Прадаўцы зазначаюць, што раней на пачатку году такога ажыятажу не назіралася. Сёньня ж некаторыя з крамаў бытавой тэхнікі наагул былі зачыненыя на пераацэнку тавару. Загадчыца адной з адчыненых крамаў паведаміла, што атрымала тэлефанаграму ад свайго асноўнага пастаўшчыка з патрабаваньнем спыніць гандаль і пачаць таксама пераацэнку тавару.
Гэтая крама гандлюе айчыннымі тэлевізарамі “Віцязь”:
“Да новага году пра гэта ніхто гаворкі ня вёў. Сёньня ж тэлефанавалі й сказалі зачыняць краму й рабіць пераацэнку. Пасьпелі, вядома, шмат прадаць. Вы ж бачыце, у нас амаль пустая крама. Усё прадалі за два дні літаральна: за трэцяга й чацьвёртага студзеня. І потым ня толькі айчынныя нашыя тэлевізары, але й імпартныя. Чайнікі, напрыклад, — і там паліцы парадзелі”, — зазначыла загадчыца крамы.
Паводле яе, раней у першыя навагоднія дні гандаль быў ня надта бойкі. Сёлета ж такога ажыятажу ніхто не чакаў:
“Трэцяга й чацьвёртага студзеня — мы ж першага й другога не працавалі — ад людзей проста ламілася крама. Недзе так разы ў два было болей іх, чым у звычайныя дні”.
Людзі скуплялі ня толькі тэлевізары. У магілёўскіх унівэрмагах паведамілі, што за першыя тры дні новага году людзі раскупілі амаль усе пральныя машыны й лядоўні. У адной са спэцыялізаваных кампутарных крамаў сказалі, што попыт застаецца высокім на ўвесь асартымэнт аргтэхнікі.
Сёньня працавалі ня ўсе крамы бытавой тэхнікі. Некаторыя зь іх, згодна з абвесткамі, былі зачыненыя альбо на пераацэнку тавару — “пераўлік”, альбо “з тэхнічных прычынаў”.
Як удалося высьветліць, рост цэнаў на імпартную бытавую тэхніку ў Магілёве мае скласьці да трыццаці пяці працэнтаў.