Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Студумкаўцы” кажуць, што яны памаладзелі


30 траўня ў Данькаў-клюбе ў Менску адзначылі 10-годзьдзе часопісу “Студэнцкая думка”, закрытага ўладамі 4 гады таму, але ня зьнішчанага.


“Гэта абалдзенна цікава – бачыць, што з людзьмі, датычнымі да “Студумкі” робіць час. Яны маладзеюць! Ура!”


Гэты запіс зроблены на 10-гадовым юбілеі часопісу “Студэнцкая думка”. Скажу шчыра, мне, пацядзесяцігадоваму журналісту, пабываць на гэтым сьвяце калегаў, якім ледзь за 20, было усё роўна як зьлётаць на Марс з бутэлькай піва замест цюбіка касьмічнай гарбаты. Аказваецца, такім жа неверагодным быў і шасьцігадовы палёт гэтага часопіса. Ён аб’ядноўваў беларускамоўную моладзь, адкрываў таленты, вучыў думаць непадобна на стандарты, ад якіх выварочвала людзей з пачуцьцём гумару, густу, ня ведаю яшчэ чаго. Гэта Сяргей Сахараў, апошні рэдактар часопісу, на просьбу згадаць людзей, якіх адкрывала “Студумка”, сам падказаў такую аналёгію.

“Мне згадваюцца малыя, якія называлі сябе гуртом “Дзікія”. У той час, калі яны прагучалі ў нэце, бай-нэт быў вельмі слабы. Мы іх знайшлі і атрымалася такая вельмі правакацыйная для беларускай мэдыйнай прасторы вокладка, дзе яны папросту блююць. Але гэты блявок, ён быў як блявок ў вочы той шэрасьці, якая вакол. І такі людзей сапраўды шмат. Яны з’яўляліся на нашых вокладках, з’яўляліся ўнутры часопісу. Урэшце наша улюбёная Элеанора Езерская, якую мы дагэтуль лічыць яе трэш-квін і аднойчы мы разьмесьцім яе партрэт на вокладцы разам з поп-кінгам Майклам Джэксанам. Бо яны па вялікім рахунку сталіся ахвярамі сыстэмы. Яна сталася ахвярай поп-сыстэмы Беларусі, а ён поп-сыстэмы Амэрыкі. Яны таксама былі нашымі героямі”.

Да 10-годзьдзя “студумкаўцы” выдалі дыск з электроннай вэрсіяй усіх 118-ці нумароў часопісу і раздалі усім жадаючым разам з апошнім нумарам, з налепкай “канфіскат”. Гэты нумар меўся выйсьці ў лістападзе 2005-га, але быў выкінуты з пунктаў распаўсюду без тлумачэньня прычын. Чытаю з водгукаў пра часопіс ў юбілейным плякаце.

Аляксей Паталенка, маркетоляг. “Праз Думку я зразумеў, што белмова можа быць моднай, стылёвай і сучаснай.”

Антон Кашлікаў, пісьменьнік: “Ня ведаю ніводнага часопісу, ні да ні пасьля, які б дзейнічаў так, падобна да напою-энэргетыку”.

Цытаваць можна і далей, але будзе выглядаць, што мяне нібыта падкупілі. Таму спынюся і толькі згадаю людзей, пра якіх пісала “Студэнцкая думка”. Павал Рудзеня, сьляпы радыёвядучы самадзейнага “Местнога радио”, голас якога дагэтуль гучыць ў менскім мікрараёне Курасоўшчына. Андрэй Курэйчык, драматург і кінасцэнарыст, аўтар фільма “Любовь-морковь”. Паэтка Вальжына Морт, цяпер жыве і творыць ў ЗША. Рыгор Цісецкі, драматург, выключаны з акадэміі мастацтва за нацсымболіку, цяперашні студэнт-каліновец. Сярод згаданых і Ўладзь Каткоўскі, супрацоўнік Радыё Свабода, які памёр пасьля аварыі. Уладзя “Студумка” адзначыла як пачынальніка беларускай благасфэры.

Але вернемся ў Данькаў-клюб, дзе “студумкаўцы” адзначалі 10-годзьдзе свайго закрытага, а цяпер віртуальнага часопісу. Адзін з іх сказаў пра сьвята: ці то хаўтуры ці то дзень народзінаў. Першы рэдактар Ірына Віданава пагаджалася толькі з апошнім.

“Чувакі, у нас было столькі працы за гэтыя гады, калі ласка, адпачывайце. Бярыце сабе напоі, бярыце новы нумар, бярыце старыя нумары, не забудзьце прагаласаваць і глядзіце на старыя вокладкі, якія на слайдах. Потым будуць конкурсы і а 10-ай вечара -- торт. Віншую вас ўсіх, дзякуй!”

ВІДЭА

Юбілей "Студэнцкай думкі"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:54 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG