Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вершы на Свабоду” пакладзеныя на музыку


Некалькі гадоў таму на радыё Свабода быў абвешчаны конкурс “Верш на Свабоду”. Адгукнуліся тады сотні людзей, былі і прафэсійныя паэты, і аматары. У выніку ў “Бібліятэцы „Свабоды“ быў выдадзены зборнік, ёсьць гэтыя творы і на сайце. Днямі ў праграму „Званкі на Свабоду“ патэлефанаваў Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску, які распавёў, што напісаў музыку на некалькі тэкстаў з цыклу Верш на Свабоду”:

— Паглядзеў на сайце “Верш на Свабоду”. Выбраў штук 20, на якія думаю напісаць музыку.

— Вы проста аматар, ці маеце музычную адукацыю?

— Маю музычную адукацыю. Але цяпер я ўжо на пэнсіі. А працаваў музычным кіраўніком розных калектываў. Пісаў музыку зь дзяцінства. А цяпер пры сучаснай тэхніцы гэта вельмі проста. Калі ведаеш асновы гармоніі, дык яна сама пішацца.

— Па якім прынцыпе вы адбіралі вершы?

“Я выбіраў тое, што мне спадабалася. Іх там штук, напэўна, 400, а спадабалася мне па тэксту — такіх больш складных, больш дакладных па сэнсу, штук 20. Да дзесятка я ўжо прыдумаў мэлёдыі. Ёсьць вершы, якія адразу кладуцца на музыку, а ёсьць такія „мудрагелістыя“, над якім трэба крыху папрацаваць.

— Хто іх будзе выконваць?

— Пакуль у мяне такіх сьмелых няма. Гэтыя тры песьні, якія даслаў, сьпяваў сам. Ёсьць яшчэ цікавыя нясьпетыя, але, напэўна, таксама давядзецца самому выконваць.

Што з гэтых „Вершаў на Свабоду“ больш за ўсё запомнілася, што сапраўды запала ў душу?

— Запаў у душу верш: «Трэба людзка свой век пражыць, // не падлізвацца, ня поўзаць ракам, // каб сказалі: „Памёр чалавек“. // А то скажуць: „Падох сабака“». У мяне на гэты верш ужо музыка ёсьць, але я крыху яшчэ не дапрацаваў яе. Ён пра нашу сапраўдную рэчаіснасьць, пра тое, што вакол дзеецца, якое ў нас чынавенства, што яно вырабляе, што для іх няма ніякіх законаў, што ў нас сапраўднае балота. Дарэчы, на верш Галіны Каржанеўскай „Балота“ ёсьць і песьня. Западае, што наш народ пужлівы, ўсяго баіцца…

— Спадар Уладзімер, а верыце ў тое, што гэта балота калі-небудзь альбо асушаць, альбо высахне само, што людзі зьменяцца, што перамены да лепшага ўсё ж такі будуць?


— Перамены да лепшага будуць, але ня хутка.

— Дзякуй вам вялікі! І натхненьня, дай Бог, каб добрыя вершы сапраўды натхнялі на новыя песьні, каб было каму выконваць, каб яны радавалі людзей.

— Можа быць, знойдзецца які-небудзь храбры чалавек, які што-небудзь і сьпяе, каб ня я сам пеў, таму што я музыкант, я не вакаліст.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG