Ва Ўкраіне сёньня пачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя эколягаў, прымеркаваная да 25-годзьдзя заснаваньня Шацкага нацыянальнага парку.
Удзельнікаў канфэрэнцыі вітаў дэпутат тутэйшага райсавету Ўладзімер Захарка. Ён жа і заявіў пра экалягічную пагрозу зь беларускага боку. Было агучана, што цяпер на тэрыторыі Маларыцкага раёну распачата будаўніцтва кар’еру для здабычы крэйды на патрэбы будаўнічай галіны Беларусі. Уладзімер Захаранка лічыць, што гэты праект стварае экалягічную небясьпеку:
“Зона Палесься — гэта азёры і балоты, якія на сёньня зьяўляюцца рэзэрвуарам чыстай пітной вады. Будзе вялікая праблема! І ня толькі ва Ўкраіне. Таксама ў Беларусі. У вас будуць праблемы з азёрамі. Калодзежы застануцца без вады”.
У Маларыцкім раёне сапраўды разгортваецца будаўніцтва. Вось што паведаміў “Свабодзе” тутэйшы жыхар Рыгор Лук’янчук:
Ад 30-тонных самазвалаў зямля ў вёсках трасецца ...
“Усё капаюць і рыюць! Ад 30-тонных самазвалаў зямля ў вёсках трасецца! Там цяпер сапраўдная вар’ятня творыцца. Найбольш крыўдна, што самае лепшае ворыва адбіраюць. І лес зачахне, бо ля яго капаюць”.
Ці не палохае вяскоўцаў грандыёзнае будаўніцтва?
“А што людзі могуць зрабіць? Калі яны выйдуць, то атрымаюць сваё. Ды яны яшчэ мала разумеюць. Яны ж ня ведаюць, якім будзе кар’ер. Туды ж нікога не пускаюць. Звар’яцець ад гэтага можна”.
Афіцыйна права на канцэсію радовішча крэйды ў Маларыцкім раёне атрымала ад беларускага ўраду кампанія “Трайпл”. Вядома, што генэральны дырэктар кампаніі “Трайпл” Юры Чыж мае прыязныя стасункі з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, яны разам гуляюць у хакей.
У офісе кампаніі “Трайпл” у Менску інфармацыю пра кар’ер не камэнтуюць. Даводзіцца зьвяртацца да іншых дасьведчаных асобаў.
Жыхар Маларыты юрыст Уладзімер Малей кажа, што першая спроба распачаць здабычу крэйды была ў 1990-я. Па словах суразмоўцы, ён меў да гэтага пэўнае дачыненьне:
“Я служыў на ракетнай базе, якая месьцілася за сем кілямэтраў ад Маларыты. І вось менавіта на нашай пляцоўцы складзіравалі тады абсталяваньне для заводу, які яшчэ за савецкім часам пачыналі будаваць. Але пайшлі пярэчаньні з украінскага боку, што гэта экалягічна небясьпечная справа”.
Паводле афіцыйных зьвестак, кампанія “Трайпл” атрымала Хаціслаўскае радовішча разам з набыцьцём 100-працэнтнага пакету акцый адкрытага акцыянэрнага таварыства “Бярозаўскі камбінат сылікатных вырабаў”.
Праца на кар’еры ў Хаціславе распачатая за 30 кілямэтраў ад азёрнага запаведніку і Шацкага нацыянальнага парку, якія ў Эўропе называюць “валынскай пэрлінай”.