Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдыты на жытло патаньнелі


З 2 лютага “Беларусбанк” зьнізіў працэнтныя стаўкі да 17% па крэдытах у беларускіх рублях на будаўніцтва жытла для грамадзянаў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Нацыянальны банк рэкамэндаваў зьнізіць працэнтныя стаўкі і па няльготных крэдытах.

На мінулым тыдні старшыня Нацыянальнага банку Пётар Пракаповіч заявіў, што “працэнтныя стаўкі па крэдытах вышэй ужо не павінны ўздымацца. Бліжэйшым часам банкі абвесьцяць пра тое, што будуць зьніжаныя працэнтныя стаўкі на будаўніцтва жытла па няльготных крэдытах”.

Пры канцы студзеня “Белросбанк”зьнізіў стаўкі па ўсіх відах крэдытаваньня да 16%, у тым ліку і на жытло. А з 2 лютага “Беларусбанк” выканаў рэкамэндацыю Нацбанку — з 2 лютага зьнізіў стаўку на 5%, з 22% да 17%. Прэсавы сакратар Нацыянальнага банку Міхаіл Журавовіч выказаў такое меркаваньне:

“Куды ім больш расьці? Ёсьць магчымасьць — безумоўна, банк будзе зьніжаць стаўкі. Банк сам вырашае, якія стаўкі ставіць па крэдытах, якія па дэпазытах. Усё будзе залежаць ад рэсурсаў: наколькі танныя будуць рэсурсы закупляцца банкам, такія будуць і крэдыты. Банк жа ня будзе працаваць сабе на страту”.

Ці выканаюць рэкамэндацыі Нацбанку іншыя камэрцыйныя банкі? Экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч даў такое тлумачэньне:

“Гэта рэкамэндацыі. У адпаведнасьці з Законам аб Нацыянальным банку Нацбанк ня мае паўнамоцтваў абавязаць банкі. Працэнтная стаўка залежыць ад росту цэн, ад узроўню інфляцыі. Таму, калі ўрад хоча на практыцы зьнізіць працэнтныя стаўкі (бо і 15, і 17% — гэта недапушчальна высокія стаўкі), ён павінен заняцца праблемай інфляцыі”.

Зараз крэдытаваньнем жытла займаюцца лічаныя банкі: “Беларусбанк”, “Белросбанк”, “Белінвэстбанк”, “Прыёрбанк”. Стаўка па няльготных рублёвых крэдытах, да прыкладу, у “Беларусбанку” — 25%. Станіслаў Багданкевіч лічыць, што гэта вельмі высокія працэнты:

“Я думаю, яны павінны падаць. І больш за тое, адным з антыкрызісных захадаў павінна стаць зьніжэньне крэдытаў на будаўніцтва жытла. Прычым, паніжэньне крэдытаў, я б сказаў, бюджэтна-адміністратыўнае. То бок дзяржава павінна ўзяць на сябе якія-небудзь працэнты, да прыкладу, звыш 10%, як мінімум. Таму што гэта сацыяльны крок, людзі ж павінны быць забясьпечаныя жытлом, дахам над галавой”.

На крэдытаваньне жытла на льготных умовах у 2008 годзе “Беларусбанкам” было выдаткавана 1,7 трыльёна рублёў. За кошт крэдытаў 19 тысяч сем’яў палепшылі свае жыльлёвыя ўмовы. Але сёлета, паводле прагнозаў экспэртаў, па крэдыты будуць зьвяртацца менш, бо нават з улікам паніжэньня 17% — гэта даволі высокая стаўка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG