Гэтае пытаньне будзе адным з галоўных падчас агульнай дыскусіі аб прынцыпах і канцэпцыі новай праграмы Эўразьвязу. Якім будзе вынік гэтай дыскусіі для Беларусі? Прагнозы на гэты конт палітыкаў і палітолягаў.
Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч згадвае, што ён, калі быў спэцыяльным прадстаўніком міністра замежных спраў, распачынаў дыялёг з Эўразьвязам. Палітык упэўнены: партнэрства ў Беларусі з Эўразьвязам абавязкова будзе. Усё пытаньне — у якой ступені, падкрэсьлівае спадар Гайдукевіч:
“Ёсьць некаторыя нюансы, ёсьць розначытаньні ў руху, у самім руху. Але ў прынцыпе, я думаю, гэты рух ужо не спыніць. У розныя пэрыяды ён можа быць з рознай хуткасьцю. Але партнэрства будзе.
У нас ня будзе такой лякаматыўнай хуткасьці. Дзесьці мы будзем прабуксоўваць, але сам працэс будзе ісьці”.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама не сумняваецца, што дзьверы для Беларусі ў праграму будуць адчыненыя:
“Адзінае пытаньне — хто ў яе ўвойдзе непасрэдна 7 траўня: ці Лукашэнка, ці нехта зь ягонага атачэньня? І вось тут будуць дыскусіі. Гэта — дыскусійнае пытаньне, і, я думаю, тут кансэнсусу ня будзе. Можа, будзе Мартынаў ці Сідорскі. Гэта — пытаньне сымбаляў.
І вельмі важнае пытаньне: ці будуць сфармуляваныя хатнія заданьні для Беларусі па “Ўсходнім партнэрстве”? Калі гэтага ня будзе, то выявіцца даволі слабая пазыцыя. Усё ж такі ў любым працэсе, асабліва калі ён тычыцца Беларусі і беларускага рэжыму, павінен быць калідор”.
Намесьнік старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Ігар Карпенка адзначае, што брусэльскае пытаньне трэба разглядаць праз прызму зьмяненьня эўрапейскага стаўленьня да Беларусі:
“Я думаю, нарэшце Эўропа пачала разумець, што Беларусь зьяўляецца паўнавартасным сябрам міжнароднай супольнасьці і сувэрэннай, незалежнай дзяржавай. І таму з намі патрэбна будаваць адпаведныя дачыненьні. Хоць мы пра гэта казалі, заяўлялі, вылучалі свае ініцыятывы цягам як апошніх, так і ўсіх гадоў нашага сувэрэнітэту”.
Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць, што магчымасьць для Беларусі далучыцца да праграмы “Ўсходняе партнэрства” “заўжды будзе заставацца”:
“Я ня думаю, што для Беларусі магчымасьць удзельнічаць у праграме будзе выключаная да канца. Пакуль у Беларусі ёсьць праэўрапейскія сілы, пакуль яна ёсьць незалежнай дзяржавай, магчымасьць далучэньня Беларусі да агульнаэўрапейскіх працэсаў заўсёды застаецца. Нават калі цягнік пайшоў, гэта не азначае, што пры наяўнасьці палітычнай волі яго нельга дагнаць на машыне, самалёце ці на нечым іншым”.