Інфармацыю пра візыт беларускага кіраўніка ў Рым афіцыйна пацьвердзілі і ў Ватыкане, і ў Менску. Гэта будзе першая сустрэча кіраўніка Беларусі з папам рымскім і першы візыт А.Лукашэнкі на Захад за апошнія 14 гадоў.
Паводле інфармацыі з Ватыкану, кіраўнік Беларусі можа атрымаць аўдыенцыю ў папы рымскага Бэнэдыкта XVI у панядзелак 27 красавіка. У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі дату візыту ў Рым і Ватыкан пакуль не называюць. Яе кіраўнік Павал Лёгкі зазначыў толькі, што “ў цяперашні час магчымасьць сустрэчы з папам рымскім прапрацоўваецца”.
Сам Аляксандар Лукашэнка, віншуючы Бэнэдыкта XVI з чацьвёртай гадавінай пачатку ягонага пантыфікату, выказаў “спадзеў на хуткую сустрэчу, якая будзе садзейнічаць дынамічнаму пашырэньню ўсебаковых сувязяў паміж Беларусьсю і Сьвятым пасадам”.
Вернікі беларускага касьцёлу пазытыўна ўспрынялі навіну пра магчымую сустрэчу А. Лукашэнкі з папам рымскім,— гаворыць рэдактар каталіцкіх выданьняў “Авэ Марыя” і “Наша вера” Хрысьціна Лялько:
“Мы жывем у гэтай дзяржаве і маем кіраўніка гэтай дзяржавы, і калі гэты кіраўнік сустракаецца з галавою паўсюднага касьцёлу, з папам, то ў нас ёсьць такая надзея, што гэта паспрыяе нейкім добрым зрухам у нашым каталіцкім жыцьці тут на Беларусі. Шмат ёсьць момантаў, у якіх павінны супрацоўнічаць дзяржава з касьцёлам”.
Хрысьціна Лялько аптымістычна ацэньвае магчымасьці далейшага разьвіцьця каталіцкага жыцьця ў Беларусі, але зазначае, што ўсё яшчэ існуе патрэба вяртаньня дзяржавай забраных касьцёлаў і дазволу на будаўніцтва новых сьвятыняў.
Апостальскі візытатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан зазначыў, што папа прымае ўсіх кіраўнікоў дзяржаў і стараецца прывесьці іх бліжэй да Бога, думае, як дапамагчы душы чалавека і душы народа, якім ён кіруе:
“Сама па сабе сустрэча — гэта добрая рэч. Хрыстос казаў: “Я прыйшоў не да праведнікаў, але паклікаць грэшнікаў да пакаяньня”, да ўсіх прыйшоў. А цяпер папа як галава Царквы нашай Хрыстовай далей ідзе гэтым шляхам. Ён усіх прымае, каб хоць крышку, можа, закінуць зерне нечага добрага дзеля набліжэньня да Бога, набліжэньня да Хрыста. Ці гэтае зерне дасьць свой плён, мы ніколі ня ведаем”.
Менскі палітоляг Уладзімер Мацкевіч мяркуе, што заплянаваны візыт А. Лукашэнкі ў Ватыкан у пэўным сэнсе адлюстроўвае зьмену вэктараў зьнешняй палітыкі Беларусі:
“Лукашэнка сапраўды пачаў глядзець на разьвітыя краіны як на партнэраў — у адрозьненьне ад таго, як ён на пачатку стагодзьдзя імкнуўся ўсталёўваць адносіны толькі з трэцім сьветам. А зараз заходні вэктар дамінуе, і ён выкарыстоўвае любыя магчымасьці, у тым ліку і магчымасьць, прапанаваную яму ў часе візыту кардынала Тарчызіё Бэртонэ ў мінулым годзе. Я не магу таксама выключаць таго, што Лукашэнка выконвае пасярэдніцкую функцыю паміж касьцёлам і РПЦ. І тыя чуткі, якія ходзяць зараз у Беларусі, што Лукашэнка рыхтуе сустрэчу ў Менску патрыярха маскоўскага і папы рымскага, — выключаць гэтага я не магу. Гэта цалкам магчыма”.