Сёньня ў Менску прадстаўнікі ўрадавых структур распавялі падрабязнасьці падрыхтоўкі да будаўніцтва Беларускай АЭС.
Паводле дырэктара Дэпартамэнту па ядзернай энэргіі Міністэрства энэргетыкі Мікалая Грушы, адной з умоваў выбару расейскага праекту Беларускай АЭС без тэндэру была згода Расеі выдаць крэдыт на ўзьвядзеньне АЭС.
Такім чынам на ролю генэральнага падрадчыка было абранае расейскае ЗАТ “Атамбудэкспарт”. Кампанія ўжо збудавала два ядзерныя энэргаблёкі ў Кітаі, будуе 2 блёкі ў Індыі, адзін — у Іране і распачынае будоўлю АЭС у Баўгарыі. Паводле спадара Грушы, у гэтых краінах падрадчык бярэцца крэдытаваць 85 працэнтаў будаўніцтва АЭС.
“У дадзеным выпадку, улічваючы асаблівыя ўмовы і Саюзную дзяржаву, РФ гатовая даць 100-працэнтны крэдыт. Больш за тое, падчас перамоваў беларускі бок настойваў, каб расейскі бок, акрамя гэтага, удзельнічаў у фінансаваньні стварэньня неабходнай інфраструктуры для ўзьвядзеньня і эксплюатацыі атамнай станцыі”.
Кошт дарог, жыльля, прамысловай базы, жалезабэтонных заводаў, неабходных для будаўніцтва і эксплюатацыі АЭС, ацэньваецца ў 3 мільярды даляраў. Расейская кампанія ў прынцыпе пагадзілася з такім падыходам, але парэкамэндавала зьвярнуцца па крэдыт да ўраду Расеі.
30 сакавіка просьба аб крэдыце на будаўніцтва АЭС агульным памерам у 9 мільярдаў была накіраваная на імя прэм’ера Расеі Ўладзімера Пуціна. 6—6,5 мільярда даляраў з гэтай сумы мае пайсьці на будаўніцтва самой станцыі.
Агульная магутнасьць будучай станцыі, паводле спадара Грушы, складзе 2,4 мільёна кіляват.
Першы фармальны крок да будаўніцтва быў зроблены 28 траўня, калі Беларусь і Расея падпісалі рамачнае пагадненьне аб мірным выкарыстаньні атамнай энэргіі. Наступны крок — міжурадавае пагадненьне аб супрацоўніцтве ў пабудове на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі. Пагадненьне заплянавана падпісаць у трэцім квартале гэтага году. Дапрацаваны праект пагадненьня быў накіраваны ў Маскву 30 траўня. Да канца году плянуецца падпісаць кантракт на пабудову АЭС. Расейскі праект гэтага дакумэнту ў Менску спадзяюцца атрымаць да 15 чэрвеня.
Кансультант аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва Мінэнэрга Міхаіл Пігулеўскі заявіў, што ўлады выконваюць правы грамадзян на атрыманьне інфармацыі пра будоўлю АЭС. У траўні ўрад ухваліў палажэньне аб парадку абмеркаваньня пытаньняў у галіне атамнай энэргіі з улікам меркаваньня грамадзкіх аб’яднаньняў, дзяржаўных арганізацыяў і грамадзян. Палажэньне складзена з улікам Орхускай канвэнцыі і іншых міжнародных дакумэнтаў.
Мікола Ўласевіч, актывіст антыядзернага руху з Астравецкага раёну, абранага пад пляцоўку для будаўніцтва АЭС, кажа, што ўлады надалей хаваюць інфармацыю пра АЭС ад грамадзкасьці:
“Як было цяжка з атрыманьнем інфармацыі, як рабілася ўсё гэта келейна, так яно і робіцца. Грамадзкасьць, па сутнасьці, трымаюць у інфармацыйным вакуўме. Дакладней, яны даюць тую інфармацыю, якая ім выгадная”.
У прыватнасьці, спадара Ўласевіча цікавіць, чаму пляцоўку пад АЭС у Астравецкім раёне абралі паблізу тэктанічнага разлому і на месцы Гудагайскага землятрусу амплітудай у 7 балаў, які адбыўся ў гэтых мясьцінах 100 гадоў таму.
Начальнік Дэпартамэнту па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы Міністэрства надзвычайных здарэньняў Беларусі Васіль Палюховіч на гэта адказаў:
“Участак абраны цэлы і аддалены на неабходную адлегласьць ад разломаў. Канкрэтныя дакумэнты і патрабаваньні дзяржавай выстаўленыя. Што да землятрусу ў 7 балаў, які там гістарычна быў зафіксаваны, то хацеў бы сказаць, што сучасныя атамныя станцыі праектуюцца пад землятрус у 8 балаў”.
Акадэмік Алег Мартыненка, намесьнік кіраўніка дзяржаўнай навукова-тэхнічнай праграмы “Энэргетыка”, выказаў перакананасьць, што цяпер, пасьля рашэньня аб будаўніцтве Беларускай АЭС, атамная энэргетыка ў краіне будзе толькі разьвівацца і разьвівацца. Ня выключана, што ў аддаленай будучыні ў кожным раёне будзе свая невялікая станцыя.