СЛУХАЦЬ:
Чакаецца, што ў Празе будзе абвешчаны старт праграмы “Ўсходняе партнэрства”, удзел у якой разам з Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Украінай, Малдовай можа ўзяць і Беларусь.
Калі прысутнасьць Беларусі ў праекце ЭЗ падтрымлівае абсалютная большасьць краін-сябраў ЭЗ, то пытаньне запрашэньня Лукашэнкі выклікае шмат спрэчак. Учора на сустрэчы ў Брусэлі міністры замежных спраў краін Эўразьвязу не прыйшлі да адзінай пазыцыі, а таму вырашэньне пытаньня перанесенае на 19—20 сакавіка, калі адбудзецца саміт кіраўнікоў ЭЗ.
Адной зь першых сярод краін Эўразьвязу ідэю запрашэньня прэзыдэнта Лукашэнкі ў Прагу агучыла Італія.
Яшчэ напярэдадні саміту, які адбыўся ў панядзелак, міністар Франка Фраціні заявіў італьянскім журналістам: “Лукашэнка павінен быць запрошаны”.
Пры гэтым Фраціні зрабіў агаворку: перад беларускім кіраўніком неабходна паставіць вельмі дакладныя ўмовы, у тым ліку адносна тых жа арыштаў апазыцыі.
Учора ў Брусэлі Фраціні паўтарыў сваю заяву адносна беларускага кіраўніка: “Я ўпэўнены, што Лукашэнка павінен быць запрошаны”.
У размове з журналістамі кіраўнік італьянскага МЗС таксама сказаў, што ягоная краіна за тое, каб “запрасіць у Прагу і Расею. Калі ёсьць жаданьне ладзіць “Усходняе партнэрства”, то яно не павінна мець антырасейскага характару. А гэта значыць, што тут павінна быць і Расея”. Паводле Фраціні, гэтая прапанова не сустрэла нейкага істотнага процідзеяньня з боку іншых удзельнікаў сустрэчы. Чаго нельга сказаць аб прапанове запрасіць у Прагу беларускага кіраўніка.
Шэраг краін назвалі запрашэньне Лукашэнкі немагчымым, бо пазыцыя Менску па абхаскім і паўднёва-асэтынскім пытаньні ўсё яшчэ застаецца няяснай. Як заявіў міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт, “павага да тэрытарыяльнай цэласнасьці — фундамэнтальная перадумова”.
І Більт, і ягоны фінскі калега Аляксандар Стуб назвалі ідэю запрасіць Лукашэнку ў Прагу “вельмі заўчаснай”.
Тым часам кіраўнік нямецкага МЗС Франк-Вальтэр Штайнмаер збольшага падзяляе італьянскія падыходы.
Паводле Штайнмаера, запрашэньне магчымае пры ўмове, калі “Лукашэнка публічна заявіць, што працэс выхаду Беларусі з ізаляцыі працягваецца”.
За запрашэньне на “пэўных умовах” выказаліся і некаторыя іншыя высокія эўрапейскія палітыкі і дыпляматы.
Міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт лічыць, што запрашэньне беларускага кіраўніка на травеньскі саміт будзе залежаць “ня толькі ад яго стаўленьня да іншадумцаў, але і ад здольнасьці Лукашэнкі супрацьстаяць Расеі ў пытаньні прызнаньня сэпаратысцкіх рэгіёнаў — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі”.
Паводле некаторых аглядальнікаў, ня выключаны і наступны кампраміс. Кіраўніцтва Беларусі запросяць у Прагу, аднак у асобе не Лукашэнкі, які на мінулым тыдні праігнараваў візыт у Менск эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр, а некага іншага — напрыклад, кіраўніка беларускага МЗС.
Як заявіў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па міжнароднай палітыцы Хавіер Саляна, “запрашэньне Беларусі далучыцца да новага партнэрства не зьяўляецца пытаньнем”. Хто можа прадставіць Менск на сустрэчы ў Празе, ён пры гэтым не ўдакладніў.