Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч кажа, што ад дэвальвацыі ён толькі выйграў:
“Мяне ніяк гэта не закранула, бо я не зарабляю ніводнай капейкі ў беларускіх рублях. А зарабляю я ў злотых, далярах, эўра. Таму мне нават лепей стала. Я чытаю лекцыі ва ўнівэрсытэтах, а таксама публічныя лекцыі па дамоўленасьці. Прыкладам, цяпер я маю запрашэньне на канфэрэнцыю ў Злучаныя Штаты. І я ўжо скантактаваўся з пэўнымі ўнівэрсытэтамі. І гэта мой прафэсарскі бізнэс.
Я дакладна ведаю, што праз кароткі час у Беларусі будзе горш. Таму што падаражэньне непазьбежна, а абясцэньваньне беларускага рубля адаб’ецца адмоўна на ўсіх, без выключэньня”.
Старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня Ўладзімер Здановіч кажа, што яго дэвальвацыя не закранула:
“Так склаліся абставіны, што перад Новым годам амаль зусім не было ніякіх грошай. І рахункаў у банках таксама. Таму практычна я нічога не адчуў”.
Намесьніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сьвятлана Губейка таксама кажа, што дэвальвацыю пакуль не заўважыла. Але пры гэтым акцэнтуе ўвагу на слове “пакуль”:
“Але ж, канечне, адаб’ецца. Тут няма пытаньняў. Вось суседзі заходзілі, жаліліся: ляжалі пяць мільёнаў на ашчаднай кніжцы. А цяпер гэта ўжо чатыры мільёны. А асабіста ў мяне няма вялікіх грошай — ні на кніжцы, нідзе. Жывем з зарплаты. Але ж бачым, што цэны ўжо кусаюцца — і там, і там усё дадаецца. Я думаю, што хутка мы гэта моцна адчуем”.
Аляксандар Сасноў, былы міністар працы, кажа, што ягонай сям’і, якая ў сваіх гастранамічных прыхільнасьцях аддае перавагу рознай рыбе, мабыць, прыйдзецца часткова зьмяніць мэню:
“Напрыклад, на Камароўцы той самай цэны на рыбу і вырабы зь яе ўжо пайшлі ўгару. І яшчэ я адчуў, што мая пэнсія будзе цяпер значна таньнейшая ў далярах, чым раней. А гэта значыць, што калі я паеду на тую ж Украіну, дык мне яе ня вельмі будзе хапаць, каб правесьці там час”.