Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым апазыцыя дапаможа чарнобыльскім раёнам?


За два дні беларускія апазыцыйныя палітыкі Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька і Анатоль Ляўковіч наведалі шэсьць чарнобыльскіх раёнаў Гомельшчыны. 24 красавіка разам з гомельскімі прадстаўнікамі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў яны ўсклалі вянкі й жывыя кветкі да мэмарыялаў адселеных вёсак у Карме, Чачэрску й Ветцы, 25 красавіка — у Нароўлі, Хойніках і Брагіне.

У Нароўлі палітыкі наведалі таксама гомельскага сябра АГП Андрэя Толчына, які адбывае ў міліцыі 5 сутак адміністрацыйнага арышту за распаўсюд абвестак пра ўскладаньне ў райцэнтры кветак да помніка ахвярам Чарнобылю.

Апазыцыю ўлады ня раз абвінавачвалі ў тым, што яна адно “топча асфальт у сталіцы”, замест таго, каб ладзіць Чарнобыльскі шлях у самой “зоне”.

Якія ж уражаньні пакінуў у партыйных актывістаў цяперашні “шлях” па чарнобыльскіх раёнах? І што наагул можа прапанаваць апазыцыя дзеля зьмяншэньня наступстваў Чарнобылю?

Лідэр ПКБ Сяргей Калякін:

“Вельмі спадабалася сустрэча ў вёсцы з такой запамінальнаю назваю — Новазахарапольле. Мы прыпыніліся, там такі цікавы калодзеж з надбудовай. Вядра няма, але звонку так прыгожа ўсё зроблена і пафарбавана.

Выйшла жыхарка, і мы ў яе запыталіся, ці можна папіць вады? Яна адказвае: “Можна, але трэба гэта абавязкова ўдваіх рабіць”. Над калодзежам зрабілі прыгожую будку, але з-за яе памераў нельга дацягнуцца да ручкі калаўрота, каб падняць ваду, нават калі ты прыйшоў са сваім вядром”.

Спадар Калякін распавёў, што вясковай кабеце яны ўручылі недзяржаўныя газэты, а тая расчулілася:

“Яна й кажа: “Вы, пэўна, з апазыцыі?” Пытаюся, а як яна здагадалася? Яна адказвае, што цяпер хіба толькі апазыцыя пытаецца, як яны жывуць і як у іх справы. Тады ўжо я пытаюся: “А што ўлады?” На гэта яна адказала, што для ўладаў крызісу няма і ўлады гэта не цікавіць”.

Паводле лідэра ПКБ, апазыцыя даўно крытыкавала ўладу, калі тая адмовілася ад ранейшай праграмы мінімізацыі наступстваў Чарнобылю і замяніла яе на новую, аблегчаную. Крытыкуе і цяпер, асабліва калі скасавалі сацыяльныя льготы.

Сама па сабе апазыцыя, як кажа спадар Калякін, ня можа неяк маштабна дапамагчы заражаным радыяцыяй раёнам, але яна ў стане пераказваць уладам найбольш балючыя праблемы, якія хвалююць людзей:

“Апазыцыя — яна, са свайго боку, прапануе, што павінна рабіць улада. Мы павінны ведаць патрэбы й літаральна дамагацца ад уладаў Беларусі, каб праграма, якая існуе, выконвалася. І каб сродкі, якія выдзяляюцца, па-першае, былі большымі, а па-другое, выкарыстоўваліся менавіта на тыя балючыя праблемы, якія існуюць у чарнобыльскіх раёнах. Беспрацоўе, па-мойму, гэта тое, што цяпер найбольш хвалюе людзей”.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што партыі могуць дапамагчы людзям і праўдзівай інфармацыяй:

“Мы можам дапамагчы інфармацыяй і словам. І гэта таксама той тавар, які насамрэч дэфіцытны ў Беларусі. Людзі ня ведаюць праўды пра сытуацыю ў краіне, у вобласьці, у тым ліку й пра Чарнобыль. І ў эканоміцы прагнозы не такія аптымістычныя, пра што людзям ніхто ня кажа. Напрыклад, зь сёлетняга бюджэту зьнікнуць 300 мільярдаў рублёў, якія, як меркавалася, пойдуць на зьмяншэньне наступстваў Чарнобылю. Думаю, гэта адчуе й сярэднестатыстычны грамадзянін”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG