Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкі на няпэўны час спыняюць выдачу крэдытаў


Сытуацыя на беларускім рынку крэдытаваньня — у стане няпэўнасьці. Першыя дні новага 2009 году азмрочыліся 20-працэнтнай дэвальвацыяй беларускага рубля, што прымусіла банкі на неакрэсьлены час спыніць выдачу новых крэдытаў.

Зрэшты, яшчэ пры канцы мінулага году фінансавыя структуры ў пераважнай бальшыні радыкальна перагледзелі крэдытную палітыку — найперш абмежавалі выдачу пазыкаў і павялічылі працэнтныя стаўкі. Нацбанк за апошнія месяцы чатыры разы ўздымаў стаўку рэфінансаваньня, якая служыць для падпарадкаваных яму ўстановаў адпраўным пунктам пры вызначэньні працэнтаў па крэдытах. Якія ж пэрспэктывы мае крэдытная сфэра?

Паводле зьвестак фінансавага парталу www.infobank.by, ад верасьня да канца сьнежня 2008 году агульная колькасьць крэдытаў, якія прапаноўвалі беларускія банкі, кардынальна зьменшылася. Калі восеньню прапановаў з апісаньнямі крэдытаў было амаль паўтысячы, то цяпер іх 295 — памяншэньне ажно на 40%. Прычым гэтыя дадзеныя ня ўлічваюць тую частку крэдытаў, якія часова прыпыненыя або выдаюцца з затрымкай у сувязі зь недахопам рэсурсаў. Як кажа кіраўніца аналітычнай групы згаданага парталу Кацярына Сьмірнова, 5 студзеня — фактычна першы дзень працы банкавых установаў у 2009 годзе, таму ніякай пэўнасьці наконт бліжэйшай пэрспэктывы няма:

“Пакуль нічога невядома, банкі фактычна зь сёньняшняга дня толькі пачалі працаваць пасьля выходных. Таму мы за сёньня-заўтра будзем сытуацыю аналізаваць і, магчыма, толькі да 8 студзеня нешта ўцямнае зьявіцца. Хутчэй за ўсё, пасьля Калядаў будзе выпрацаваная кансалідаваная пазыцыя. Але рэальна пакуль яшчэ нічога не зразумела — за 5 хвілінаў да новых умоваў не прыстасуесься”.

Тое, што ў першыя дні новага году атрымаць крэдыт практычна немагчыма, пацьвярджаюць і іншыя спэцыялісты. Аляксандар Валадзько, дырэктар дэпартамэнту банку “Масква-Мінск”, лічыць: у лепшым выпадку штосьці стане зразумела пры канцы тыдня. Але чаго менавіта варта чакаць?

Што будзе пасьля чарговага сьвята — сказаць не бяруся, таму што звычайна падчас сьвята адбываюцца цуды. І мы гэта ўжо зразумелі.
“Магчымыя новыя ўмовы крэдытаваньня, але да прыняцьця пэўных рашэньняў мы не крэдытуем у прынцыпе. Бліжэйшыя некалькі дзён крэдытаваньня ня будзе. Гэта завязана на тое, што трэба даводзіць поўную працэнтную стаўку. Пакуль мы ня высьветлім, як гэта будзем рабіць, у якой форме, — нічога ня зрушыцца. Дакладней, формула ёсьць, але да моманту разуменьня — што будзе гэтая формула сабой уяўляць — мы ня маем права падпісваць крэдытныя дамовы. Адзінае, што калі вы аформілі крэдыт раней, то і ўмовы па ім застаюцца ранейшыя. Што будзе пасьля чарговага сьвята — сказаць не бяруся, таму што звычайна падчас сьвята адбываюцца цуды. І мы гэта ўжо зразумелі. Прынамсі да сьвята мы выдаваць крэдыты ня будзем”.

Іншыя банкіры таксама сьведчаць: мінімум першую студзеньскую дэкаду крэдытаатрымальнікі могуць быць спакойныя за ўмовы выплаты працэнтаў. Перадусім гэта тычыцца юрыдычных асобаў, для якіх дадатковыя выплаты пачалі расьці яшчэ ў мінулым годзе. Фізычных асобаў банкі абяцалі не чапаць. Прынамсі, пакуль. Менскі прадпрымальнік Ягор Калюжны расказвае, што ўжо істотна адчувае рост працэнтнай стаўкі на ўзяты крэдыт і перакананы: у студзені лічбы возьмуць новую вышыню:

“Справа ў тым, што зьнятыя для банкаў абмежаваньні па маржы. То бок раней як было: ёсьць стаўка рэфінансаваньня Нацбанку, і можна было нацэньваць па крэдытах, прыкладам, два пункты. Калі стаўка рэфінансаваньня 14%, то ім можна было ставіць ня больш за 16% пад крэдыты. А зараз Нацбанк зьняў ранейшыя абмежаваньні, і банкі могуць сваю маржу нацэньваць такую, якую захочуць. Прыкладам, у мяне працэнтная стаўка цяпер 18. А было спачатку 12%, потым 13%, 14%. Вось так расло”.

У адсутнасьць вольных сродкаў беларускія банкі істотна скарацілі лінейку крэдытных прапановаў. Паводле зьвестак на канец 2008 году, усяго некалькі структураў працуюць з папулярнымі крэдытамі на спажывецкія патрэбы. Але сумы, яшчэ нядаўна амаль не лімітаваныя, цяпер зьніжаныя да 3 тысяч даляраў, а прапанаваныя працэнты наводзяць на роздум пра мэтазгоднасьць такой апэрацыі. Прыкладам, спажывецкі крэдыт да 3 гадоў у “Белаграпрамбанку” выдаецца пад 20% гадавых, у “Парытэтбанку” — пад 23%, у “Белінвэстбанку” — пад 27,5%. Лідэрам — “Альфабанк”, дзе стаўка сягае да 40%.

Паслугу аўтакрэдытаваньня на канец 2008 году захавалі 10 банкаў. Аднак умовы атрыманьня крэдыту сталі больш жорсткія: акцэнт робіцца на рублёвых крэдытах, патрабуюцца даведкі аб сукупным прыбытку мужа ці жонкі за апошнія паўгода ці тры месяцы, а таксама парука мінімум дзьвюх платаздольных асобаў. Да таго ж шэраг банкаў бяруцца крэдытаваць ня больш як 60% ад кошту аўтамабіля.

Незайздросныя справы з крэдытаваньнем пад нерухомасьць. “Беларусбанк” спыніў выдачу крэдытаў на куплю жыльля, пакінуўшы толькі крэдытаваньне будаўніцтва для тых, хто стаіць у чэргах на паляпшэньне жыльлёвых умоваў (у беларускіх рублях пад 15% гадавых тэрмінам на 15 гадоў). Трэці па велічыні беларускі банк, “Прыёрбанк”, увёў ліміт на выдачу крэдытаў на набыцьцё жыльля — ня больш як 35 тысяч даляраў пад 17% гадавых. У зьвязку зь нядаўняй дэвальвацыяй відавочна: такія ўмовы патрабуюць грунтоўнай рэвізіі. Гаворыць фінансавы аналітык Кацярына Сьмірнова:

“Нельга сказаць, што ўсё гэта адбылося толькі зараз. Пагаршэньне сытуацыі на рынку крэдытаваньня пачалося дзесьці з кастрычніка. І тое, што „Беларусбанк“, напрыклад, прыпыніў крэдыты на набыцьцё — таксама не якаясьці катастрофа, якая здарылася тыдзень ці два таму. Таму я б не сказала, што ў адзін момант „Беларусбанк“ перастаў выдаваць крэдыты і раптам усім ня стала дзе атрымаць крэдыт. Усё разьвіваецца паступова”.

Ад няпэўнасьці на фінансавым рынку церпяць ня толькі фізычныя асобы. Усё больш праблемаў звальваецца на прамысловы сэктар, дзе даступнасьць крэдытаваньня — зарука няспыннага вытворчага працэсу. Дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан канстатуе: цяпер у закладніках амаль увесь прамысловы сэктар, які завязаны перадусім на Расеі:

“Штосьці, канечне, рэалізуецца. То бок спажыўцы, якія за свае грошы жывуць, а не за крэдытныя, — у іх збольшага сродкі ёсьць. А той, хто ўвесь час прызвычаіўся жыць і працаваць у крэдыт, у таго, натуральна, складанасьці з атрыманьнем новых крэдытаў і вяртаньнем старых. У выніку гэта выклікае ланцуговую рэакцыю. Бо на ўзятых у крэдыт грашах трэба зарабіць і ўжо з заробленага разьлічвацца за прадукцыю. І пры гэтым, само сабой, выплачваць працэнты банку ці лізінгавай кампаніі. Але паколькі цяпер узяць крэдыты надзвычай складана, то замежнікі нічога ня могуць набыць, хоць у іх, можа, нават ёсьць аб’ём працы, прыкладам, пад беларускую тэхніку”.

Старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фэлікс Чарняўскі прагназуе: сытуацыя з крэдытаваньнем будзе наўпрост залежаць ад сымптомаў на фінансавым рынку — прычым ня толькі ў Беларусі, але і ў сьвеце. Аднак на тле апошніх падзеяў ён не чакае, што варта разьлічваць на нейкія крэдытныя палёгкі — прыкладам, зьніжэньне працэнтных ставак:

“Ёсьць эканамічная тэорыя, якая сьведчыць пра тое, што зьмяншэньне крэдытаваньня прыводзіць да зьніжэньня крэдытнага мультыплікатара і зьмяншэньня грашовай масы. Таму тут цэлы ланцужок выбудоўваецца. Але трэба мець на ўвазе: усё гэта нарадзілася не ў Беларусі. І нам таксама фактычна даводзіцца адказваць за тое, што колісь была збудаваная гіганцкая фінансавая піраміда, якая ўрэшце абрынулася. І вось цяпер мы, як і ўвесь сьвет, сталі закладнікамі абвалу гэтай звычайнай фінансавай піраміды”.

Пры канцы мінулага году Нацбанк распаўсюдзіў ліст, у якім рэкамэндаваў камэрцыйным банкам прыпыніць выдачу валютных крэдытаў фізычным асобам і ўзмацніць кантроль за мэтавым выкарыстаньнем спажывецкіх крэдытаў — па сутнасьці, выдаваць сродкі ў рублях пад набыцьцё тавараў беларускай вытворчасьці. Аднак ініцыяваны самім жа Нацбанкам абвал рубля фактычна заваліў ідэю падтрымкі беларускіх вытворцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG