Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго прызначаць "Чубайсам" дэвальвацыі?


Як адаб’ецца на рэйтынгу і аўтарытэце Аляксандра Лукашэнкі ўпартае маўчаньне ўладаў пасьля дэвальвацыі? Каго абяруць ахвярным казлом дэвальвацыі? Ці паверыць насельніцтва ў стабільнасьць беларускай нацыянальнай валюты? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць палітычны аглядальнік газэты “Белорусы і рынок” Паўлюк Быкоўскі і рэдактар бюлетэня “Беларускі тыдзень” Аляксандар Класкоўскі.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Дэвальвацыя нацыянальнай валюты на 20 працэнтаў стала шокам і вялікім узрушэньнем для беларускіх грамадзянаў. Звычайна ў момант такіх узрушэньняў кіраўнікі краінаў альбо выступаюць са зваротамі да грамадзянаў альбо нейкім іншым чынам тлумачаць такія крокі. У беларускім выпадку, (прынамсі, на момант запісу нашай Экспэртызы) нічога такога зроблена не было. Максымум, што ўбачылі беларускія грамадзяне — гэта выступ у тэлепраграме ОНТ „Контуры“ кіраўніка управы інфармацыі Нацбанку Анатоля Драздова. Як можна ацаніць гэтае маўчаньне ўладаў, і чым яно абернецца для яе?”


На БТ дэвальвацыі як не было

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: “Калі ўжываць жарганізм, то можна сказаць, што ўлада “кінула” свой электарат. Чаму яна маўчыць? — адказ банальны: няма чаго казаць. Усе папярэднія заявы аказаліся хлусьнёй.

Дарэчы, мы лішні раз упэўніліся, якой рэптыльнай ёсьць сыстэма дзяржаўных СМІ. У нядзельнай аналітычнай праграме па БТ галоўная падзея — гэта хакейны турнір з удзелам СаміВедаецеКаго, а абвалу і дэвальвацыі нібыта і не было. Карацей, як мыла зьеўшы, мову адняло.

Улада, натуральна, асьцерагаецца зараз рабіць нейкія заявы, бо гэта дэвальвацыя — не апошняя.
Улада асьцерагаецца рабіць нейкія заявы, бо гэта дэвальвацыя — не апошняя.
У любым выпадку будзе працягвацца паўзучае абясцэньваньне нацыянальнай валюты і ня выключана, што давядзецца яшчэ ісьці на нейкія іншыя радыкальныя крокі. Мы, дарэчы, яшчэ ня ведаем і наўрад ці даведаемся ўсяго комплексу патрабаваньняў МВФ. Можна меркаваць, што МВФ у сваім стылі патрабуе спыніць фінансаваць монстраў “сацыялістычнай індустрыі”, спыніць перакрыжаванае субсыдаваньне камунальных плацяжоў. І калі гэта так, то насельніцтва чакае яшчэ шмат вельмі непрыемных сюрпрызаў.

Улада тут робіць па-свойму псыхалягічна правільна. Бо той, хто апраўдваецца, толькі яшчэ болей страчвае ў вачах тых, хто слухае. Таму тут разьлік правераны — на досьведзе, што “зьядуць” і чарговую пілюлю. І тут самы красамоўны прыклад — гэта скасаваньне льгот. Здаецца, больш непапулярнага захаду не прыдумаеш, але — зьелі“.

Цыганкоў: “Як гэта маўчаньне адаб’ецца на аўтарытэце ўлады? Можа, дэвальвацыю варта ацаніць такім парадаксальным чынам: Лукашэнка зрабіў даволі мужны крок, і дзеля дабра беларускай эканомікі пайшоў на захады, якія могуць прывесьці да зьніжэньня ягонага асабістага рэйтынгу?”


Каго зробяць ахвярным казлом?

Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскі: Хутчэй, тут былі іншыя рэзоны. Гэта перадапошні год перад прэзыдэнцкімі выбарамі, перад якімі рэйтынг прэзыдэнта будзе падганяцца ўсімі магчымымі спосабамі.

На сёньня, сапраўды, няма камэнтароў чыноўнікаў высокага ўзроўню на тэму, чаму рабілася дэвальвацыя, і чаму яна рабілася менавіта такім чынам. Сапраўды, выступаў прэсавы сакратар Нацбанку Драздоў — але гэта не старшыня Нацбанку, не прэм’ер, нават не міністар. Чаму яны ня хочуць выступаць? Для прэзыдэнта, відаць, усё ж ня варта было б браць на сябе адказнасьць, бо ёсьць магчымасьць сьпіхнуць гэта на Нацыянальны Банк.

Гэта перадапошні год перад прэзыдэнцкімі выбарамі, перад якімі рэйтынг прэзыдэнта будзе падганяцца ўсімі магчымымі спосабамі.
Мы памятаем, што перад Новым годам на адной з нарадаў якраз і гучала, што дэвальвацыі больш за 5 працэнтаў ня варта праводзіць і гэтак далей. Таму гэта і выглядае так, нібыта Нацбанк самастойна правёў гэтую дэвальвацыю. Але з тых інтэрвію, якія давалі супрацоўнікі Нацбанку напярэдадні Новага году, было відаць, што яны не хацелі праходзіць дэвальвацыю такім спосабам і лічылі, што 20 працэнтаў — гэта шмат..“.

Цыганкоў: “То бок, вы лічыце, што гэтае рашэньне было прынята палітычным кіраўніцтвам, а не эканамічнымі дарадцамі?”

Быкоўскі: “Як і ўсе важныя дзяржаўныя рашэньні, гэта было палітычнае рашэньне. У экспэртаў былі свае аргумэнты, усё залежыць ад таго, хто і як патлумачыў прэзыдэнту вартасьці таго ці іншага шляху.

Маўчаньне ўлады сьведчыць, што ніхто ня хоча браць на сябе ролю ахвярнага казла, якога потым, як Чубайса, будуць “скланяць” за дэвальвацыю. Найхутчэй, на гэтую ролю добра падыдзе Нацбанк. Пакуль дзяржаўным СМІ такой каманды ня дадзена. Трэба пачакаць, як будзе паводзіць сябе насельніцтва, ці будзе патрабаваць “крыві” таго, хто прыняў рашэньне пра дэвальвацыю“.

Цыганкоў: “Вось акурат зараз і пагаворым пра тое, як можа павесьці насельніцтва. Ці будуць адэкватнымі эканамічныя дзеяньні людзей? Ці зьявіцца нейкая пратэставая актыўнасьць? Аўтарытэт улады зьнізіцца ці, як сказаў раней Аляксандар Класкоўскі, “праглынуць і гэта”?


“Людзі нацэленыя не на бунт, а на самавыжываньне”

Класкоўскі: “Так, мы бачым першую рэакцыю — людзі кінуліся найперш скупляць даляры ды імпартныя тавары. Гэта азначае, што яны ня вераць запэўніваньням, што болей рэзкіх хістаньняў курсу ня будзе. Наадварот, людзі лічаць, што гэта толькі “кветачкі”, таму такія дзеяньні. Але заўважце, яны не бягуць на мітынгі, ня ставяць пытаньне рубам, што трэба мяняць уладу (калі казаць схематычна). Яны нацэленыя не на бунт, а на самавыжываньне.

Найперш страцілі тыя, хто давяраў гэтай уладзе…
Гэта асаблівасьці мэнтальнасьці беларусаў, якія прызвычаіліся, што кожная ўлада іх “кідае”. Масавая сьвядомасьць нашых суайчыньнікаў даволі элястычная, калі не сказаць — канфармісцкая. Таму казаць, што цяпер можна ставіць крыж на рэйтынгу Лукашэнкі, я б не сьпяшаўся“

Цыганкоў: “Як улада патлумачыць людзям, чаму яна так паслухмяна „скача пад дудку МВФ“, „жульля з МВФ“, як калісьці казаў Аляксандар Лукашэнка?”

Быкоўскі: “Хутчэй за ўсё, улады так адназначна і ня скажуць, што яны выконваюць патрабаваньні МВФ, бо гэта ім ня вельмі да твару. Яны найхутчэй скажуць, што і так зьбіраліся гэта зрабіць. Маўляў, тое, што раіць МВФ, не заўсёды кепска. І маўляў, у дадзеным выпадку іхнія рэкамэндацыі супалі з нашымі намерамі.

Што тычыцца мітынгаў і акцыяў пратэсту, то сапраўды, цяжка сказаць, хто б зараз пайшоў на мітынг. Бо найперш страцілі тыя, хто давяраў гэтай уладзе…“

Цыганкоў: “..Акрамя ўсяго, на мітынгу даляры ня купіш, і свае грошы ня выратуеш..”

Быкоўскі: ..Так. Тыя, хто не давярае ўладзе, даўно ўжо разумелі, што дэвальвацыя будзе, і трэба неяк ратаваць свае сродкі — сярод іх шмат хто перад Новым годам пераводзіў свае рублі ў валюту“.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG