Першае пытаньне да Ўладзімера Арлова, натуральна, пра тое, як ён сябе адчувае.
“Радыюс колаў, якія я раблю вакол ложка, робіцца ўсё большы. Я шчыра дзякую за гэта кардыяхірургу Алегу Паланецкаму. Я ўжо магу падняць ня толькі газэты, якія мне прынесьлі, а гэта “Наша ніва”, “Народная воля”, “Новы час” і “Наша слова”, а магу падняць і апошні нумар часопісу “ARCHE”, у якім тысяча сто старонак”.
Карэспандэнтка: “Адчуваецца, што тут іншая прастора, альбо тут ёсьць прыкметы таго, што тут менавіта беларускі шпіталь?”
Я ўжо магу падняць ня толькі газэты, якія мне прынесьлі, а магу падняць і апошні нумар часопісу “ARCHE”, у якім тысяча сто старонак”
Тое, што тут Беларусь, адчуваецца ў тым, што на ўпакоўцы зь пігулкамі нітрагліцэрыну тэкст па-беларуску. Праўда, у гэтым заслуга не беларускіх, а ўкраінскіх вытворцаў.
На суседнім ложку са мной ляжыць манах Жыровіцкага манастыру брат Ільля, добра знаёмы з братам Мікалаем, якога ў сьвеце ведалі як Алега Бембеля, або паэта Зьніча”.
Карэспандэнтка: “У вас там творчая атмасфэра”.
Арлоў: “Нешта ствараць я спрабую ў гэтай атмасфэры”.
Карэспандэнтка: “І што ж атрымліваецца”?
Арлоў: “Пакуль што напісаўся адзін верш і невялічкая паэмка. Вось, калі хочаце, я яе прачытаю.
кропельніца –
вясёлая клепсыдра
з срэбнымі бурбалкамі
ня факт
што іх пускаеш ня ты
хвіліну таму
табе не дазвалялі нічога
нават не казалі
выніку ўчарашняга футболу
раптам
дазволена амаль усё
нашы прадулі 0:2
сам ідзеш у WC
звоніш з мабільніка
напэўна ты
рэзка ачуняў
дынаміка адмоўная
пацьвярджае доктар
аўтограф у блянку
пра згоду на апэрацыю
мае неблагі шанец
стаць апошнім
цэлыя 10 хвілінаў
пасьпець напісаць
верш?
ліст?
запавет?
рэанімацыя –
не натарыяльная кантора
мроя
Полацак
возера Люхава
Прага
мора пад Барсэлёнай
некалькі выспаў
Брытанская
Асьвейская
паром празь Ля-Манш
паром
гаварыць зручней
калі бачыш суразмоўцу
дыялёг просты
як у Ёнэска
не спыняйся
сэрца на маніторы
сутаргава ківае...”
Карэспандэнтка: “Чаго хочацца, як толькі?.."
Арлоў: “Як толькі выйду, хочацца згуляць у тэніс”.
Карэспандэнтка: “У настольны?.."
Ад Полацку сапраўды пачаўся некалі сьвет для мяне. Ну а другі раз сьвет для мяне пачаўся ў Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі
Карэспандэнтка: “Людзі пытаюцца: “Як там наш пісьменьнік Уладзімер Арлоў?" Ці даюць вам магчымасьць спакойна паляжаць?"
Арлоў: “Хачу выказаць падзяку ўсім, хто імкнецца мяне наведаць, усім, хто патэлефанаваў мне, даслаў смску. Сёньня вось атрымаў паштоўку ад вучаніцы 7 клясы сярэдняй школы № 218 Менску Лізы Сямёнавай. Яна мне зычыць хутчэй ачуняць і піша, што чытае маю кніжку “Ад Полацку пачаўся сьвет”. Дзякуй, табе, Ліза. Ад Полацку сапраўды пачаўся некалі сьвет для мяне. Ну а другі раз сьвет для мяне пачаўся ў Рэспубліканскім цэнтры кардыялёгіі”.
Мэдыкі паведамілі, што працэс рэабілітацыі зойме тры тыдні. Увесь гэты час Уладзімер Арлоў будзе знаходзіцца ў шпіталі.