беларусі ў яго ёсьць і 2-гадовы сын. Ён нарадзіўся ў іншай беларускай жанчыны — Сьвятланы. Сьвятлана жыве ў Салігорску і ніякіх кантактаў з Прынсло ня мае.
Як паведамляюць паўднёваафрыканскія СМІ са спасылкай на крыніцы ў мясцовых ды беларускіх праваахоўных структурах, Дырку Прынсло, як ні дзіўна, удавалася заваёўваць сымпатыі і давер маладых беларускіх жанчын, нягледзячы на тое, што ён ня ведаў ні расейскай, ні беларускай мовы і да таго ж ня меў ніякіх грашовых прыбыткаў.
Тым ня менш жыцьцё паўднёваафрыканца ў Баранавічах было някепскім. Тры разы на тыдзень ён наведваў спартыўную залю, дзе інструктарам працаваў яго сябар. Быў ціхі і ветлівы. З суседзямі не кантактаваў. На кватэры сваёй сяброўкі жыў без рэгістрацыі, ніякіх грошай у дом не прыносіў. Гэта не магло падабацца бацькам жанчыны, якія былі супраць дачыненьняў дачкі Тацьцяны з замежнікам. Як кажа сама жанчына, пра намер свайго сябра абрабаваць банк яна нічога ня ведала.
Цяпер колішні адвакат з Прэторыі знаходзіцца пад вартай у ізалятары часовага ўтрыманьня ў Баранавічах. Самым бліжэйшым часам яму будзе выстаўлена абвінавачаньне ў разбоі, якое караецца турэмным зьняволеньнем ад 3 да 10 гадоў.
Як заявіла журналістам адказная супрацоўніца паўднёваафрыканскай паліцыі Салі дэ Бір, праваахоўныя органы краіны зьвярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай пільна глядзець за Прынсло, каб той ня змог учыніць самагубства.
“Мы прыкладаем усе намаганьні, каб Прынсло быў экстрадыяваны ў ПАР, дзе разам са сваёй сяброўкай Сюзанай Вісэр ён мусіць стаць перад судом за свае сэксуальныя злачынствы”, — заявіла дэ Бір.
Паўднёваафрыканскія СМІ зьмяшчаюць апошні афіцыйны здымак Дырка Прынсло, зроблены пасьля арышту. Хоць колішні адвакат пафарбаваў валасы і выглядае далёка не такім ахайным, якім яго памятаюць на радзіме, пазнаць гэтага чалавека ўсё ж можна.
Убачыўшы гэтае фота, бацька Дырка Ёхан Прынсло выказаў меркаваньне, што сын або недаядае, або яго зьбіваюць.
“У прынцыпе, ён падаецца здаровым, аднак вельмі панурым”, — кажа бацька. Ён лічыць, што яго сын ня здольны на разбой.
Тым часам адзін з касіраў, зьбітых Дыркам Прынсло пры спробе абрабаваць банк, па-ранейшаму знаходзіцца ў баранавіцкім шпіталі.
Тым часам як праваахоўныя структуры ПАР разьлічваюць на экстрадыцыю Прынсло, шараговыя жыхары краіны пішуць у на форумах мясцовых газэт, што ўтрыманьне 40-гадовага распусьніка ва ўмовах пэнітэнцыярнай сыстэмы краіны было б вельмі мяккім пакараньнем для яго. Вось некаторыя з выказваньняў:
“Прынсло схоплены за злачынства ў краіне, дзе жывыя традыцыі ГУЛАГу. Хай і пасядзіць там, каб турэмнае пакараньне ў ПАР не выглядала для яго раскошаю”.
“Нельга дапусьціць самагубства Дырка. Гэта было б для яго вельмі лёгка. Ён і яго Сюзана павінны адчуць боль, у дзясяткі разоў большы за боль яго ахвяраў. Лічу, што ў турме ў ПАР яму будзе нашмат лепей, чым у Беларусі”.