Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Суботніках, ля мяжы, савецкі застой ды “аграбязьмежжа”


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 4 сьнежня.


Вандроўка ў Суботнікі, што на Івейшчыне ў памежнай зоне, падалася мне ў літаральным сэнсе ці ня самай доўгай — да вёскі давялося за 15 км ісьці пехатой. Я не наракаю — субота ж, ніводнага аўто на дарозе. Дый дзень выдаўся ўдалы, сонечны — шыбуй сабе на здароўе. Але ў апошнім мясцовыя са мной не пагадзіліся.

Кулеш: “Зь лекамі дрэнна. А цяпер аўтобус на Іўе ў панядзелак ходзіць, і сёньня ня будзе. А паедзь у Іўе ў бальніцу — а яна за 10 км — думай, як дабрацца назад. Старому чалавеку можна і на вуліцы пераначаваць. Хіба гэта ўлада?!”

75-гадовага спадара Чэслава Куляша сустрэў, калі ён выводзіў на выган кабылу. Набліжацца да яе гаспадар не параіў.

Кулеш: “На коніку не зарабляю — у мінулым годзе паўтара месяца ляжаў у бальніцы, бо панесла і нагу зламаў. Сад ёсьць, каровы не трымаю, 30 пэнсіі ці 300 (сьмех ) — таму што ў савецкі час за іх можна набыць, як за 30…”

Зрэшты, першай, каго сустрэў, была 74-гадовая мажная кабета з 3-гадовым Андрусём на руках. Станіслава Баляславаўна Едзь 44 гады адпрацавала паляводам ды даяркай. Жыве ў адной зь невялікіх вёсачак паблізу Суботнікаў. З радасьцю пагадзілася пагутарыць: як жа, калі яшчэ сустрэнеш сьвежага чалавека.


Едзь: “400 пэнсіі толькі. Сьвіней як трымаеш — у мяне 7, карову…”

Карэспандэнт: “У 30-я гады раскулачылі б…”

Едзь (сьмяецца): “Дык 6 дзяцей маю, унук Андрушка — устыдаецца. Каб не скаціна, не хапіла б пэнсіі, бо мяса, малако сваё. Астатнія прадукты буцік прывязе — пэнсіянэру і добра. А маладыя не застаюцца. Мой сын улетку на камбайне 2 мільёны зарабіў, а ўзімку і 200 тысяч няма…”

Карэспандэнт: “А вы чулі, што з Суботнікаў родам Зянон Пазьняк?”

Едзь: “Чуўшы… А можа, гэта вы? (Сьмяецца.) Ня бачыла яго, але хацеў нейкім дэпутатам стаць, але не ўдалося. Як прадсядацель — аднаму добры, другому дрэнны…”

Крочу далей. Ля адзінокай хаціны ўздоўж дарогі заўважаю запэцканага белым пылам чалавека, што нешта паліць на двары. Знаёмлюся з 44-гадовым падвозчыкам кармоў Валерыем Багдановічам. Працуе на фэрме пад тысячу галоў, што за некалькі кілямэтраў. Кажа, што заробак падобны да пэнсіі — 400 тысяч.


Багдановіч: “Слабавата, бо ў 8 рабіць пачынаеш і да 17:00. Летам немагчыма дыхаць — асфальту не хапіла. Асабліва бабкам, што пешшу ідуць да касьцёлу — паўзуць…”

Яшчэ кілямэтра праз паўтара ля адной з хат на лаўцы сядзяць дзьве бабулькі. Побач Суботнікі, і гэта ўжо памежная зона. Падыходжу.

Спадарыні: “Мне 74, а мне 86 — Дубоўская, Казлоўская. (Сьмяюцца.) Родныя прыяжджаюць, дык даведкі бяруць зь сельсавета. Не, дык ловяць-штрафуюць, як убачаць, што ня свой — пад 300 тысяч! Бульбу садзім, сьвіньні маем. Нічога б не было, каб не свая капуста, гурок, бурак. Нешта страшна дорага ўсё стала — асабліва мяса, мука — мяшочак 20 тысяч!”

Кабеты ўзгадваюць і пра свайго земляка Зянона Пазьняка.

Спадарыні: “Чаму ж ня ведалі? Маці працавала сакратаром сельсавета — як прыйдзеш, зробіць, як трэба…”

Карэспандэнт: “А каб прэзыдэнтам стаў, для Суботнікаў лепш было б?”

Спадарыні: “Ай, а хіба Лукашэнка ведае, што тут у Суботніках робяць? Учора хлеб такой цаной быў, заўтра другой. Каго ні стаў, нам усё роўна рабіць. Абы далі нам пэнсію…”

Цёткі Казлоўская ды Дубоўская прапануюць падысьці да ”заможнейшага” тут гаспадара — фэрмэра Івана Пашко. Яму 41. Хата — зусім не шыкоўны катэдж. Трактарок ды сякая-такая тэхніка на падворку. Паведамляе, што ў Суботніках ён — адзін з 4 фэрмэраў.


Пашко: “Бяру сабе ў арэнду ў людзей, якія старыя, зямлю і апрацоўваю — усяго 2 га. Саджу бульбу. Прыяжджае на закупку база гародніны. Каб зь Літвой добрыя адносіны, там даражэй было прадаць.Ураджайнасьць у мяне 200 цэнтнэраў. У прынцыпе, хацеў бы ўзбуйніцца, узяць тэхніку па лізінгу, але немагчыма. Пацягнуў бы 30 га. Трактар у мяне выпуску 82 году. У 90-м каштаваў 2000 даляраў. А цяпер зьдзяруць невядома колькі…”

Ля першай на шляху крамы спыняю на ровары 18-гадовага Юрыя Муліцу. Вучыцца ў Іўі на халадоўшчыка. Вяртацца не зьбіраецца, бо нешматлікія аднагодкі сьпіваюцца, працуючы на 100 тысяч у месяц. А на маё запытаньне, чаму не сустрэў ніводнай машыны цягам трох гадзін, адказаў:

Муліца: “Тут рэдка езьдзяць. Моладзь на горад бяжыць. Ёсьць троху, але тыя, што на 100 тысяч згодныя…”

* * *

Галоўнае, чым ганарацца суботнікаўцы — помнікам архітэктуры нэаготыкі, касьцёлам Сьвятога Ўладзіслава. Яго будавала ўся Эўропа. Граф Уладзіслаў Умястоўскі, які ў 19 стагодзьдзі прафундаваў будоўлю, цэглу для гэтага замовіў у Францыі. Алтар зрабілі варшаўскія майстры, палатно ж у ім — баварскія. А з вышыні птушынага палёту храм нагадвае крыж. Між іншым, тут хрысьцілі і Зянона Пазьняка.

Непадалёк жыве 84-гадовы Сьцяпан Ігнатавіч Мураўёў. Інвалід Другой сусьветнай, двойчы паранены, кантужаны. У Суботніках ён 44 гады. Па яго гасьцінным запрашэньні я й патрапіў у вёску. Дарэчы, за паўвека да гэтага ён працаваў у школе разам з маёй матуляй, якой тут жа перадаў прывітаньне.


Мураўёў: “Абавязкова ёй прывітаньне ад Мураўёва!”

Па прафэсіі суразмоўца — гісторык. Таму выказвае вэрсію паходжаньня мясцовасьці.

Мураўёў: “Раней Суботнікі называліся драўлянымі Геранёнамі. Потым Суботнікі. Вэрсія — была падзея рэлігійнага кшталту ў гэты дзень, якая ўсім спадабалася…”

Год таму ў Суботніках узьнік аграгарадок. Колькасьць насельнікаў — пад 1000 — застаецца нязьменнай.

Мураўёў: “Вельмі шмат прыяжджаюць зь вёсак, што паміраюць — новыя 4 вуліцы будуюць. Зарплаты — ня вельмі. Зьмянілася тое, што ўпарадкавалі вуліцы, паклалі асфальт. Школу адрамантавалі…”

Як і ў кожнага мясцовага, у спадара Мураўёва праблемы з пражываньнем у памежнай зоне.

Мураўёў: “У мяне сын і дачка ў Менску. Кожны год бяру даведку ў сельсавеце. Калі адменяць памежную зону — нядрэнна, таму што многія маюць родных у Літве — у Дзівенішках, Вільні. У нас ёсьць памежны пост. Іх асноўная задача — адсочваць эканамічных дывэрсантаў. Але гучных спраў не было — за роднымі ганяюцца, і ўсё…”

Узгадвае Сьцяпан Ігнатавіч і пра свайго слыннага вучня Зянона Пазьняка.

Мураўёў: “Вучыўся Зянон Пазьняк добра, быў сябрам драматычнага гуртка. Але быў і своеасаблівы. Напрыклад, у 3-й клясе намаляваў сабе вусы, як у польскіх жаўнераў. Кажу: Зянон, памыйся — не. За ручку пад кран вывеў. (Сьмяецца.) Пра Курапаты чытаў — Зянон раскапаў. Ён жа ў Польшчы жыве? Таксама яму прывітаньне!”

Я ўжо ведаў, што перад першымі прэзыдэнцкімі выбарамі намэнклятура ды КДБ арганізавалі антыпазьнякоўскую кампанію, якую мясцовыя апазыцыянэры дагэтуль называюць “шалёнай”. Па ўсёй вёсцы масава былі раскіданы фальшывыя ўлёткі з праграмай нібы тагачаснага лідэра БНФ. Спадар Мураўёў таксама памятае тыя часы.

Мураўёў: “Яго праграмы тут былі. Суботнікі галасавалі за Лукашэнку. Хоць у нас была арганізацыя БНФ. Але ў яго праграме зьдзіўляла тое, што калі прыйдзе да ўлады, ніякіх пэнсіяў ня будзе. І другое — нэгатыўнае стаўленьне да Расеі. І ўсёй вёскай прагаласавалі супраць яго…”

Падыходжу да першага, як цяпер тут кажуць, прэзыдэнцкага доміка. Усяліўся ў яго зь сямействам 41-гадовы трактарыст Аляксандар Яковіч 9 год таму. Кажа, ня дай Божа такога ўсяленьня.


Яковіч: “Дах быў, сьцены. Усё астатняе самі рабілі. Як патрапіць, прыватызаваў бы — на палову ж хаты самі зараблялі. Працую ў саўгасе 24 гады…”

Карэспандэнт: “Ці ў аграгарадку?”

Яковіч: “Яшчэ не прызвычаіліся. Стала лепш — вуліцы асьветленыя. У краме цяпер да 8 робяць, а так у 6 зачынялі. 600—800 зарабляем, а ўзімку 130 — толькі як на газ…”

Вярнуцца назад пашэнціла на “папутцы”. Яна спынілася за кілямэтар ад Суботнікаў. Івейскі краязнаўца прозьвішча папрасіў не называць: маўляў, “патрапіў у гісторыю”.

Міхась: “Ехаў у Суботнікі сфатаграфаваць касьцёл Сьвятога Ўладзіслава. Затрымалі памежнікі, бо не жыву ў гэтай мясцовасьці. Такая дурата! Пры СССР нейкія 3 км — і нікому ты не патрэбны. Празь некалькі км зоны ўжо няма. Паглядзелі — „каб цябе ня бачылі!“ Прыйдзецца ісьці ў райаддзел міліцыі. І самае цікавае — калі такі бяру дазвол, магу езьдзіць па ўсёй зоне. А калі еду да радзіны — толькі ў гэты сельсавет. Гэта савецкая рэзэрвацыя. Робіцца ўсё празь пень-калоду. Заробкі ў людзей малыя. Ехаў да самых Суботнікаў — гравейка. Туды ніхто не прыяжджае — памежжа. Нікому не патрэбныя. Пакуль будзе такім наш прэзыдэнт — ніякіх пэрспэктыў няма…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG