Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Тэст беларускай улады для Эўропы"


Якія вынікі маршу “За Незалежнасьць”? Ганна Соўсь гутарыць з аналітыкамі “Свабоды” Юрыем Дракахрустам і Янам Максімюком.


Соўсь: Дзьве асаблівасьці сёньняшняй акцыі: яе надзвычайная малалікасьць – паводле нашых карэспандэнтаў, гутарка ідзе пра некалькі дзесяткаў людзей, збольшага моладзевых актывістаў, і надзвычай брутальныя дзеяньні – жорсткае зьбіцьцё ўдзельнікаў акцыі, зьбіцьцё жанчын, зьбіцьцё нагамі. Чаму першае і чаму другое? Тыдзень таму ў гэтыя гадзіны Беларусь ўдзельнічала ва ўстаноўчым саміце праграмы “Ўсходняга партнэрства” Эўразьвязу. Чаму сёньня вось такое "партнэрства"?


Дракахруст:
Што да малалікасьці, то ёй шмат прычынаў. Улады правялі вялікую прэвэнтыўную працу: актывістаў затрымлівалі на працягу сутак да акцыі літаральна да самага яго пачатку. На кагосьці з патэнцыйных удзельнікаў акцыі, а асабліва на іх бацькоў, магла зрабіць уражаньне стужка БТ, у якой Малады Фронт прыраўноўваўся да таталітарнай сэкты.

Па другое, на мой погляд, тэма акцыі была ня надта актуальнай для грамадзтва. У нашым апытаньні пра рэфэрэндум 1995 году, праведзеным у Горадні, мы чулі, як людзі проста не памятаюць, пра што там ішлося.

Акрамя таго, моладзь ладзіла акцыю без узгадненьня з палітычнымі партыямі. Ну і нарэшце, час ня надта ўдалы – і не пара году, а гістарычны час, так бы мовіць. Мы памятаем, што і сёлетні "Чарнобыльскі шлях" быў адным з самых малалікіх за ўсе гады яго правядзеньня.

Што да “Ўсходняга партнэрства”, то сувязь тут, на мой погляд існуе. Гэта такі спосаб высьвятленьня межаў і сэнсу партнэрства, маўляў, мы робім гэта так, мы так партнэрства разумеем. А вы як? А што вы нам зробіце?


Максімюк:
Што тычыцца малалікасьці акцыі, дык прэтэнзіі трэба мець выключна да лідэраў "Маладога Фронту", да спосабу арганізацыі такой акцыі. Лідэры яўна пераацанілі, так бы мовіць, пратэставы патэнцыял сваіх сяброў. Скажу так: калі няма сілаў, каб правесьці вулічную акцыю, на якую прыйдуць сотні, а не дзясяткі, дык акцыю проста ня трэба праводзіць. Шкада тых самаахвярных двух-трох дзясяткаў актывістаў, якія на кожнай акцыі падстаўляюцца пад дубінкі і таўхуны нагамі. Трэба берагчы людзей для лепшых часоў.

Што тычыцца брутальнасьці міліцыі і спэцназу, дык гэтыя сілы амаль ніколі не былі далікатнымі, калі мелі загад "зачысьціць" недазволеную ўладамі акцыю. А сёньня, відавочна, яны такі выразны загад атрымалі.

Па-мойму, сёньняшнія падзеі — гэта своеасаблівы тэст беларускай улады для Эўропы. Маўляў, паглядзім, як вы зрэагуеце — ці пагодзіцеся, каб мець ва "Ўсходнім партнэрстве" беларускі рэжым такім, якім ён быў дагэтуль, ці ўсё ж паставіце нейкія ўмовы?

Соўсь:
Як вы мяркуеце, ці будзе нейкая рэакцыя Захаду, Эўропы на сёньняшняе зьбіцьцё? Тая ж дэклярацыя партнэрства, падпісаная і Беларусьсю, прадугледжвае, што ўсе краіны партнэры прытрымліваюцца фундамэнтальных каштоўнасьцяў дэмакратыі. Так вось і прытрымліваецца?

Дракахруст: "У цяперашніх варунках калі рэакцыя і будзе, то хутчэй за ўсё мэтадамі “ціхай дыпляматыі”. Мы пра гэта, магчыма, і не даведаемся. На гэтым тыдні Лукашэнка размаўляў па тэлефоне з эўракамісаркай Фэрэрай-Вальднэр, ішла размова пра яе візыт у Менск. Сёньняшнія падзеі могуць стаць адной з тэмаў гэтай гутаркі. Так выглядае, што беларуская ўлада зараз набірае козыры, каб мець чым потым ахвяраваць".

Максімюк: "Я думаю, што рэакцыя Эўропы будзе. Падчас саміту Ўсходняга партнэрства я падышоў да эўракамісаркі па вонкавых сувязях і эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніты Фэрэра-Вальднэр і запытаўся ў яе, як ЭЗ далей будзе ставіцца да Беларусі, калі яна
Ня трэба мець ілюзіяў, што "Ўсходняе партнэрства" зьменіць сутнасьць беларускага рэжыму імгненна.
ўжо адпісала дэклярацыю "Ўсходняга партнэрства". Спадарыня Вальднэр яшчэ раз паўтарыла тое, што гаварыла шмат разоў раней: на Беларусь Эўразьвяз будзе глядзець уважліва — ці няма палітычных вязьняў, ці людзі могуць свабодна выказваць свае перакананьні, ці памяняецца выбарчы працэс і таму падобнае. І яна дадала, што Эўропа будзе рабіць крокі насустрач толькі тады, калі і Беларусь пачне ісьці насустрач.

Я мяркую, што спадарыня Вальднэр выкажацца на тэму разгону сёньняшняй акцыі Маладога фронту, тым больш, што яна зьбіраецца ехаць у Менск у блізкай будучыні. А сёньняшнія падзеі, як ні глядзі, крокам насустрач не назавеш. Хутчэй наадварот.

І калі можна выказаць агульную рэфлексію. Па-мойму, ня трэба мець ілюзіяў, што "Ўсходняе партнэрства" зьменіць сутнасьць беларускага рэжыму імгненна. Гэта доўгатэрміновая праграма, і ўсім нам трэба набрацца цярплівасьці. Зьмяніць жыцьцё ў Беларусі насамрэч могуць толькі самі беларусы, а не дэклярацыі, якія афіцыйна падпісваюцца ўладай ад іх імя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG