Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: акцыі ў падтрымку Аляксандра Баразенкі


Аляксандар Баразенка
Аляксандар Баразенка

У Пінску праходзяць вулічныя акцыі і распаўсюджваюць улёткі з інфармацыяй пра Аляксандра Баразенку — свайго земляка, які ўтрымліваецца цяпер у Менску ў СІЗА.


У Пінску ў апошнія дні адбыліся дзьве вулічныя акцыі ў абарону Аляксандра Баразенкі. Цяпер рыхтуюцца наступныя. Пра гэта заяўляе актывіст Руху “За свабоду” Ігар Салавей.

“Будзе, так. Плянуем на днях правесьці яшчэ акцыі. Людзі, якія знаёмяцца з улёткамі, абураюцца, што зноў зьявіліся палітычныя вязьні ў Беларусі. Адзін мужчына сказаў: “Што, турмы ўжо вольныя, то зноў можна людзей арыштоўваць?” І пінскія прадпрымальнікі вельмі добра рэагавалі, казалі, што хлопец і за іх інтарэсы змагаецца”.

Аляксандра Баразенку цяпер абвінавачваюць па крымінальнай справе 14-ці актывістаў “Маладога фронту”, якіх затрымалі 21 студзеня падчас акцыі прадпрымальнікаў у Менску. 13 чалавек былі пакараныя абмежаваньнем волі і штрафамі. Аляксандар Баразенка — апошні ў сьпісе абвінавачаных. Яго арыштавалі нядаўна, 27 кастрычніка, пасьля допыту ў сьледчым камітэце. Да гэтага часу маладзён знаходзіўся на навучаньні ў Польшчы.

Жыхары Пінску знаёмяцца з улёткамі ў абарону Аляксандра Баразенкі
Якія на сёньня весткі з “Валадаркі” ад Аляксандра? Адказ на пытаньне высьвятляю ў гутарцы зь яго бацькам Аляксандрам Міхайлавічам:

“Я быў у мінулы чацьвер у Менску. Наведаў сьледчага, атрымаў дазвол на спатканьне з сынам. Сустрэўся зь ім. Аляксандар быў бадзёры і вясёлы. Трымаецца годна”.

Пра тое, чаму перасьледуюць ягонага сына, Баразенка-старэйшы разважае:

“Калі казаць па шчырасьці, то, пэўна, ні вам, ні мне не даводзіцца гэтаму дзівіцца. Зноў жа відавочныя праявы рэжыму. Цяперашні кіраўнік праз сваю паказушную лібэралізацыю дамогся ляяльнасьці Захаду, а цяпер, як той казаў, зноў можна весьці сваю гульню”.



Аляксандар Баразенка двойчы адбываў арышты: у 2007 годзе — за ўдзел у моладзевай акцыі супраць скасаваньня льготаў, сёлета — за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў. Ад траўня сьледчыя падалі яго ў крымінальны вышук як падазраванага ў “справе 14-ці”.

Аляксандар вучыцца на другім курсе Ўроцлаўскага ўнівэрсытэту па праграме Кастуся Каліноўскага. Ад 28 кастрычніка актывісты дэмакратычнага руху пачалі ладзіць акцыі салідарнасьці з Аляксандрам у розных месцах Менску.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG