Беларускі мэталюргічны завод чарговы раз марна спрабаваў аспрэчыць санкцыі праз Эўрапейскі суд. Раней зьняць санкцыі такім чынам спрабавалі «Гродна Азот», МАЗ, БелАЗ ды іншыя кампаніі. Расказваем, навошта гэта беларускім заводам, калі з 2020 году невядома пра пасьпяховыя для іх вынікі такіх судоў, і якіх выдаткаў вымагаюць суды.
Суд Эўрапейскага Зьвязу адхіліў пазоў Беларускага мэталюргічнага заводу (БМЗ) аб зьняцьці зь яго санкцыяў, якія раней супраць прадпрыемства ўвяла Рада ЭЗ. Адпаведнае рашэньне зьявілася на сайце суду 19 сакавіка.
Санкцыі супраць БМЗ увялі ў жніўні 2023 году, раней пад абмежаваньні трапляла пэўная прадукцыя заводу. Прадпрыемства ўнесьлі ў санкцыйны сьпіс за сувязі з рэжымам Лукашэнкі і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці.
Згодна з дакумэнтамі, у судзе прадстаўнікі БМЗ спрабавалі даказаць, што ня маюць адносінаў да ўладаў Беларусі, не фінансуюць іх і дзейнічаюць як камэрцыйнае прадпрыемства, арыентаванае на экспарт. Пазыцыя кампаніі ў рашэньні суду сфармуляваная наступным чынам:
- «Кампанія не падтрымлівае рэжым і не атрымлівае выгады ад яго».
- «Прыбытак за 2021–2022 гады быў нізкім, а выплачаныя дывідэнды дзяржаве неістотныя».
- «Як дзяржаўная кампанія, яна абавязана паводле закону выплачваць дывідэнды, што ня ёсьць падтрымкай рэжыму».
У судзе ўсе гэтыя тэзісы зьняпраўдзілі з спасылкай на канкрэтныя факты, якія прыводзяцца ў канчатковым рашэньні. У прыватнасьці, суд зьвярнуў увагу, што дзяржава ў 2023 годзе кампэнсавала страты аднаму з банкаў, які раней выдаў мэталюргічнаму заводу крэдыт прыкладна ў 25 мільёнаў эўра.
Суд таксама зьвярнуў увагу на той факт, што завод у 2017–2019 гадах атрымліваў ад дзяржавы субсыдыі на агульную суму больш за 30 мільёнаў эўра.
Сярод іншага, суд прыйшоў да высновы, што БМЗ — інструмэнт дзяржаўнай эканамічнай палітыкі Беларусі, а дзяржаўная падтрымка дазваляе прадпрыемству канкураваць на міжнародным рынку.
Перад гэтым БМЗ дамагаўся зьняцьця санкцый праз суд у сакавіку 2024 году, але таксама марна.
Хто яшчэ хацеў скасаваць санкцыі праз суд
Вядома пра як мінімум 9 дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў, якія спрабавалі дамагчыся адмены эўрапейскіх санкцый праз суд ЭЗ.
У сакавіку 2022 году Суд ЭЗ у Люксэмбургу вынес рашэньне ў справе пазову «Гродна Азот» і «Хімвалакно». У судзе гэтыя прадпрыемствы, асноўная доля якіх належыць дзяржаве, спрабавалі аспрэчыць сваю сувязь з уладамі. Пры гэтым яны самі прызналі, што ў 2018–2020 гадах выплацілі дзяржаве дывідэнды на агульную суму 49,5 мільёна рублёў. Суд яны прайгралі.
Суд адмовіў у зьняцьці санкцыяў таксама МАЗу і БелАЗу, якія трапілі пад абмежаваньні эўрапейскіх краін у чэрвені 2021 году. Сярод іншага прадпрыемствы настойвалі, што Рада ЭЗ памылілася наконт таго, што яны фінансуюць і падтрымліваюць палітычны рэжым у Беларусі.
Абодва прадпрыемствы знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці і падпарадкоўваюцца Міністэрству прамысловасьці. У якасьці доказаў сваёй рацыі суд палічыў таксама выплату гэтымі заводамі дывідэндаў ад сваёй дзейнасьці дзяржаве.
Суд ЭЗ у Люксэмбургу адмовіўся здымаць санкцыі супраць беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белаэранавігацыя» — яна трапіла пад абмежаваньні пасьля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і арышту журналіста Рамана Пратасевіча, які быў на борце самалёта. У судзе беларуская кампанія спрабавала давесьці, што пасадка адбылася з прычыны мераў бясьпекі, а не з палітычных матываў.
У сакавіку 2024 году суд адказаў на заяву прадпрыемства «Мастоўдрэў» (тады ж санкцыі аспрэчваў у першы раз і БМЗ). Пад санкцыі трапіў ня сам дрэваапрацоўчы завод у Мастах, а ягоныя прадукты дрэваапрацоўкі і чорнай мэталюргіі. Абмежаваньні на іх ЭЗ увёў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне.
Прадстаўнікі «Мастоўдрэў» заяўлялі, што ня маюць нейкіх асаблівых стасункаў з уладамі і войскам Беларусі, не адрозьніваюцца ад іншых прадстаўнікоў бізнэсу. Пры гэтым беларуская дзяржава шмат гадоў вылучала датацыі для падтрыманьня дрэваапрацоўкі, у тым ліку гэтага прадпрыемства.
Тады абодва прадпрыемствы суд прайгралі.
У верасьні летась Суд ЭЗ не задаволіў скаргу ад «Беларуськалію» і «Беларускай калійнай кампаніі», якія таксама зьвярталіся з пазовам аб зьняцьці санкцыяў.
Як вынікае з рашэньня суду, юрысты, якія прадстаўляюць беларускага вытворцу ўгнаеньняў, настойвалі на тым, што санкцыі парушаюць прынцып законнасьці. Акрамя таго, у якасьці аргумэнтаў яны ўказвалі на памылку ў ацэнках, парушэньне прынцыпу недыскрымінацыі, прапарцыйнасьці абмежавальных мераў. Суд гэты пазоў таксама адхіліў.
«Робяць для галачкі»
Дзяржава ідзе судзіцца за зьняцьце санкцый, бо «на гэта ёсьць загад». Так працуе ў Беларусі дзяржаўная машына — па інэрцыі, кажа юрыст у галіне міжнароднага права Алесь Міхалевіч.
«Гэта робіцца „на адчапіцеся“, дзеля галачкі, каб скарга для Суду ЭЗ была прымальная. Гэта проста такі дзяржаўны прадакшн: зрабілі скаргу, адсправаздачыліся, што падалі. Пасьля адсправаздачыліся, што суд прайшоў — „усе супраць нас“», — мяркуе Алесь Міхалевіч.
Што да сродкаў, якія дзяржаўныя прадпрыемствы могуць выдаткоўваць на такія суды, то гаворка пра тысячы ці максымум дзясяткі тысяч эўра, мяркуе юрыст.
Юрыст-міжнароднік Кацярына Дзяйкала патлумачыла Свабодзе, што кошт такога суду для беларускіх кампаніяў залежыць ад кошту паслугаў юрыстаў, якіх для гэтага суду наймалі.
«Найперш важна, колькі каштуе ваш юрыст. Магчыма, прыватныя кампаніі выдаткоўваюць на гэта больш, а дзяржаўныя заводы менш. Аднак ганарары гэтых юрыстаў непублічныя», — кажа суразмоўца.
Зьняць санкцыі праз суд ЭЗ спрабавалі таксам і прыватныя кампаніі, а таксама буйныя бізнэсоўцы: Мікалай Варабей; кампанія Synesis, што распрацавала інтэлектуальную сыстэму відэаназіраньня, і яе ўладальнік Аляксандар Шатроў.
Паводле Алеся Міхалевіча, у такіх выпадках на судовыя працэсы могуць траціць значна больш.
«Гэта зусім іншая гісторыя, там могуць быць сотні тысяч эўра ці ў часам нават мільёны, бо падключаюць зусім іншых юрыстаў, могуць падключаць лабістаў», — тлумачыць праўнік.
«Санкцыі таксама псуюць імідж кампаніі»
З эканамічнага гледзішча санкцыі — ня толькі страта эўрапейскага рынку, але і іміджу кампаніі. На гэта зважае старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна.
«Намагаюцца абгрунтаваць неабходнасьць зьняць санкцыі, бо страты, зь якімі яны сутыкаюцца, прымушаюць спрабаваць гэта рабіць. Лічаць гэта вартым, бо складанасьці для іх пераважаюць над магчымымі выдаткамі на суды», — мяркуе эканамістка.
На гэты момант пад санкцыямі ЭЗ працуе каля чатырох дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў. Некаторыя зь іх трапілі ў санкцыйны сьпіс, бо абмежаваньні ўвялі менавіта супраць гэтых прадпрыемстваў, іншыя — бо санкцыі ўвялі на канкрэтную прадукцыю, якую яны вырабляюць. Напрыклад, на дрэваапрацоўку і прадукты чорнай мэталюргіі, незалежна ад прадпрыемства-вытворцы.
Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах
На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.
- 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
- 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
- 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
- 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
- 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
- 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.
На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.
- 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
- 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
- Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.
Форум