Ірына Міхайлаўна Быкава ўпершыню ўбачыла мэмарыяльную дошку на будынку віцебскай мастацкай вучэльні, дзе некалі навучаўся Васіль Быкаў. На адкрыцьцё гэтай дошкі 25-га верасьня мінулага году віцебскія ўлады ўдаву пісьменьніка запрасіць не палічылі патрэбным.
Бадай што самым кранальным быў момант ускладаньня кветак – спадарыня Ірына разам з віцебскімі сябрамі Таварыства беларускай мовы, пісьменьнікамі і проста жыхарамі Віцебску, якія памятаюць і шануюць памяць Быкава, прынесьлі да дошкі рознакаляровыя букеты.
Ірына Міхайлаўна сфатаграфавала дошку, каб здымкі засталіся на памяць, і ўрэшце пазнаёміліся з аўтарамі – віцебскімі скульптарамі Аляксандрам Гвозьдзікавым і Валерыем Магучым, сказаўшы, што ўражаньне ад іх працы вельмі добрае:
"Добрае, таму што тут месца, дзе памяць адзначаная. А гэта вельмі шмат! І Васіль падобны да сябе. Дзякуй вам вялікі!"
"А вам здароўя, Ірына Міхайлаўна", -- пажадаў скульптар Валеры Магучы.
Ягоны калега Аляксандар Гвозьдзікаў згадаў, што яны са спадаром Магучым чакалі амаль чатыры гады, пакуль мэмарыяльную дошку ў гонар Быкава гарадзкія ўлады ўсё-ткі вырашылі ўсталяваць:
"Чатыры гады рабілі, таму што не было фінансаваньня. І ўрэшце амаль што за ўласны кошт давялося яе адліваць. Ну што зробіш, калі на памяць пра вялікіх людзей ў дзяржавы бракуе грошай…"
Усталяваць мэмарыяльную дошку ў памяць пра Васіля Быкава яшчэ ў 2004-м годзе прапанавала Віцебская абласная рада ТБМ. І як працяг акцый па ўшанаваньні памяці пісьменьніка-земляка было вырашана забясьпечыць творамі Быкава гарадзкія бібліятэкі.
Сёньня ў абласную бібліятэку імя Леніна былі перададзены чарговыя сёмы і восьмы тамы апошняга збору твораў пісьменьніка. Спадарыня Ірына прапанавала перадаць для віцебскіх чытачоў яшчэ й кнігі са сваёй хатняй бібліятэкі. Дырэктар Аляксандар Сёмкін сказаў, што бібліятэка з удзячнасьцю прыме такі падарунак.
Апошняя сустрэча з жыхарамі Віцебску адбылася ў “Эўрапейскім клюбе”, адмыслова адчыненым для правядзеньня такіх імпрэзаў віцебскімі актывістамі Руху “За Свабоду”. Ірына Міхайлаўна Быкава адказвала на пытаньні, прысутныя слухалі песьні ў выкананьні барда Канстанціна Герашчанкі і разважалі пра сучасную літаратуру разам з пісьменьнікамі Алесем Пашкевічам і Барысам Пятровічам.