Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя за правы студэнтаў скончылася затрыманьнем


Сёньня ў Міжнародны дзень студэнта ахоўнікі Беларускага тэхнічнага ўнівэрсытэту затрымалі пяць моладзевых актывістаў Партыі БНФ і аднаго фотажурналіста.


Іх адвезьлі ў міліцыю для высьвятленьня асобаў. Праз тры гадзіны ўсіх адпусьцілі. Маладзёны распаўсюджвалі сярод студэнтаў улёткі з тэкстам Дэклярацыі правоў студэнтаў.

Актывісты моладзі БНФ Франк Вячорка, Сяржук Карповіч, Міхась Шпак, непаўналетні Ільля Шчасны, Сяржук Грук і фотакарэспандэнт Ўладзь Грыдзін пакінулі ўпраўленьне ўнутраных спраў Савецкага раёну Менску праз тры гадзіны пасьля затрыманьня.

У 16 гадзінаў сябры моладзі БНФ сабраліся на плошчы Незалежнасьці каля ўваходу ў галоўны корпус Белдзяржунівэрсытэту. Яны мелі пры сабе ўлёткі з тэкстам Дэклярацыі правоў студэнтаў. Яны раздалі некалькі ўлётак студэнтам, якія выйшлі з будынку, але потым, параіўшыся, маладзёны прынялі рашэньне пайсьці ў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт (БНТУ).

Спачатку актывісты пайшлі ў БРСМ БНТУ.

Гаворыць Сяржук Карповіч:

“Яны спачатку былі зьдзіўленыя і не маглі зразумець хто мы такія. Прачыталі тэкст улёткі, запыталіся хто яго напісаў. Калі мы паведамілі, што гэта пісалі студэнты розных беларускіх ВНУ, яны пагадзіліся, што прапановы вельмі добрыя

Мы прапанавалі кіраўніцтву БРСМ далучыцца да нашай акцыі віншаваньня студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту. Яны нам сказалі, што, на жаль, праз паўгадзіны ў іх пачынаецца нейкая канфэрэнцыя і яны ня могуць далучыцца”.

Пасьля візыту ў БРСМ маладзёны накіраваліся ў вучэбны корпус БНТУ. Пасьля таго, як яны раздалі некалькі ўлётак студэнтам, якіх сустрэлі ў калідорах і ў аўдыторыях, ахоўнікі зьвярнулі на іх увагу.

Разам з моладзевымі сябрамі Партыі БНФ затрымалі й фотакарэспандэнта Ўладзю Грыдзіна. Ахоўнікі выклікалі міліцыянтаў і тыя адвезьлі затрыманых ва ўпраўленьне ўнутраных спраў Савецкага раёну.

У міліцыі непаўналетняга Ільлю Шчаснага адразу адпусьцілі. У астатніх міліцыянты высьветлілі пашпартныя зьвесткі і пачалі раіцца з кіраўніцтвам. У выніку ўсіх адпусьцілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG