Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зону скароцяць, але не скасуюць


Дзяржкамітэт памежных войскаў вывеў са складу так званых памежных зон Аўгустоўскі канал. Скарацілася шырыня памежнай зоны на Віцебшчыне. Тым ня меней яшчэ вялікая частка беларускай зямлі ля межаў з Польшчай, Літвой, Латвіяй застаецца маладаступнай як для замежнікаў, гэтак і для грамадзян Беларусі. Парадкі ў такіх зонах, заведзеныя з часоў СССР, абяцаюць зьмяніць з новага году.

Памежная зона — гэта паласа ўздоўж мяжы, уезд у якую без адпаведнага дазволу забаронены як іншаземцам, так і грамадзянам краіны. Яшчэ нядаўна на некаторых участках яна даходзіла да 50 км у глыбіню. Цяпер вагаецца ад 10 да 30.

Знаёмыя студэнты распавялі, як у часе вандроўкі іх адмовіліся прытуліць на ноч у Ашмянскім касьцёле, бо не было адпаведнага дазволу з райаддзелу міліцыі. У часе прэзыдэнцкай кампаніі затрымалі за “парушэньне рэжыму” замежных журналістаў, што прыехалі да Аляксандра Мілінкевіча на ягоную малую радзіму ў вёску Бершты. Праваабаронца, старшыня Смаргонскай філіі Партыі БНФ Алесь Дзергачоў мае шэнгенскую візу, паводле роду дзейнасьці мусіць часьцяком бываць у “забароненых” мясьцінах. Але і ён зазначае:

Алесь Дзергачоў
“Тры гадзіны любы чалавек транзытам можа быць там. Спыніцца магу перакусіць. Але калі я скажу, што прыехаў да кагосьці ў госьці, я ўжо парушальнік. Калі ня маю выкліку і дазволу зь мясцовай міліцыі, на мяне можа быць заведзеная крымінальная справа. Мае камунікацыі стрымліваюцца, як чалавека. Усё гэта сьмешна выглядае…”

Аднак жыхарам памежжа не да сьмеху. Моладзь з-за ўзмоцненага абмежаваньнямі беспрацоўя бяжыць ва “ўязныя” гарады. Старыя ж бацькі ня ў стане кожным разам перад іх прыездам даклыпаць да сельсавету, каб атрымаць даведку, што маюць “дазволенага” сына. Вось што распавялі бабулькі, якія жывуць у адным з засьценкаў ля івейскай вёскі Суботнікі:

“Мне 74”. — “А мне 86”. — “Дубоўская”. — “Казлоўская” (сьмяюцца). — “Родныя прыяжджаюць, няма даведкі, дык ловяць-штрафуюць, як убачаць, што ня свой — пад 300 тысяч!”

Двойчы паранены, інвалід Другой сусьветнай, 84-гадовы экс-дырэктар школы Сцяпан Мураўёў жыве ў Суботніках 44 гады. Мае сына і дачку ў Менску. І кожным разам — праблему зь іхным прыездам.

“Кожны год бяру даведку ў сельсавеце. У нас ёсьць памежны пост. Іх асноўная задача — адсочваць эканамічных дывэрсантаў. Але гучных спраў не было — за роднымі ганяюцца, і ўсё. Калі адменяць памежную зону — нядрэнна, бо многія маюць родных у Літве — у Дзівенішках, Вільні…”

Парадаксальна, але лепей за ўсіх у беларускім памежжы пачуваюцца акурат прадстаўнікі літоўскай нацыянальнай меншасьці, што кампактна жывуць у вёсцы Пеляса на Воранаўшчыне — за 15 км ад мяжы. Распавядаюць сакратарка культурнага таварыства “Гінкене” (“Радзіма”), спадарыня Тэрэса Круопене ды 22-гадовы навучэнец ПТВ Эдгар Сільвэкар.

“Як я вучылася, зь 17-ці чацьвёра абралі беларускую мову, 13 — літоўскую. Хто абраў літоўскую, той не прайграў на сёньня. У нас від на жыхарства, і мы часьцінка Літвы. Віза бясплатная. Пелясоўцаў шмат працуе на Літве…”

“Прапісаны ў Літве таксама, магу пашпарт зрабіць, у Эўропу паехаць. Свабадней, чым іншыя, адчуваю…”

Між іншым, каб наведаць літоўскае памежжа, адмысловага дазволу не патрабуецца наагул.

З новага году сытуацыя мае зьмяніцца і ў Беларусі, пераконвае начальнік прэс-цэнтру памежных войскаў Аляксандар Цішчанка:

“З наступнага году ўвесь бюракратычны цяжар, калі былі задзейнічаныя РАУС і пасялковыя саветы, будзе максымальна спрошчаны і сканцэнтраваны ў памежнікаў. І асноўны прынцып — заяўны. Грамадзянін проста будзе заяўляць, што ўяжджае. Усе выканкамы разгледзелі пытаньні скарачэньня памежнай зоны да памераў сельсавету — 5—7 км, шэраг рэгіструе іх у Мін’юсьце. Да 1 сьнежня было даручана прыняць рашэньні аблвыканкамам. Для іншаземцаў таксама будзе прапрацаваны заяўны прынцып, для таго каб турызм тут стаў разьвівацца. Апэратыўна ўносілі зьмены ў Закон аб дзяржаўнай мяжы. Усё будзе залежаць ад таго, як хутка стануць рэагаваць выканаўчыя ўлады на месцах…

Па-першае, гэта ў інтарэсах грамадзянаў. Па-другое, для разьвіцьця памежжа. Каб яно не адчувала сабе ўскраінай. Скарачэньне зоны — заахвочваньне інвэстыцый, стварэньне працоўных месцаў, асабліва ў часы крызы…“

Палкоўнік Цішчанка наступны год назваў “вырашальным”. Пакуль жа пытаньні студэнта-філёзафа Алеся Ількевіча і юрыста Алеся Дзергачова гучаць рытарычна.

“Унікальны касьцёл у Гервятах таксама ў гэтай зоне — а гэта спадчына ўсебеларуская, якая ўваходзіць у каталёгі, нэаготыка. Людзі б туды ехалі, каб было адкрыта…”

“Я б увогуле ўсе абмежаваньні зьняў. А так смаргонец сабраўся ў Астравец — ён парушальнік памежнага рэжыму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG