Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выйграе ад дэвальвацыі?


Міхась Залескі
Міхась Залескі

Якія сацыяльныя слаі насельніцтва выйграюць ад дэвальвацыі беларускага рубля? У каго і чаму вырастуць даходы за 2009 год? Якім будзе ўзровень інфляцыі ў гэтым годзе? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Міхал Залескі.


Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў сувязі з дэвальвацыяй адпаведна зьнізіцца дабрабыт беларусаў. Але ці ёсьць у гэтым нейкая заканамернасьць? Калі курс паменшыўся на 20 працэнтаў, -- але ці азначае гэта, што і ўзровень даходаў паменшыцца на столькі ж?”

Залескі: “Тыя групы насельніцтва, якія атрымліваюць прыбыткі ў валюце альбо маюць валютныя дэпазіты, -- яны выйгралі і іхні дабрабыт будзе павялічвацца. А тыя групы, якія атрымлівалі заробак у беларускіх рублях, адчуюць на сябе не дэвальвацыю, а інфляцыю, якая будзе выкліканая найперш ростам цэнаў на імпартныя тавары, у тым ліку і харчовыя. Гэта ўжо відаць.

Тыя, хто меў больш высокія рублёвыя даходы і дазвалялі сабе здымаць кватэры, браць валютныя крэдыты, езьдзіць на адпачынак за мяжу – яны адчуюць гэта ў найбольшай ступені. Гэтая частка так званай “сярэдняй клясы” па ўзроўню дабрабыту пакаціцца ўніз”.

Цыганкоў: “Чаму многія эканамісты сьцьвярджаюць, што цэны абавязкова вырастуць? Але калі зараз у насельніцтва стане менш грошай, яно будзе ня ў стане купляць тавары па больш высокіх цэнах..”

Залескі: “Можа проста скараціцца аб’ём таваразвароту, бо ён надта імкліва рос апошнія гады. Але цэны ўніз ня пойдуць. Бо ў кожным беларускім тавары вельмі вялікая доля імпарту. Бо прадпрыемствы цяпер за свае рублі могуць купіць менш тавараў, і з-за таго іхнія вырабы стануць даражэйшыя”.

Цыганкоў: “Відавочна, што цяпер улады будуць вымушаныя карэктаваць свае пляны –ніхто ўжо ня марыць пра рост ВУП на 10 працэнтаў. Як можна спрагназаваць узровень інфляцыі і рост даходаў насельніцтва?”

Залескі: “Інфляцыя складзе сёлета найменш працэнтаў 30, якраз з-за росту імпартнага складніку і наступстваў дэвальвацыі.

Што да ўзроўню даходаў насельніцтва, то ў цэлым “сярэдняя тэмпэратура па бальніцы” застанецца нармальнай, узровень даходаў нават крыху павысіцца. Але пойдзе далейшае сацыяльнае разьмежаваньне – зьявяцца групы дастаткова бедныя і разам з тым больш заможныя, чым сёньня. Бо ўрад вымушаны будзе дазваляць людзям зарабляць, колькі яны хочуць, працаваць болей. Калі зараз уводзіцца падатковая рэформа, плюс зьнімуць забароны па сумяшчальніцтве, -- то актыўныя могуць зарабіць болей. Гэта, аднак, зьвязана толькі з той групай людзей, якія працаздольныя і эфэктыўныя. А дабрабыт тых, хто ня здольны працаваць на трох работах адначасова – панізіцца”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG