На расейскім тэлеканале “Культура” ў папулярнай праграме “Астравы” рыхтуецца прэм’ера дакумэнтальнага фільму пра Васіля Быкава “Сьмерці няма”, зьнятага беларускім рэжысэрам Сяргеем Галавецкім. Вось ужо дзесяць гадоў ён працуе ў Маскве, а да гэтага займаўся кінадакумэнталістыкай на “Беларусьфільме”. Падчас аднаго з прыездаў у Менск рэжысэр завітаў у наша менскае бюро, дзе зь ім сустрэўся Міхась Скобла.
Міхась Скобла: “Сяргей, пра Васіля Быкава зьнята некалькі дакумэнтальных фільмаў, напісана нямала дасьледаваньняў. Сёлета, дарэчы выйшла фундамэнтальнае дасьледаваньне Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў: гісторыя жыцьця”. То бок, сказаць нешта новае пра пісьменьніка даволі складана. Які ракурс абралі вы для свайго фільма?”
Сяргей Галавецкі: “Калі мой кіраўнік на канале “Культура” прапанаваў мне рабіць фільм пра Быкава, сказаўшы: “Ты беларус – едзь і здымай”, я згадзіўся, але трохі баяўся. Што новага я змагу сказаць? Бо Быкаў не толькі “савецкі франтавы пісьменьнік”, як пісалі пра яго ў часы СССР, Быкаў – гэта наша ўсё. Я пачаў пытацца ў сваіх сяброў: хто чытаў Быкава? Аказалася, што яго чыталі гадоў дваццаць, а то і трыццаць таму. І я пачаў перачытваць Быкава. І сам Быкаў падказаў мне, як знайсьці адметны ракурс, свой погляд. Прызнаюся, калі я чытаў Быкава, я ня мог спыніцца. Я праседжваў да трох-чатырох гадзінаў ночы, пакуль аповесць не заканчвалася”.
Скобла: “А вы чыталі ўсё запар, ці неяк выбарачна?”
Галавецкі: “Я чытаў “У тумане”, “Дажыць да сьвітаньня”, “Яго батальён”, “Воўчую зграю” .
Скобла: “У арыгінале ці ў перакладзе на расейскую?”
Галавецкі: “Па-расейску. Паколькі я яшчэ ня ўсю сваю бібліятэку перавёз у Маскву. Я скачаў з інтэрнэту, што там было, і чытаў. І першае, што я адчуў: Быкаў для мяне асабіста – гэта не літаратура, гэта сьведчаньне, ён для мяне выступае як храніст, гэта нават ня проза, а, кажучы па-расейску, “откровение”. Быкаў – сьведка, і ён падрабязна апісвае ўсё: пэйзаж, чалавека, адзеньне. Па яго творах можна вывучаць тактыку бою. Чытаючы Быкава, ты апынаесься ў тым часе, а калі заканчваеш, ты як бы выходзіш адтуль. Можа, мая мэта як рэжысэра – вызваліць Быкава ад савецкага кантэксту, бо гэта абсалютна несавецкі пісьменьнік”.
Скобла: “І ўсё ж – якога Быкава мы ўбачым у вашым фільме?”
Галавецкі: “Падказку я ўбачыў на вядомай гравюры Альбрэхта Дзюрэра “Рыцар сьмерці д’ябал”. Пануры рыцар зь дзідай, які едзе празь лес, каля яго пляча круціцца сьмерць, сьледам бяжыць сабака. Я зразумеў, што гэта і ёсьць Быкаў. Чалавек, які ў дзевятнаццаць гадоў зазірнуў сьмерці ў вочы. І на працягу шасьцідзесяці гадоў ён не адводзіў позірк ад сьмерці. У час вайны ён не адводзіў вачэй ад сьмерці, бо гэта была ўмова выжываньня, і проста прафэсія салдата – глядзець у вочы сьмерці. Потым Быкаў глядзеў у вочы сьмерці як пісьменьнік. А калі ты глядзіш ёй у вочы, ты не баісься яе, і яна нічога ня можа з табой зрабіць. Яна не мацнейшая за цябе. І так ён жыў на працягу шасьцідзесяці гадоў. Чалавек з такім сьветапоглядам, з такім адчуваньнем сьвету, з такім адчуваньнем жыцьця і сьмерці, з такім адчуваньнем праўды – па сваёй сутнасьці ўжо рэлігійны, ён не матэрыяліст. Гэта выводзіць Быкава за межы савецкага сьветапогляду, савецкага разуменьня. Адкрыцьцё Быкава яшчэ наперадзе. Раней мы не маглі яго правільна прачытаць. Нам нешта перашкаджала. Яму тая ідэалёгія пісаць не перашкаджала, бо ён ведаў нешта важнае. Але мы, якія не былі там, на фронце, не глядзелі сьмерці ў вочы, нечага не разумелі”.
Скобла: “А ці прысутнічае ў вашым фільме сам Быкаў? І калі так – то якія кадры вы выбралі?”
Галавецкі: “Я выбраў якраз тыя кадры, дзе Быкаў гаворыць пра сьмерць і пра жыцьцё. Для мяне гэта асноўнае, гэта мой ключ да Быкава, да яго твораў”.
Скобла: “Вы са здымачнай групай выяжджалі ў Бычкі. Якое ўражаньне засталося ў вас ад Быкаўскай мэмарыяльнай сядзібы?”
Галавецкі: “Уражаньне трохі сьмешнае, той музэй – супярэчыць сьветапогляду самога Быкава. Быкаў быў храніст, а не мітатворац. У ягоных творах няма нічога прыдуманага, ён як сьведка, і чаго не было, таго ён не пісаў. Я думаю, было б лепш, каб хто-небудзь жыў у той сядзібе, паліў печ, і там пахла б жыцьцём. А так музэй той выглядае трохі сьмешна, відаць, у людзей, якія яго рабілі, праблемы з густам”.
Скобла: “Стаўленьне беларускіх уладаў да Быкава (нават пасьмяротна) адмоўнае. У сувязі з гэтым ці не чыніліся вам нейкія перашкоды падчас здымкаў фільма?”
Галавецкі: “Не, нам не перашкаджалі. Мы афіцыйна зьвярталіся ў беларускія архівы, і нам не адмаўлялі. “Сьмерці няма” – фільм не палітычны. Сам Быкаў у Беларусі стаў палітычнай фігурай. Але ў Расеі яго ведаюць больш як пісьменьніка, гэтым ён цікавы для шырокай публікі. І хоць палітыка ў вас усюды, мы гэта адчулі, але нам працаваць не перашкаджалі”.
Скобла: “Апошнім часам Быкава нямала выдаюць у Маскве, і не заўсёды пазначана на кнігах, што гэта пераклад з беларускай мовы. Вось для вас, беларуса, які жыве ў Маскве і на дадзены момант працуе з быкаўскай тэмай, Быкаў – нацыянальны пісьменьнік?”
Галавецкі: “Быкаў для мяне, бясспрэчна, нацыянальны творца. Хоць бы таму, што ягоныя героі – беларусы. А паглядзіце на ягоны стыль, на ягоную плястыку, як ён апісвае беларускі пэйзаж. Наогул, я думаю, пэйзаж у Беларусі – адно з самых моцных месцаў. Я чуў, як нават кітайцы захапляліся беларускім пэйзажам. А калі я выехаў, то неяк асабліва зразумеў, як беларусы адчуваюць пэйзаж – і пісьменьнікі, і мастакі. Гэта тое, што сядзіць у падсьвядомасьці кожнага беларуса. У Быкава вельмі плястычнае сьветаўспрыманьне. Гэта па-першае. Па-другое, ён вельмі добра выпісвае псыхалёгію. Я б сказаў, што ён з беларуса зрабіў героя “Сіксьцінскай капэлі” Мікелянджэла. З аднаго боку, яго герой можа быць малаадукаваным селянінам, але тое, што ён робіць сам-насам у лесе – гэта подзьвіг, і ніхто гэтага нават ня бачыць. Герой Быкава ў маіх вачах, у маёй сьвядомасьці ператвараецца ў тытана, і я пачынаю параўноваць яго з героямі Мікелянджэла. Быкаў вызваляе беларуса ад комплексу непаўнавартасьці. Ён паказвае беларуса як вельмі магутнага, у параўнаньні зь іншымі народамі, духоўна магутнага. Духоўнасьць беларуса, перш за ўсё, у яго здольнасьці ахвяраваць сабой дзеля чагосьці, што ён адчувае большым за сябе”.
Скобла: “Вы ўжо больш за дзесяць гадоў жывяце і працуеце ў Маскве. Чаму вы пакінулі Беларусь?”
Галавецкі: “Гэта атрымалася, можна сказаць, выпадкова. Так склаліся жыцьцёвыя абставіны. У Маскве проста лепш зарабляць грошы, у Беларусі гэта рабіць цяжэй. Да таго ж, у Беларусі я ня быў напоўніцу запатрабаваным. Хоць, дзякуй Богу, я здымаў тут стужкі, за якія і сёньня ня сорамна. Я задаволены, што маю іх у сваім арсэнале”.
Скобла: “Не рассталіся б мы з нашым краем, каб было дзеля нас у ім хлеба?”
Галавецкі: “Тут нават ня хлеб. Калі б я быў запатрабаваным, то наўрад ці паехаў бы. А так – быццам паміж табой і жыцьцём нейкае шкло. Самотнасьць – гэта цяжка. Наогул, чалавеку лепш там, дзе ён патрэбны. На жаль, я не адчуваў сябе такім у Беларусі. 90-я гады – цяжкі час для кіно. Фільмаў здымалася мала. Многія мае калегі зьехалі ў Маскву. Можа, і шкада, што так атрымалася. Цяпер, калі я прыехаў, я адчуваю, як мне добра жыць і працаваць у Беларусі”.
Скобла: “У свой час вы разам з Рыгорам Барадуліным зрабілі фільм пра паэта Ўладзімера Дубоўку, які таксама жыў у Маскве, але застаўся беларускім паэтам. Здымаючы фільмы пра дзеячоў расейскай культуры, ці змаглі вы застацца беларускім рэжысэрам? Ці ваша нацыянальнае аблічча як творцы ўжо размыта хваляй расейскай культуры?”
Галавецкі: “Пра гэта лепш спытацца ў тых, хто бачыў мае фільмы. Але, як казаў амэрыканскі кампазытар Леанард Бэрдстайн, ня трэба вельмі старацца пісаць нацыянальную музыку. Пісаць трэба шчыра, і музыка будзе нацыянальнай на столькі, на колькі ты сам амэрыканскі ці беларускі кампазытар. Я думаю, інтанацыя беларуская, плястычны сьветапогляд ува мне сядзяць, і гэта тое, за што мяне і цэняць і паважаюць у Маскве мае калегі, і чым я адрозьніваюся ад іншых рэжысэраў”.
Скобла: “Вы працавалі разам з Паўлам Шараметам – здымалі вядомы фільм “Дзікае паляваньне”. А наколькі вам блізкі жанр палітычнай дакумэнталістыкі?”
Галавецкі: “Палітычнай дакумэнталістыкай я займаўся толькі з Шараметам, гэта была цалкам ягоная ініцыятыва. Я яму дапамагаў як рэжысэр, як рамесьнік, як прафэсіянал. Сам я ня браўся б за палітычную дакумэнталістыку”.
Скобла: “То бок, вас не цікавяць палітычныя падзеі ў Беларусі?”
Галавецкі: “Не, я так не сказаў бы. Па-першае, мы з Шараметам усё ж зрабілі на беларускую тэму дзьве стужкі. Можа, калі б я сам гэта рабіў, я зрабіў бы ўсё зь іншым тэмпэрамэнтам. На гэтае ваша пытаньне можна адказаць, калі ты ўжо апынуўся ўнутры абставінаў. Аднойчы я апынуўся там разам з Шараметам – і мы зрабілі два фільмы. Такі мой унёсак у гэты жанр. Нягледзячы на тое, што фільмы атрымаліся, усё ж мы з Шараметам – людзі рознага тэмпэрамэнту. Вядомы грузінскі рэжысэр Атар Іаселіяні, калі ў яго спыталіся, з якой групай ён любіць працаваць, адказаў: з людзьмі прафэсійнымі, але ня дужа творчымі, таму што фільм робіць адзін чалавек. І калі мы працавалі з Шараметам, вядучым быў Шарамет”.
Скобла: “У Маскве вы зьнялі цыкль фільмаў пад назвай “Рукапісы не гараць” – пра Васіля Гросмана, Восіпа Мандэлдьштама, Данііла Хармса. У Беларусі вы здымалі пра Дубоўку, цяпер вось – пра Быкава. Атрымліваецца, што вас цікавяць лёсы творцаў, перасьледаваных уладай. А якія адносіны ў ідэале павінны быць паміж уладай і творцам?”
Галавецкі: “Гэта залежыць ад маштабаў пісьменьніка і ад якасьці і маштабаў улады, ад таго, што для ўлады пісьменьнік – мэта альбо сродак. Сутнасьць пісьменьніка – быць голасам нацыі. І калі ўлада адчувае сябе часткай народу, то яна таксама хоча мець гэты голас, яна зацікаўленая, каб ён гучаў, яна будзе яму дапамагаць. А калі ўлада хоча выкарыстаць гэты голас у сваіх мэтах, часам не зусім чыстых, то тут пісьменьнік павінен быць пільным”.
Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by