Як паведаміла 21 сакавіка Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, у Беларусі будзе значна скарочаны пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца.
«З улікам даручэньняў кіраўніка дзяржавы падрыхтаваны зьмяненьні ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2022 г. № 713 „Аб сыстэме рэгуляваньня цэн“. Плянуецца, у тым ліку істотна скараціць пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца; даць права вытворцам устанаўліваць адпускныя цэны зыходзячы з узроўню рэнтабельнасьці, які склаўся ў прадпрыемства ў апошнія гады; вызначыць для айчынных тавараў узровень гандлёвай надбаўкі, як правіла, не менш, чым для імпартнай прадукцыі».
Як паведамляе «Позірк» са спасылкай на міністра антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Артура Карповіча, цяпер пастановай урада рэгулююцца цэны на 331 пазыцыю тавараў.
Цэнавае рэгуляваньне ўрад увёў у 2022 годзе, каб стрымаць інфляцыю.
Дзяржаўнае рэгуляваньне цэн прывяло да праблем сыстэмы гандлю. Як паведамляе Белстат, у студзені 2025 году рэнтабельнасьць сыстэмы розьнічнага гандлю склала 1,4%. У 2024 годзе ў краіне было 97 стратных арганізацый розьнічнага гандлю, (у 2023 годзе такіх было 88), гэта 14,4% ад іх агульнай колькасьці. Сума стратаў на адну такую арганізацыю скала 2,8 мільёна рублёў.
Такім чынам праз замарозку цэнаў урадам гандаль, па-сутнасьці, ператварыўся ў беспрыбытковую дзейнасьць. Скарачэньне пераліку тавараў, цэны на якія рэгулююцца, як чакаецца, паскорыць інфляцыю.
Паводле Белстату, у лютым 2025 году спажывецкія цэны ў Беларусі вырасьлі на 1,3%, а за 2024 год інфляцыя склала 5,2%.
Да ўвядзеньня цэнавога рэгуляваньня рэнтабельнасьць продажаў у беларускім розьнічным гандлі складала 3-5%.
Форум