Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Закон


Удзельнічае філёзаф Тацяна Процька

Закон — гэта абавязковае для ўсіх правіла, ўсталяванае заканадаўчым органам улады, якое мае найвышэйшую юрыдычную сілу ў пэўнай сфэры жыцьця.

У прававой дзяржаве для самога закону існуе закон не парушаць яго. У дзяржаве ж неправавой, дзе законы дазволена парушаць і трактаваць паводле волі нейкай асобы, нават на найвышэйшай пасадзе, само слова закон успрымаецца як міт. А рэальнасьцю становіцца іронія, вылучаная з народных трактовак права.


Вячаслаў Ракіцкі
Тацяна Процька

Вячаслаў Ракіцкі: У савецкую пару аўтарытэт закону падтрымліваўся і шматлікімі дадатковымі падпоркамі кшталту “перад законам усе роўныя”, “закон вышэй за ўсіх і вышэй за ўсё”, “Канстытуцыя — найвышэйшы закон”, “Закон абараняе інтарэсы грамадзянаў”. І тым ня меней СССР не лічыўся прававой дзяржавай. Зрэшты, гэтае слоўнае шалупіньне можна чуць і ў сучаснай Беларусі. Зь вялікай павагі да закону ці як сродак прававога выхаваньня?

Тацяна Процька: Па-першае, нельга казаць так іранічна пра гэтыя добрыя словы. Па-другое, такая рэакцыя абгрунтаваная нашым жыцьцем. На жаль значная частка беларусаў, асабліва моладзі, лічыць, што гэта ўсё існуе для падтрыманьня міту, карыснага не дзяржаве, а высокім чыноўнікам. Таму ўсе пералічаныя вамі прыгожыя вызначэньні ёсьць мітам. І слова закон, не напоўненае глыбінным сэнсам, трэба ўсё ж разумець як міталягему.

Ракіцкі: А рэальнасьць?

Процька: Рэальнасьць у рэаліях неправавой дзяржавы і прававога нігілізму грамадзтва. У Беларусі закон не зьяўляецца абавязковым, ён не для усіх, ён усталёўваецца начальнікам і для простага чалавека яго фактычна няма, бо закон мала абараняе ягоныя інтарэсы. Прыгожыя слоганы закону — таксама ў пэўным сэнсе міталягемы. Гэта ёміста засьведчыла беларуская прымаўка “закон — як дышла, куды павернеш, туды і выйшла”. То бок, закон ёсьць, але яго можна выкарыстоўваць як захочаш і не на карысьць грамадзтву, а ў нейкіх асобных інтарэсах.

Ракіцкі: Давайце патлумачым тым слухачам, якія, магчыма, ня ведаюць, што такое “дышла”. Калі коней была пара, яны злучаліся з возам праз спэцыяльную жэрдку, якая прымацоўвалася да сярэдзіны пярэдняй восі колаў і паварочвалася ў залежнасьці ад кірунку руху. Гэтая жэрдка і ёсьць дышла…

Процька: Своеасаблівасьцю гэтага міту зьяўляецца і тое, што адразу і не зразумееш, ці міт, ці рэальнасьць перад табой. Патлумачу: упэўніўся, што закону няма, што ён — міт, і ўзяў (ці даў) хабар. Адзін раз атрымалася, на другі — пасадзілі. Паверыў, што закон на тваім баку, не “падмазаў” каму трэба, і прайграў сваю справу. Паверыў, што ў цябе ёсьць канстытуцыйныя правы, захацеў выказаць свае думкі, а выказаць іх няма дзе.

Ракіцкі: Як усё ж адбывалася ў савецкую пару міталягізацыя закону? Дзе вытокі такой зьявы?

Процька: Сам міт узьнік зь вельмі добрых намераў — павагі да закону, да пэўных прававых нормаў, зафіксаваных у юрыдычных дакумэнтах — Канстытуцыі Беларусі, кодэксах, законах, а таксама ў розных камэнтарах да гэтых актаў. Міт і яго слоганы павінны выхоўваць у народзе павагу да закону, стымуляваць яго выкананьне, запабягаць парушэньню закону. Але ў тых краінах, дзе законы добра прапісаныя, дзе існуюць традыцыі законапаслухмянасьці, дадатковыя падпоркі не патрэбныя. Існаваньне юрыдычных законаў і іх выкананьне зьяўляюцца неабходнай умовай разьвіцьця сучаснай цывілізацыі і наогул цывілізаванасьці, умовай існаваньня дзяржавы. Калі ж гэтага няма, тады трэба стварыць міт, прыкрыцца ім. Таму міт пра закон узводзіцца на дзяржаўны ўзровень. Зь верхавіны дзяржавы ён спускаецца, так бы мовіць, на зямлю“.

Ракіцкі: Якім быў мэханізм стварэньня гэтага міту?

Процька: Я думаю, што нэгатыўнае стаўленьне да таго ці іншага закону з боку асобных людзей існавала заўсёды. Але прававы нігілізм як грамадзкая зьява нарадзіўся і ўмацаваўся ў народнай сьвядомасьці ў гады савецкай улады. Тады кожная дзяржаўная ўстанова магла прыняць інструкцыю па выкананьні таго ці іншага закону і перавярнуць гэтай інструкцыяй усё з ног на галаву. А хто складае інструкцыю?
Рэальнай ўладай у савецкай Беларусі заўсёды быў не закон, а маленькі чыноўнік, які разам з тым тлумачыў закон і які паварочваў яго ў неабходным для сябе ці для дзяржавы накірунку.
Чыноўнікі. Таму рэальнай ўладай у савецкай Беларусі заўсёды быў не закон, а маленькі чыноўнік, які разам з тым тлумачыў закон і які паварочваў яго ў неабходным для сябе ці для дзяржавы накірунку. Прыгожыя справядлівыя словы пра чалавека, замацаваныя нават у сталінскай Канстытуцыі 1936 году былі мітам, ня мелі да рэальнага жыцьця ніякага дачыненьня. Менавіта ў гэтыя часы ў народнай сьвядомасьці замацаваўся прававы нігілізм, скептычнае стаўленьне да закону. Закон ператвараецца ў міт у двух выпадках — калі ён не выконваецца і калі пакараньне за яго парушэньне не зьяўляецца непазьбежным.

Ракіцкі: Павагу да закону мы зьвязваем і з народнымі традыцыямі. Вось жа нават я памятаю тыя часы, калі на вёсцы, з упэўненасьцю кажу пра Заходнюю Беларусь, дзе я жыў, але, напэўна ж, гэта характэрна і для ўсёй Беларусі, калі людзі не замыкалі хатаў, а проста падпіралі дзьверы, каб паказаць, што гаспадароў няма дома. А пазьней, ужо і замкі не дапамагалі ад злодзеяў. Выглядае, што людзі раней болей баяліся няпісаных законаў, чым цяпер пісаных…

Процька: Няпісаныя законы, у адрозьненьне ад пісаных, ніколі не былі мітамі. У старажытнасьці людзі жылі паводле некалькіх тыпаў законаў: тых, што вусна перадаваліся ад бацькі да сына, што існавалі ў выглядзе мясцовых правілаў і звычаяў (яны так і называліся “звычаёвае права”) і тых законаў, якія былі выдадзеныя вышэйшымі дзяржаўнымі органамі і занатаваныя на паперы, г. зн. напісаныя. Няпісаныя і пісаныя законы парушаць было небясьпечна, але за няпісаныя законы ўлада не карала, а за парушэньне пісаных законаў пакараньне было абавязковым. У сучасным жыцьці сэнс выказваньня іншы. Няпісаныя законы — тыя, паводле якіх зараз жыве грамадзтва. Прывяду простыя прыклады няпісаных законаў -каб чыноўнік, да якога ты зьвярнуўся, ці доктар, ці цырульнік, ці нават, як у нас у вёсцы, чалавек, які вывозіць сьмецьце, выканалі тваю просьбу якасна, нават згодна з законам, трэба іх усіх “аддзячыць”. Другі няпісаны закон нашага жыцьця — калі ў цябе праблемы, не шукай закон для іх вырашэньня, а шукай “сувязі” — г.зн. людзей з кіраўніцтва, якія могуць дапамагчы ў вырашэньні твайго пытаньня ў тваіх інтарэсах.

Ракіцкі: Значыць, беларусы маюць традыцыю паважаць і пісаныя, юрыдычныя законы. Ад якога часу можна весьці адлік законатворчасьці ў Беларусі?

Процька: Пісанае права пачало замяняць звычаёвае ў ХІУ стагодзьдзі. У 1468 годзе вялікі князь Казімір выдаў першы кодэкс крымінальна-працэсуальнага права ВКЛ. Ён называўся Судзебнік, меў 25 артыкулаў. Пры канцы Судзебнік абавязваў жыхароў мець масты і дарогі ў належным стане. За парушэньне прызначаўся штраф — 10 рублёў. Гэта былі вялікія грошы — за крадзеж 30 грошай можна было атрымаць сьмяротнае пакараньне. Большасьць нормаў Судзебніка і звычаёвага права былі ўключаныя ў Статуты 1529, 1566,1588 гадоў.

Ракіцкі: У сучасным грамадзтве, што прыходзіць на зьмену закону, калі ён ня дзейнічае?

Процька: Калі ў грамадзтве ня дзейнічае сіла закону, тады дзейнічае закон сілы, як у воўчай зграі (адсюль і назва). Гэта жорсткія, бязьлітасныя і несправядлівыя няпісаныя законы-звычаі. Раней, у савецкія часы, гэты тэрмін ужывалі, каб ахарактарызаваць сытуацыі ў крымінальных структурах, дзе людзі вялікай фізычнай сілы мелі пэўную перавагу. Але зараз межы дзеяньня гэтага “закону” пашырыліся. Калі раней “закон сілы” дзейнічаў найлепш у розных крымінальных
Улада — гэта цяпер вялікая сіла сама па сабе, і людзі пры ўладзе маюць магчымасьці выкарыстоўваць сілу ўлады бяз сілы закону.
“разборках”, дык цяпер усё часьцей яго можна адчуць на побытавым узроўні. Улада — гэта цяпер вялікая сіла сама па сабе, і людзі пры ўладзе маюць магчымасьці выкарыстоўваць сілу ўлады бяз сілы закону. Зьявы гэтыя для існаваньня грамадзтва і дзяржавы вельмі небясьпечныя, настолькі небясьпечныя, што людзі з улады пачынаюць змагацца зь дзеяньнем “уладнага” “закону сілы”. Мы часам становімся сьведкамі актывізацыі такой барацьбы з боку прэзыдэнта краіны.

Ракіцкі: Мы кажам, што ў неправавой дзяржаве юрыдычны закон становіцца мітам. А ёсьць яшчэ і законы прыроды, законы навукі, законы чалавечага жыцьця — маральныя законы, ёсьць, нарэшце, Закон Божы. Няўжо яны таксама міты?

Процька: Гэтыя законы паводле вызначэньня іншыя, бо яны ёсьць пастаянная, устойлівая, аб’ектыўна (незалежна ад чалавека) існуючая сувязь паміж зьявамі. Але кожны з гэтых тыпаў законаў у Беларусі мае свае міты, якія розныя паводле характару і зьместу, і якія па-рознаму ўплывалі і ўплываюць на жыцьцё беларуса. Вось, напрыклад, міт пра тое, што чалавек, як цар прыроды, можа ёй кіраваць, выкарыстоўваць законы прыроды ў сваіх інтарэсах. Гэты міт пазбавіў чалавека павагі да прыроды, яе асаблівасьцяў, дазволіў рабіць вялікія пераўтварэньні, накшталт паўсюднага асушэньня балот. І што добрага з гэтага атрымалася? Ва ўсіх вышэй пералічаных законах ёсьць тое, што іх аб’ядноўвае, адна агульная рыса — іх нельга парушаць. Але толькі тыя, хто парушае юрыдычная законы, называюцца злачынцамі.

Ракіцкі: Давайце на хвілінку адрынем палітычныя аспэкты размовы. Чаму людзі ўвогуле парушаюць закон? Можа, у самой прыродзе чалавека закладзена на ўзроўні нават інстынкту жаданьне пераступіць праз закон?

Процька: На гэтае пытаньне людзі шукаюць адказ ўжо не адно стагодзьдзе. Самы першы адказ зьвязаны зь біблейнай гісторыяй пра Адама і Еву, якія парушылі забарону Бога і паспрабавалі плоду з Дрэва пазнаньня.

Ракіцкі: Але гэта для сучаснага сэкулярызаванага чалавека не тлумачэньне. Шмат хто абыякава ставіцца і да Бога, і да Сатаны. Паняцьці і дабра, і зла таксама некаторымі лічацца мітамі.

Ракіцкі: А калі закон дрэнны, ці можна яго парушаць?

Процька:У старажытным Рыме, дзе ўзьніклі асновы сучаснага права, было выслоўе — “дрэнны закон, але ён закон”. Гэта значыць, што нельга парушаць нават дрэнны закон. Эўрапейская цывілізацыя на гэтым пабудаваная. Патлумачу розьніцу паміж эўрапейскім і беларускім падыходам да закону. Прыкладна каля 10 год таму фінскі парлямэнтар Кіма Кільянен запрасіў групу беларускіх грамадзкіх і дзяржаўных дзеячоў на выбары парлямэнту. У складзе запрошаных сярод іншых былі я і Лідзія Ярмошына. Фіны паказалі нам усе стадыі сваёй выбарчай кампаніі, далі магчымасьць папрысутнічаць і паразмаўляць з арганізатарамі выбараў. Цікавасьць з нашага боку была вялікая. Спадарыня Ярмошына задавала пытаньняў больш за ўсіх і з адказаў рабіла рэзюмэ “тут можна парушыць”, “там можна парушыць”. На гэта фіны нязьменна адказвалі: “не, гэтага рабіць нельга, бо гэта незаконна, гэтага ніхто ня будзе рабіць”.

Ракіцкі: А як міт пра закон зьвязаны з практыкай парушэньня закону?

Процька: У нашым выпадку само існаваньне міту, усьведамленьне таго, што закон — толькі міт, дае магчымасьць чалавеку не баяцца пакараньня, падрыхтоўвае яго да парушэньня, здымае маральную забарону парушэньня, дае нейкую зразумелую і прывабную для чалавека падставу для парушэньня. Паводле ўсё той жа біблейскай схеме — паруш Закон і будзеш як Бог.

Ракіцкі: Якія вы бачыце пэрспэктывы ў Беларусм міту пра закон?

Процька: Маю надзею на тое, што міт закон зьнікне і застанецца проста закон, перад каторым усе роўныя, які ўсталёўваецца ў строга вызначаным законам парадку і органам, таксама вызначаным законам. Таксама спадзяюся, што законы будуць справядлівыя, у маіх інтарэсах і ў інтарэсах усіх грамадзянаў Беларусі. Эўрапейскі накірунак разьвіцьця для Беларусі проста немагчымы, калі тут закон будзе мітам. Квітнеючая і моцная Беларусь ніколі ня спраўдзіцца бяз моцы закону.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG