Паводле ягонага меркаваньня, беларускія ўлады сёньня "зрабілі досыць", каб увайсьці ў новую палітыку, і ён "ня бачыць прычын", з-за чаго прэзыдэнт Лукашэнка можа быць не запрошаны ў Прагу на ўстаноўчы саміт Усходняга партнэрства, паведамляе БелаПАН.
Ч.Грант зазначыў, што рашэньне аб запрашэньні А.Лукашэнкі на травеньскі саміт Эўразьвязу можа быць прынятае ў апошні момант, каб "пераканацца ва ўстойлівасьці лібэралізацыйных працэсаў у краіне".
Пры гэтым, паводле слоў брытанскага экспэрта, магчымае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі "не такая вялікая праблема для беларуска-эўрапейскіх адносін, як магчымае зьяўленьне новых палітвязьняў і жорсткі разгон дэманстрацый".
Разам з тым кіраўнік дасьледчага цэнтра не выключыў "наўмысныя спробы з боку сілавікоў у Беларусі псаваць наладжваньне адносін з ЭЗ".
Паводле Чарльза Гранта, Эўразьвяз пакуль не прыняў канчатковага рашэньня аб разьвіцьці адносін зь Менскам, паколькі павінен зразумець, наколькі ўстойлівы працэс лібэралізацыі ў краіне.
Брытанскі экспэрт адзначыў станоўчыя зьмены ў Беларусі: адсутнасьць палітвязьняў, вяртаньне ў падпіску дзьвюх незалежных газэт, стварэньне кансультацыйных радаў, куды ўвайшлі прадстаўнікі апазыцыі.
Апрача таго, вырасла колькасьць інфармацыі пра Эўразьвяз, заяўляецца аб гатоўнасьці разьвіваць аднолькава добрыя адносіны з Расеяй і ЭЗ.
"У Эўразьвязе разумеюць важнасьць для Беларусі добрых адносін з Расеяй, але пры гэтым падкрэсьліваюць магчымасьці і перавагі, якія адкрываюць для беларускага грамадзтва цесныя сувязі з аб'яднанай Эўропай, — сказаў экспэрт.– Эўропу аб'ядноўваюць агульныя каштоўнасьці. Беларусь як сувэрэнная краіна вольная выбіраць і фармаваць сваю ўласную дзяржаўную сыстэму, але калі яна разьвіваецца па нормах ЭЗ, то сувязі з Эўропай будуць больш прадуктыўнымі і цеснымі".
Разам з тым кіраўнік экспэртнага цэнтра зазначыў, што мелі таксама месца "падзеі, якія супярэчаць захадам насустрач ЭЗ".
Ч.Грант падкрэсьліў, што "Эўразьвяз не распачне разьвіцьцё дыялёгу з Беларусьсю, пакуль не пераканаецца, што лібэралізацыя ў краіне мае доўгатэрміновую пэрспэктыву".
Ч.Грант знаходзіўся ў Менску зь візытам 16—17 лютага. Ён правёў шэраг сустрэч, у тым ліку з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым, лідэрамі апазыцыі, прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый і дыпкорпуса, а таксама студэнтамі.
Цэнтар эўрапейскіх рэформаў быў заснаваны ў 1996 годзе Ч.Грантам і цяпер зьяўляецца вядучым дасьледчым цэнтрам Вялікабрытаніі па эўрапейскіх пытаньнях.